Як над Алізаравым Ставам спевы ліліся

2 1 5 3 4
Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Свята вёскі, свята роднага, мілага куточка сустрэлі жыхары Алізарава Става. Сёлета паселішчу споўнілася 440 гадоў. Урачыстасць сабрала ў вёсцы шматлікіх гасцей і артыстаў, напоўніла яе вясёлым гоманам і смехам.
З дарогі госці маглі падсілкавацца ў “Крайняй хаце”, дзе, як кажуць, і шкварка, і чарка. Тут не толькі накормяць, але і падораць добры настрой на ўвесь дзень. Побач з ёй размясцілася выстава мясцовай рукадзельніцы Людмілы Іскрыцкай. Госці маглі ўбачыць разнастайныя вырабы з бісеру: каралеву кветак ружу, быццам жывыя красачкі ў гаршках і нават у вялікіх плеценых карзінах. Радавалі вока вышытыя гаспадыняй ручнікі і падушкі, якія здаўна з’яўляліся галоўным упрыгажэннем кожнай сялянскай хаты і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк павіншаваў усіх са святам і нагадаў, што калісьці ў гістарычных звестках вёска ўзгадвалася як каралеўская. “Паселішча, сапраўды, знаходзіцца ў адным з самых прыгожых куточкаў Жабінкаўшчыны, але галоўны скарб – гэта шчырыя і працавітыя людзі, якія тут жывуць, – заўважыў Анатоль Вітальевіч. – Многія з іх зрабілі на гэтай зямлі першыя крокі, сустрэлі сваё каханне, нарадзілі дзяцей, таму з асаблівымі пачуццямі сустракаюць свята родных мясцін. Гэта таксама важны дзень і для маладога пакалення, якому патрэбна захаваць традыцыі продкаў, шанаваць вёсачку і рабіць усё магчымае для яе росквіту”.
З цёплымі словамі і пажаданнямі звярнуўся да прысутных і старшыня Сцяпанкаўскага сельвыканкама Мікалай Ягорчанкаў. Ён адзначыў, што будучыня сяла залежыць ад спраў яго жыхароў, а таксама падзякаваў за спонсарскую дапамогу кіраўніку фермерскай гаспадаркі “Бярозка” Сяргею Кузняцу.
Ад імя ўсяго насельніцтва Алізарава Става хлебам-соллю вітала шаноўных гасцей Валянціна Саўчук, якая сама прымала віншаванні. Сёлета з мужам Георгіем яны сустрэлі сапфіравае вяселле – ужо 45 гадоў дзеляць на дваіх усе радасці і нягоды.
Падарункі ў святочны дзень прымалі таксама Міхаіл Кузнец і Варвара Каўрыгіна. Міхаіл Рыгоравіч самы старэйшы і мудры жыхар вёскі – 10 жніўня яму споўнілася 87 гадоў. Разам з матуляй за вялікім плюшавым падарункам адправілася на імправізаваную сцэну Варварачка – самая маленькая алізараўка.
Пад час свята былі названы сем’і, якія асаблівую ўвагу надаюць добраўпарадкаванню сваіх падворкаў, тым самым робяць прыгажэйшымі вуліцы вёскі. За свае старанні былі ўзнагароджаны Валерый і Галіна Ганчукі, Іван і Любоў Сахарчукі, Дзмітрый і Людміла Іскрыцкія. Да таго ж, Ганчукі ў святочны для вёскі дзень адзначылі 28 гадоў сумеснага жыцця.
Насычанай атрымалася і канцэртная праграма. Вядучыя свята Ірына Самасюк і Вячаслаў Фядотаў запрашалі на сцэну Валерыя Няменьшага, Наталлю Сяргееву, юных артыстаў. Забаўлялі гасцей гумарыстычныя сцэнкі, разынкай якіх стаў незвычайны модны паказ “Прыгажосць – страшная сіла”. Жартаўлівы дызайн кожнай прадстаўленай мадэлі быў створаны спецыяльна для вясковай мясцовасці і меў пэўную асаблівасць. Напрыклад, ролю жаночай сумачкі выконвала звычайнае вядро, якое лёгка ператваралася ў парасон ці зэдлік.
Музычныя падарункі падрыхтавалі таксама калектыў “Вяснянка” Арэпіцкага сельскага клуба і міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа!” Крыўлянскага сельскага Дома культуры. З першых слоў прысутныя сталі падпяваць:
Вёсачка мая, мая чараўніца,
Ты мая любоў, мая балаўніца.
Вёсачка мая, ты мая старонка,
Песня пра цябе льецца звонка…
І ліліся гучныя спевы пра родныя, дарагія сэрцу мясціны да самага вечара.
На здымках: Алізараву Ставу – 440 гадоў.

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Это был самый лучший день! Там было очень весело! Девочки которые танцевали мне очень понравились.На этот торжественный праздник день деревни Олизаров Став, приехали участники Степанковского Дома культуры. Хорошо выступили!

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*