В подъезде «выросли» березки

В подъезде «выросли» березки

Як толькі адчыніла дзверы ў пад’езд, ашаломлена спынілася. І было чаму здзівіцца. Вось дзе сапраўдны ўзорны парадак! Ды не проста парадак, што перш-наперш асэнсоўваецца з чысцінёй падлогі і сцен, вольных ад пахабных і любоўных надпісаў. Тут па-мастацку з густам аформлены ўвесь інтэр’ер (ну, прама язык не паварочваецца сказаць) лесвічнай клеткі. Сакаўныя, яркія фарбы аж пераліваюцца на сонцы, якое праз невялікія вокны трапляе сюды. Рознакаляровыя палосачкі на ступеньках роўненька, нібыта дыванок, цягнуцца ўверх, на кожнай пляцоўцы — вялікі ўзор мазаічнай кветкі. Каб занадта шаблонна не выглядала пафарбаваная ў блакітны колер панель, па ёй удала зроблены беленькі трафарэт. А вадасцёкавая труба наогул ператварылася ў бярозку! Прама скажу, такой фантазіі можна пазайздросціць.
Хатняй утульнасці дабаўляюць фіранкі, няхай сабе і просценькія, і разнастайныя вазоны на кожным паверсе, што бачна, клапатліва даглядаюцца.
… Усё абуладкавана не ў нейкім там элітным доме. Жыхары яго звычайныя жабінкаўцы. Назаву і адрас: вуліца Цітова, дом 11 ,чацвёрты пад’езд.
Кожны год на свяце цукразаводскага мікрараёна гэты пад’езд вызначаўся сярод лепшых. І грашовую прэмію жыхарам яго давалі. Як ашчадныя гаспадары вырашылі яны за два апошнія гады не расходаваць “прэміяльныя”, а скарыстаць на добрую справу — паднавіць пад’езд, каб быў ён яшчэ прыгажэйшым. Грошы даверылі ў надзейныя рукі А.Г.Вараб’ёвай, і калі надышоў час рамонту, давялося толькі нязначную колькасць іх падсабраць.
— Калі прыехала да нас начальнік участка жылфонду ЖКГ Наталля Уладзіміраўна Масалова, — расказвае Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва, якая ўзяла на сябе ўсе арганізацыйныя моманты, звязаныя з рамонтам, — заўважыла, што ў пад’ездзе і так усё добра, навошта тут рамонт, вы, маўляў, не бачылі, напэўна, што ў іншых робіцца. Але разам з суседзямі ўдалося пераканаць яе, што і надалей не намераны здаваць пазіцыі лепшага пад’езда, таму без рамонту нам аніяк нельга. Тым больш, грошы сабралі. Словам, выдзелілі ў ЖКГ брыгаду маляроў-тынкоўшчыкаў, якія хутка і пафарбавалі, і пабялілі. Удзячныя мы ім засталіся за старанную работу. А што датычыцца “размалёўвання”, дык за гэта ўжо самі ўзяліся. Праўда, звярнулася па дызайнерскую дапамогу да калегі Ірыны Анатольеўны Бялавенцавай, у якой добры мастацкі густ. Свет, як кажуць, не без добрых людзей.
Сёлета будзе 13 гадоў, як быў заселены гэты дом у мікрараёне цукровага завода. Чацвёрты пад’езд зажыў дружна. Дагэтуль памятаюць, як рыхтаваліся да першага вяселля. Зоя Пятроўна і Мікалай Андрэевіч Кузьмічы аддавалі замуж дачку Алену. Вось ужо за гэты час пасталелі жыхары, кожная сям’я ўнукамі абзавялася (16 іх пакуль што). Аднак, калі нешта патрэбна зрабіць, па-ранейшаму па-суседску разам збіраюцца. Як, напрыклад, з рамонтам, з уборкай прыдамавой тэрыторыі. А яшчэ задумалі ўваход у пад’езд пліткай выкласці, каб зручней было хадзіць. Купілі плітку. Добра, што жыве ў пад’ездзе Сяргей Іванавіч Шпілько. Майстар на ўсе рукі, як лічаць тут, да любой работы здатны. Цяпер можна і пахваліцца: “У нас і ўваход у пад’езд гожы. Самі пастараліся”.
І за чысцінёй сочаць усе разам. Не ўбачыш ні кінутага акурка, ні паперкі. Ніхто на лесвічнай пляцоўцы не курыць. Дзяцей да парадку прывучалі, каб не насмечвалі, цяпер унукаў так вучаць.
… Са шкадаваннем пакідаю гэты ўзорны пад’езд. Чаму я тут не жыву?! Зараз прыйду і адчыню дзверы ў свой: абадраныя шэрыя сцены, там-сям акуркі, закопчаныя ад пылу, вокны і адразу б’е ў нос смурод тытунёвага дыму. Хутчэй у кватэру!
На жаль, такіх пад’ездаў як мой большасць. І вінаватыя ў гэтым мы самі, жыхары.
С.МІКАЛАЕВА.
На здымках: Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва любуецца сваім пад’ездам; Зоя Пятроўна Кузьміч палівае вазоны; так выглядае адна з пляцовак у гэтым пад’ездзе.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top