11 верасня 1942 года – трагічны дзень у гісторыі Жабінкаўшчыны і ўсёй Беларусі. Гэтая дата – гучнае папярэджванне: попел нявінных ахвяр дасюль грукаецца ў нашыя сэрцы. Ва ўсе часы захаванне памяці пра драмлёўцаў заставалася агульнанароднай справай. Такім яно павінна быць і сёння, напярэдадні 75-годдзя журботнай даты.
КАБ НЕ БЫЛО народнай памяці, мемарыял “Драмлёва” – гэтая памятка вялікай бяды – мог бы не ўзнікнуць.
Якія карціны назіраліся на месцы “вогненнай вёскі” пасля трагедыі? Нават у пачатку 1967 года (праз чвэрць стагоддзя пасля страшнай падзеі!) было так: “На гэтым месцы яшчэ валяюцца абгарэлыя цагліны і пакарэжаныя агнём рэшткі прадметаў хатняга ўжытку. Такое забыццё памяці ахвяр фашызму недаравальнае. Тут павінен узняцца абеліск, які б назаўсёды ўвекавечыў памяць тых, хто аддаў сваё жыццё за Радзіму”. Гэтыя словы, надрукаваныя ў “Сельскай праўдзе”, былі пачуты, і ўжо праз паўгода на месцы аднаго з хлявоў, дзе гарэлі драмлёўцы, намаганнямі неабыякавых людзей быў насыпаны курган, на вяршыні якога паўстаў валун з памятным надпісам, выбітым калгасным кавалём Андрэем Патуравым. Штогод пачалі ладзіцца мітынгі-рэквіемы.
Працягам высакароднай справы стаў той летні дзень 1969 года, калі зямля, узятая з драмлёўскага папялішча, была адвезена ў Хатынь і заняла месца сярод іншых беларускіх вёсак, знішчаных карнікамі.
У жніўні 1974 года калгас “Усход” (сённяшняе ААТ “Шпіталі”) узначаліў 27-гадовы хмелевец Аляксей Дошчык.
– Я выхоўваўся патрыётам і ў роднай школе, і ў сям’і. Мой бацька Раман Сямёнавіч дайшоў да Берліна, вярнуўся з ордэнам Славы і медалём “За адвагу”. Бачыў я і франтавікоў-аднавяскоўцаў: хто без рукі, хто без ног, – успамінае Аляксей Раманавіч. – Не, ніякіх ваганняў не было ў тым, каб ушанаваць памяць пра жыхароў Драмлёва больш сур’ёзна, па-сапраўднаму. Сваім намерам падзяліўся з былым суседам Васілём Куліком, які працаваў у Міністэрстве культуры Беларусі, у аддзеле, што займаўся гістарычнай спадчынай.
У выніку Васіль Раманавіч пазнаёміўся з архітэктарам Юрыем Казаковым, які пабываў на месцы спаленай вёскі і зрабіў накід будучага мемарыяла, адобраны міністэрствам. Адбылася сустрэча і са славутым скульптарам Анатолем Анікейчыкам. Той папрасіў узяцца за ўвасабленне праекта таленавітага студэнта Уладзіміра Вараб’ёва, для якога мемарыял “Драмлёва” стаў тэмай дыпломнай работы і магчымасцю заявіць пра сябе.
– Хлопец загарэўся, – працягвае Васіль Дошчык, – і разам з архітэктарам прыехаў на Жабінкаўшчыну. Вырашылі спыніцца на матыве вечнасці жыцця, якое ўвасабляюць фігуры трох жанчын: бабулі, маці, дзяўчыны. У інстытуце маладому скульптару выдзелілі для працы памяшканне, а ў калгасе нашы цесляры змайстравалі вялікі і трывалы драўляны подыум, што круціўся на шарыкавых падшыпніках, каб майстар мог бачыць свой твор з усіх бакоў. Гліну, заказаную на цагельным заводзе ў Брэсце, завезлі на самазвалах у сталіцу.
Адначасова калгас пачаў ажыццяўляць сваю частку архітэктурнага праекта. Займаўся гэтым вызвалены ад іншых абавязкаў інжынер-будаўнік Іван Філіманюк. Значная заслуга і намесніка старшыні райвыканкама Сцяпана Антановіча, які дамовіўся з Баранавіцкім заводам сянажных вежаў на выдзяленне спецыяльных плітак. Падключыўся цукровы завод, якім кіраваў сённяшні Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна Генадзь Вялько. Генадзь Іванавіч выдзеліў тэхніку, і механізатары разабралі пясчаную гару паблізу Сцяпанак, а заводскі бульдазерыст узвёў Курган, падраўняны пасля ўручную. Бетонныя падмуркі пад камень і помнік зрабіла ПМК-10.
– Тым часам скульптар Уладзімір Вараб’ёў выканаў у гліне трохфігурную кампазіцыю, і спецыяльная дзяржаўная камісія на чале з народным мастаком Беларусі Міхаілам Савіцкім ацаніла на “выдатна” аўтарскую дыпломную работу, – прыгадвае былы старшыня калгаса. – Наша гаспадарка заключыла дагавор з эксперыментальным заводам мастацкага ліцця ў Калядзічах на адліўку помніка з бронзы, які быў аплачаны калгасам. Шмат яшчэ было працы па ўстаноўцы валуноў, размяшчэнні на іх жаночых фігур, азеляненні Кургана, добраўпарадкаванні ўсяго мемарыяла. Важна адзначыць, што гэта была народная будоўля: у ёй удзельнічалі, апрача цукровага завода і перасоўнай механізаванай калоны, райсельгастэхніка, Жабінкаўская дыстанцыя пуці, Сцяпанкаўскі сельвыканкам, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю і дарослыя, і дзеці. І ніхто нават не заікнуўся пра аплату, у тым ліку аўтары мемарыяла. Дзякуй вялікі ўсім!
У нядзелю, 12 верасня 1982 года, адбылося ўрачыстае адкрыццё. Мітынг распачала старшыня райвыканкама Валянціна Іванаўна Рай. Словы ўдзячнасці Юрыю Іванавічу Казакову і Уладзіміру Пятровічу Вараб’ёву прамаўляў першы сакратар Жабінкаўскага райкама партыі Яўген Кузьміч Кніга. Гонар адкрыць скульптурную групу быў прадастаўлены старшыні Сцяпанкаўскага сельсавета Івану Аксенцьевічу Макасюку, які разам з піянерамі зняў светлае палотнішча, што накрывала тры жалобныя бронзавыя фігуры. Яркім момантам мітынгу стала клятва маладых:
Мы гэты агонь памятаць будзем вечна,
І попел забыць немагчыма жывым.
Няхай застануцца зарубкаю ў сэрцах
Праклёны да тых,
хто папросіць навечна,
Драмлёўскі пажар дараваць і забыць!
Гэтыя словы актуальныя і сёння. Напярэдадні 75-х угодкаў знішчэння нашай “вогненнай вёскі” заклікаем усіх жабінкаўцаў прыняць дзейсны ўдзел у суботніку, які арганізуецца для абнаўлення мемарыяла “Драмлёва”.
Гэта трэба не мёртвым – гэта трэба жывым!
На здымку: мемарыял “Драмлёва” ў 1982 годзе, у дзень урачыстага адкрыцця.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%