Будаўнік свайго лёсу

анатолий октысюк
Дар’я НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
“Заўжды прыемна, калі справа, якой з задавальненнем займаешся сам, з’яўляецца неабходнай і карыснай для іншых”, – заўважае Анатоль Актысюк (на здымку). Ён ужо сем гадоў рупіцца бетоншчыкам у Жабінкаўскай ПМК № 10. За гэты час разам са сваёй брыгадай мужчына працаваў на будоўлі самых розных аб’ектаў. Напярэдадні прафесійнага свята ён расказаў пра цікавы шлях, якім павяла героя яго справа.
Малой радзімай Анатоля Аляксандравіча з’яўляецца пасёлак Ратна, што на Украіне. Праз некалькі год пасля нараджэння сына яго бацькі вырашылі адправіцца ў Беларусь на Жабінкаўшчыну. Тут хлопчык пайшоў у школу, дзе палюбіў матэматыку, фізіку, чарчэнне. Схільнасць да дакладных навук і жаданне займацца карыснай, сапраўднай мужчынскай справай дапамаглі яму зрабіць неабходны выбар.
– Мая праца ў Жабінкаўскай ПМК-10 пачалася 10 кастрычніка 2010 года, – кажа Анатоль Аляксандравіч. – Было няпроста, але я стараўся ўнікнуць ва ўсе будаўнічыя прамудрасці. Маім настаўнікам стаў Віктар Маеўскі, які быў побач і ва ўсім дапамагаў. Ён да гэтага часу працуе на прадпрыемстве.
Зараз Анатоль Актысюк ужо сам можа навучаць маладое пакаленне. Ён займаўся будоўляй многіх жылых дамоў у Жабінцы, у складзе брыгады працаваў у Кобрыне і Брэсце. Праводзілі таксама рэканструкцыйныя работы Жабінкаўскага цукровага завода, свінагадоўчага комплексу ў Сычове і малочнатаварнай фермы ў Падлессі. Дапамагалі працаўнікі на будоўлі новага магазіна на Цэнтральнай, зараз займаюцца рэканструкцыяй дома № 5 на вуліцы Пушкіна. За сваю працу Анатоль Аляксандравіч быў не раз адзначаны раённымі і абласнымі ўзнагародамі.
– Мне вельмі пашанцавала з калектывам, – заўважае Анатоль. – У брыгадзе пануюць цёплыя сяброўскія адносіны – У такіх умовах і работа ладзіцца хутчэй. Асабліва ўдзячны нашаму майстру Іллі Макарэвічу, да якога можна звярнуцца па параду і дапамогу. З гэтымі людзьмі пастаянна вучуся новаму, працую і праводжу вольны час. Абавязкова разам будзем адзначаць наша прафесійнае свята!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.