Дар’я НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
Больш за дзесяць гадоў Васіль Альшанец (на здымку) жыве і працуе на жабінкаўскай зямлі, якая стала для яго другой радзімай. Пасля атрымання адукацыі ён маладым спецыялістам у 2005-м далучыўся да дружнага калектыву “Вазнясенскага”. За свае старанні, адказнасць, добрую работу Васіль Пятровіч сёлета быў занесены на Галерэю працоўнай славы раёна.
Любіць зямлю і шчыра працаваць на ёй Васіля навучылі бацькі. Пётр Васільевіч і Валянціна Якаўлеўна рупіліся ў калгасе на роднай Століншчыне. Улетку побач з імі ў сельгаспрадпрыемстве працаваў і сын, там жа ён праходзіў практыку пад час вучобы ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
– Доўга не вагаўся з выбарам – з дзяцінства быў прывучаны да працы, браў прыклад з бацькоў, – успамінае Васіль Пятровіч. – Пасля вучобы вярнуўся на радзіму ў вёску Цераблічы, што на Століншчыне, але, відаць, лёсам было наканавана пачаць працоўную дзейнасць у іншым месцы. Так я апынуўся на жабінкаўскай зямлі.
Працоўныя будні маладога інжынера-механіка пачаліся ў СВК “Вазнясенскі”. Спачатку яму прапанавалі пасаду аўтамеханіка, пасля – загадчыка рамонтных майстэрняў. Зараз Васіль Пятровіч з’яўляецца галоўным інжынерам гаспадаркі. Ён адказна ставіцца да кожнай работы, ужо сам можа быць добрым настаўнікам для моладзі, якая папаўняе калектыў сельгаспрадпрыемства.
З 2007-га Васіль Альшанец штогод прымае ўдзел ва ўборачнай кампаніі. Шчыраваць на камбайне апошнія дзевяць гадоў яму дапамагае Мікалай Стоцік. Амаль кожнае жніво іх зладжаны экіпаж дасягае высокіх паказчыкаў і работнікі атрымліваюць ганаровае званне “тысячнікі”.
Ганарыцца Васілём Пятровічам не толькі гаспадарка, але і яго сям’я. На Жабінкаўшчыне ён сустрэў сваё каханне. У наступным годзе з жонкай Таццянай яны адзначаць ружовае вяселле – 10 гадоў сумеснага жыцця. У сям’і выхоўваюць дваіх дзетак. Дачушка Марына добра вучыцца і асвойвае цымбалы, яна першая маміна памочніца. Тату ж ва ўсім дапамагае васьмігадовы Ваня, які захапляецца футболам. Свой вольны час гаспадар прысвячае зараз будоўлі дома, вельмі патрэбнага дружнай сям’і. За кожную справу ён бярэцца з ахвотай, таму і работа ладзіцца ў яго руках. Сакрэт вельмі просты: шчырая праца – прызнанне ў любові да сваёй зямлі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%