Здароўе старасельцаў у надзейных руках

IMG_3778

Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.
Усе мы добра разумеем важнасць здароўя ў жыцці чалавека. Нездарма ў кожным горадзе абавязкова ёсць паліклініка ці бальніца, а часам і тое, і другое. А вось у вёсках на дапамогу мясцовым жыхарам прыходзяць работнікі фельчарска-акушэрскага пункта. Пра тое, якое значэнне мае медыцына на сяле, расказала загадчык Старасельскага ФАПа Аксана Максімук (на здымку), якая па выніках работы за мінулы год занесена на Галерэю працоўнай славы раёна.
Размаўляеш з Аксанай Уладзіміраўнай і адразу ра-зумееш, што чалавек на сваім месцы! Менавіта такім мы хочам бачыць медыцынскага работніка: зычлівым, шчырым, неабыякавым да нашых праблем. Аднак жанчына трапіла ў прафесію выпадкова. У юнацтве яна захаплялася музыкай і хацела звязаць жыццё з мастацтвам. Пасля нядоўгіх роздумаў дзяўчына з’ехала з роднай вёскі Падкраічы Бярозаўскага раёна ў далёкі Магілёў, каб стаць настаўніцай музыкі пачатковых класаў. Але навучанне не скончыла і вярнулася дадому. “Я ніколі аб гэтым не шкадавала”, – прызнаецца Аксана Уладзіміраўна. Пазней маці параіла дачцэ паступіць у Брэсцкае медыцынскае вучылішча на аддзяленне лекарскай справы. “Яшчэ ў дзяцінстве я назірала, як у нас у вёсцы працуе фельчар. Мне падабалася гэта прафесія”, – расказвае суразмоўніца. Аднак спачатку выпускніцы вучылішча давялося працаваць санітаркай у аперацыйным блоку ў Бярозе. Для дзяўчыны гэта быў хоць і цяжкі, але каштоўны вопыт. “Тады мне здавалася, што я ўжо магу праводзіць аперацыі”, – смяецца Аксана Уладзіміраўна.
У вёску Старое Сяло Аксана Максімук трапіла па размеркаванні: “1 красавіка 1992 года мяне высадзілі каля будынка Старасельскага фельчарска-акушэрскага пункта і пакінулі”, – успамінае жанчына. Маладая спецыялістка пачала кватараваць у мясцовых жыхароў – Мікалая і Валянціны Галавачукоў. “Яны прынялі мяне як бацькі! Мне пашчасціла!” – расказвае Аксана Уладзіміраўна.
З таго часу, ужо чвэрць веку, Аксана Максімук жыве і працуе ў Старым Сяле. Выйшла замуж, нарадзіла сына. Вёска стала для жанчыны родным домам. Фельчар ведае ўсіх жыхароў Старога Сяла і, што самае галоўнае, усе іх праблемы.
Праца ў фельчарска-акушэрскім пункце пачынаецца з раніцы. Афіцыйна – з 9.00, але на выклік фельчар прыязджае ў любы час. Да абеду – прыём мясцовых жыхароў на ўчастку. Дарэчы, лета – гарачая ва ўсіх сэнсах пара для Аксаны Уладзіміраўны. У Старое Сяло прыязджаюць дачнікі з Брэста, Кобрына, Жабінкі. І калі камусьці робіцца дрэнна (а такое часта здараецца ў спякотнае надвор’е), фельчар спяшаецца на дапамогу.
Пасля абеду Аксана Максімук наведвае хворых дома, а таксама заглядвае да цяжарных жанчын і немаўлят. У Старым Сяле сёння сямёра дзяцей да года, якім, безумоўна, патрабуецца асаблівая ўвага.
Праца ў Старасельскім фельчарска-акушэрскім пункце наладжана выдатна. У прасторным будынку ёсць утульная прыёмная, некалькі кабінетаў, аптэчны пакой. Аксане Уладзіміраўне дапамагае санітарка Анастасія Шэйда. Пры ФАПе ёсць машына, а таму патрэбныя лякарствы заўсёды даступныя. У Старое Сяло прыязджаюць і право-дзяць прыёмы тэрапеўт Генадзь Якубоўскі, педыятр Святлана Дзеружкова, акушэр Марыя Яшчук. Адзінае, на месцы нельга здаць аналізы ці зрабіць флюараграфію, таму людзей даводзіцца накіроўваць у іншыя ўстановы аховы здароўя.
Аксана Уладзіміраўна за 25 гадоў працы не прапусціла ніводнага выкліку. Жанчына прызнаецца, што часам ёй даводзіцца не толькі лячыць, але і аказваць сваім пацыентам псіхалагічную падтрымку. У вёсцы, дзе побач няма паліклінік і бальніц, фельчарска-акушэрскі пункт неабходны. Людзям трэба ведаць, што, калі здарыцца бяда, нехта абавязкова прыйдзе на дапамогу. Бывае, едзе Аксана Уладзіміраўна на выклік да пажылой жанчыны. Толькі заходзіць у хату, а пацыентка ўжо з палёгкай прамаўляе: “Усё, жыць буду!” На пытанне, ці складана быць фельчарам у вёсцы, Аксана Уладзіміраўна толькі сціпла адказвае: “Мне падабаецца працаваць з людзьмі і слухаць іх”. Безумоўна, з дабрынёй і чалавекалюбствам Аксаны Максімук здароўе жыхароў і гасцей Старога Сяла ў надзейных руках!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.