Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Сельгаспрадпрыемства “Ракітніца” ганарыцца, што пад час жніва ў ім ужо некалькі год запар працуе самы малады экіпаж камбайнераў. У яго склад уваходзяць браты Алег і Сяргей Сколда (на здымку). Маладыя людзі рупяцца нароўні са старэйшымі вопытнымі работнікамі і стараюцца дэманстраваць добрыя вынікі сваёй адказнай працы.
У ААТ “Ракітніца” браты працуюць не толькі ў гарачы час жніва. Алег пасля заканчэння БрДТУ заняў у ім пасаду загадчыка гаража. Сяргей атрымлівае адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным каледжы і шчыруе ў родным сельгаспрадпрыемстве слесарам. У перыяд нарыхтоўкі збожжа звыклыя працоўныя месцы хлопцы змяняюць на кабіну камбайна, каб зрабіць свой унёсак у вялікую агульную справу.
Алег ужо чацвёрты год рупіцца на жніве, апошнія два леты старэйшаму брату дапамагае Сяргей. Маладыя людзі заўважаюць, што разумеюць адзін аднаго з паўслова, разам шукаюць выхад з няпростых сітуацый, таму і праца ладзіцца, кіпіць.
– Цяжкасці ўзнікаюць толькі пры паломцы тэхнікі, але такія непрыемнасці здараюцца не часта, – кажа Сяргей. – Сёлета працавалі амаль без прастояў. Уборачную кампанію завяршылі, сабраўшы 150 тон рапсу і 570 тон збожжавых культур. Спачатку было няпроста сапернічаць з больш вопытнымі калегамі, але іх парады і падказкі дапамаглі нам дасягнуць нядрэннага выніку.
Любоў да працы перадалася сынам ад бацькоў. Ігар Іванавіч і Таццяна Паўлаўна падтрымліваюць жаданне дзяцей дапамагчы роднаму сельгаспрадпрыемству, дзе, дарэчы, рупіцца вадзіцелем і самы старэйшы Сколда. Сярэдні з братоў – Віталь – працуе ў Брэсце і не мае магчымасці прыняць удзел ва ўборачнай кампаніі, але вельмі ганарыцца родзічамі.
Свой удзел у жніве малады экіпаж жадае зрабіць традыцыйным, каб не страціць выдатную магчымасць праводзіць з карысцю час у вялікай дружнай камандзе.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%