ФотавыставаСвяткаванне 200-х угодкаў Жабінкі засведчыла: нашы землякі вельмі цікавяцца мінулым. Дастаткова было паназіраць за тымі, хто падыходзіў да дзіцячай бібліятэкі, дзе дэманстраваліся фотаздымкі ранейшых часоў. Людзі разглядалі і спрабавалі пазнаць мясціны, адлюстраваныя на старых картках, дзівіліся таму, як было раней і як цяпер усё сталася. Рэтра заўсёды ў трэндзе і модзе! Таму тэма сённяшняга “Радаводу” – Жабінка ды яе ваколіцы 100-110 гадоў таму.

Хвілінку – пра час

У ЗГАДАНЫЯ ГАДЫ жабінкаўцы жылі адначасова нібыта ў розных вымярэннях.
Тыя, хто працаваў на чыгунцы, карысталіся санктпецярбургскім часам. Гэта рабілася чыста па тэхнічных прычынах: расклад руху цягнікоў па станцыі Жабінка-Аляксандраўская, як і паўсюдна ў дзяржаве, складаўся згодна з часам, прынятым у тагачаснай сталіцы Расійскай імперыі. Тым больш, што нават кіраўніцтва Маскоўска-Брэсцкай і Жабінска-Пінскай чыгунак месцілася ў горадзе на Няве.
Астатняе насельніцтва мястэчка Жабінка, найперш сяляне і рамеснікі, непасрэдна не звязаныя з чыгункай, часцей арыентаваліся на мясцовы, берасцейскі час. Хада гадзіннікаў у Брэсце, Піцеры ды іншых мясцінах імперыі адрознівалася, прычым даволі істотна. Так, калі ў сталіцы наступаў поўдзень, у Варшаве (якая таксама знаходзілася ў складзе Расіі) было толькі 11 гадзін і 22 хвіліны, у Брэст-Літоўску, адпаведна, – 11.33, а ў Маскве –
12 гадзін 29 хвілін.
Аднак большасць насельнікаў тэрыторыі сучаснага Жабінкаўскага раёна ўвогуле амаль не зважала на час, што вымяраўся механічнымі хранометрамі. Бо жыла, як ад дзядоў спрадвеку павялося, “па сонейку”. Яно спраўна будзіла зранку, запрашаючы на працу, а ўвечары клікала земляроба да адпачынку лепей за самыя мудрагелістыя ходзікі і куранты.

Якія прозвішчы былі найбольш распаўсюджаныя?

Удакладнім адразу: размова пойдзе толькі пра пасёлак Жабінка (а мімаходзь нагадаем: побач існавалі яшчэ аднайменныя станцыя, сяліба, хутар ды карчма).
Згодна са “Спісам асобаў, што пасяліліся ў пасёлку Жабінка на асабістай, надзельнай і купленай зямлі”, складзеным у сакавіку 1898 года кобрынскім паліцэйскім спраўнікам Францам Рынейскім, самымі распаўсюджанымі прозвішчамі сярод жабінкаўцаў былі Кірылюк, Грыцук і Дзмітрук (кожнае насілі па тры сям’і). Акрамя таго, у Жабінцы пражывалі носьбіты прозвішчаў Варабей, Воўк, Пелех, Новік, Глебік, Клімук, Саўчук, Хвалько, Лысюк, Максімук ды іншыя.
Не трэба забывацца, што ў пасёлку жылі і 15 жыдоўскіх сем’яў. Сярод іх найбольшай “папулярнасцю” карысталася прозвішча Ладыцкія, якое насілі тры сям’і.
У 1907 годзе становішча крыху змянілася. На гэты час самымі распаўсюджанымі ў пасёлку Жабінка сталі Якубукі, Кірылюкі і Кавальчукі. Побач з імі жылі Вайцюкі, Якімукі, Самайлюкі, Васілеўскія ды іншыя, чые спадчыннікі па праву могуць называць сябе атожылкамі самых першых жабінкаўцаў, якія пабудаваліся паблізу чыгункі.

Прамысловасць краю

ПА-САПРАЎДНАМУ ЗНАЧНАЙ была Булькоўская вінакурня, што належала памешчыцы Эбе Энгельгарт. За год прадпрыемства прынесла ўладальніцы звыш 11 тысяч рублёў прыбытку. Для параўнання: астатнія 70 невялічкіх заводаў, якія існавалі на Жабінкаўшчыне, давалі сваім гаспадарам мізерны прыбытак – каля 13 рублёў штогод. Усяго на заводах працаваў 81 рабочы.
З пачаткам Першай сусветнай вайны абанкруціліся 14 вытворчасцяў. Аднак на тых прадпрыемствах, што здолелі выжыць, назіралася шпаркае развіццё. У першую чаргу гэта тычылася Булькоўскай вінакурні Ганецкіх, спіртзавода ў Ацячызне Бельскіх, цагельні ў Сычове Выганоўскіх і Жабінкаўскай лесапільні, якая знаходзілася ў валоданні Галубчыка. Але самы неверагодны ўздым назіраўся на крухмальным заводзе Карла Пржыборы ў Вялікіх Сяхновічах, дзе працавалі дзевяць наёмных рабочых. 3 прыбыткам у 16 тысяч рублёў штогод Сяхновіцкі крухмальны завод упэўнена выйшаў на першае месца сярод прадпрыемстваў Жабінкаўшчыны.
Непасрэдна пры пасёлку Жабінка першыя прамысловыя прадпрыемствы ўзніклі ў 90-я гады XIX стагоддзя. У 1899-м працавалі мукамольныя заводы Пелеха і Цаля, што прыносіла прыбытак 35 рублёў штогод. У гэты перыяд у пасёлку пачалі ўжо паспяхова дзейнічаць мукамольні Уладзіслава Непакойчыцкага і Лейбы Грудзінскага.
14 студзеня 1903 года губернскае начальства дазволіла селяніну Севасцьяну Аўсяніку пабудаваць паравы млын на станцыі Жабінка. Да 1908 года побач узнікла згаданая ўжо лесапільня Галубчыка. У 1914 годзе на ёй працавалі шэсць рабочых, прыбытак складаў 1700 рублёў. Існавала таксама суконная майстэрня. Агульны прыбытак ад жабінкаўскіх мукамольных заводаў Глебіка і Царкаўніцкага да пачатку Першай сусветнай вайны складаў 105 рублёў.
Гэтак адбывалася паступовае развіццё краю, якое, як бывала ў гісторыі ўжо не раз, улетку
1914-га перарвала ваенная ліхалецце.

Пра кірмашы ў Жабінцы

ШТОГОД У КАСТРЫЧНІКУ ў райцэнтры праводзяцца Пакроўскія кірмашы. Гэтай традыцыі ўжо амаль 110 гадоў.
Яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя (дзеля збыту коней, кароў, вырабаў сельскай гаспадаркі і задавальнення попыту жыхароў пасёлка ды бліжэйшых вёсак) кожная нядзеля лічылася базарным днём. Аднак гэта не задавальняла жабінкаўцаў, якія вясной 1908 года хадайнічалі перад кіраўніцтвам губерні пра адкрыццё ў мястэчку ў кожны 15 дзень месяца кірмашоў, сапраўдным “вянцом” сярод якіх павінен быў стаць Пакроўскі.
Пытанне было разгледжана, і ў кастрычніку 1908 года тройчы на старонках “Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў” з’явілася абвестка наступнага зместу: “Журнальнай пастановай Гродзенскага губернскага праўлення, што адбылася 6 кастрычніка, дазволена адкрыць у пасёлку Жабінка Кобрынскага павета кірмашы”.
На іх патрэбы ўласнік маёнтка Мышчыцы Фларыян Непакойчыцкі згадзіўся адвесці два ўчасткі паблізу чыгункі. Пакуль адзін з іх засяваўся збожжам, другім карысталіся для правядзення кірмашоў. Каб захаваць севазварот, праз два гады надзелы мяняліся. Гэтыя ўчасткі адзін ад другога аддзялялі Янава-Хведкавіцкая і Камянец-Літоўская шашэйных дарогі (сёння – вуліцы Шашэйная і Кірава) ды памешчыцкая зямля (на якой зараз стаіць помнік савецкім воінам і партызанам, загінулым у Вялікую Айчынную вайну).
Тэрыторыя, выдзеленая ў Жабінцы пад гандаль, некалькі разоў мянялася. Так, пад час польскага ўладарання ў 20-я – 30-я гады ХХ стагоддзя вялікія базары ладзіліся на месцы сённяшняга райвыканкама, дзе тады была галоўная местачковая плошча. А сёння месца традыцыйных восеньскіх Пакроўскіх кірмашоў – плошча каля гарадскога Дома культуры. Менавіта яна стала цэнтрам правядзення абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі”, што праходзіў у Жабінцы 13–14 кастрычніка 2007 года.

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA“Куплю карову. Тэрмінова”

АБ’ЯВЫ ПАДОБНАГА ЗМЕСТУ і зараз не рэдкасць на старонках “Сельскай праўды”. Попыт на рагуляў сто год таму быў яшчэ большы. Каб набыць рагаты “малаказавод”, патрабавалася спачатку купіць газету. Раёнкі, вядома, яшчэ не існавала, таму звярталіся да прэсы павятовай ці нават губернскай.
Аднак, зразумела, усе рублёвыя выкладкі, пра якія вялася гаворка вышэй, нічога не гавораць сучаснаму чытачу, які наўрад ці арыентуецца ў грашовай палітыцы тых часоў. Між тым, цэны на скаціну, якая лічылася вялікім багаццем, рэгулярна публікаваліся ў тагачасных статыстычных зборніках. Кошты свойскай жывёлы істотна вагаліся ў залежнасці ад сезона. Так, у 1914 годзе дойную карову лепей было купляць восенню, калі яна каштавала ўсяго 53 рублі, бо вясной давялося б выкласці ўжо 85 цалковых. Выязны конь увосень каштаваў 143 рублі, а вясной і летам –
184-186. А вось пра набыццё рабочага каня лепш было паклапаціцца ўзімку, калі цана падала да 68 рублёў, бо ў час пасеву і жніва каняга-працаўнік каштаваў ужо амаль у два разы даражэй.
Такім чынам, каб прыдбаць карову, патрабавалася сэканоміць дзве сярэднія зарплаты, а на каня – чатыры з паловаю.

Куды жабінкаўцы  хадзілі па кефір?

ПРА КАРЫСЦЬ гэтага кісламалочнага напою ведаюць многія, але ніхто нават не падумае сёння папрасіць пакецік кефіру ў… правізара ці фармацэўта. Гэта, бадай, будзе расцэнена як жарт або дзівацтва. А вось сто гадоў назад усё было інакш.
Лекавыя якасці кефіру заснаваны на бактэрыцыднасці малочнакіслых мікраарганізмаў і вынікаў іх жыццядзейнасці ў адносінах да ўзбуджальнікаў некаторых страўнікава-кішэчных захворванняў і страшэннай да сярэдзіны мінулага веку хваробы – сухотаў. Таму тагачасныя ўрачы ахвотна прапагандавалі кефір і выпісвалі хворым рэцэпты на гэты лекавы напой. Дарэчы, тагачасныя аптэкарскія квіткі і па форме, і па змесце былі мала падобныя на сённяшнія.
Да нашых дзён захаваўся адзін такі рэцэпт, выпісаны 22 лютага 1912 года лекарам Шарашэўскім. Хвораму, каб вярнуць здароўе, прадпісвалася прымаць па 25 кропель нейкіх лекаў. Квіток належаў Жабінскай аптэцы Яна Балбашэўскага. На ім на дзвюх мовах (рускай і польскай) паведамлялася, што гэтая ўстанова гандлюе “мінеральнымі і газавымі водамі, кефірам”, маюцца ў наяўнасці таксама “спецыфічныя сродкі і перавязачны матэрыял”.

110 гадоў банкаўскай справе

СУПРАЦОЎНІКІ БАНКАЎСКАЙ СФЕРЫ ў Жабінцы сёлета могуць на поўнай падставе святкаваць свае 110-я ўгодкі.
Першы банк, адкрыты ў мястэчку, называўся Жабінскім пазыка-ашчадным таварыствам. Дазвол на яго дзейнасць быў атрыманы пасля афіцыйнага паведамлення ў “Гродзенскіх губернскіх ведамасцях” ад 16(29) лістапада 1907 года. Фактычна таварыства распачало сваю практычную дзейнасць з пачатку наступнага года.
Перад гэтым у Жабінку спецыяльна наведаліся, каб растлумачыць правілы дзейнасці падобных крэдытных устаноў, інспектар Уладзімір Фёдараў і памешчык Банькоўскі, прычым апошні зрабіў гэта, як было запісана ў пратаколе пасяджэння, “даволі паспяхова на беларускай мове”. На пасяджэнні прысутнічалі 47 асобаў. Першым старшынёй праўлення быў абраны ўласнік Ацячызны Эдвард Бельскі, пазней старшынствавалі Фларыян Непакойчыцкі з Мышчыцаў і Уладзіслаў Вяроўкін-Шалюта з Сакаў.
Хоць кіравалі ўстановай дваране, але сярод тых, хто быў зацікаўлены ў дзейнасці гэтага першага таварысцкага банка, пераважалі сяляне, а таксама прадпрымальнікі і прамыслоўцы. Выключэнне было зроблена толькі прадстаўнікам яўрэйскай суполкі, якія ў склад таварыства са сваімі капіталамі не дапускаліся.
На здымках: жабінкаўцы каля фотастэнда з рэтраздымкамі ў дзень 200-годдзя роднага горада; Жабінка дажыначная: 2007 года.

Старонку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.