Сектор АПК: ситуация улучшается

Сектор АПК: ситуация улучшается

На стыку зімы і вясны, калі ў сельскіх працаўнікоў у асноўнай вытворчасці не асабліва “горача”, паўсюдна адбываюцца сходы, на якіх падсумоўваюцца набыткі адыходзячага ў гісторыю сельскагаспадарчага года, аналізуюцца праблемы, абгаворваюцца задачы на перспектыву. Пад час сёлетніх справаздачных сходаў у сеьлгаскааператывах і адкрытых акцыянерных таварыствах адбылося ўзбуйненне некаторых сельгаспрадпрыемстваў. Пра гэта гутарка з першым намеснікам начальніка райсельгасхарчу Надзеяй Рыгораўнай Кандрацюк.
— Надзея Рыгораўна, колькі слоў пра тое, якія вынікі справаздачнай кампаніі ў сельскай гаспадарцы?
— Такія сходы праходзяць штогод, перад працаўнікамі трымаюць справаздачу праўленні сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў і адміністрацыі адкрытых акцыянерных таварыстваў. Сёлета, як і заўсёды, актыўнасць работнікаў калектываў была высокая, зацікаўленасць у набытках і ў тым, як гаспадарка будзе развівацца ў будучым, сур’ёзная. І гэта невыпадкова. Сельскія працаўнікі адчулі клопат дзяржавы, найперш у арганізацыі ўзорных умоў працы, жыццёвай утульнасці… Эфектыўная тэхніка, высокатэхналагічная абсталяванне на фермах, дабротныя катэджы на вясковых вуліцах, камунальныя зручнасці — ужо даўно не ў навінку.
Праўда, 2010 год у эканамічным развіцці быў горшым за папярэдні. Упершыню за апошнія пяць гадоў, калі не ўлічваць дзяржаўную датацыю, некаторыя гаспадаркі закончылі яго са стратамі. Гэта СВК “Якаўчыцы”, “Надзея-АГРА”, “Шпіталі” і ПУАП “Азяты”. Адмоўны ўплыў на набыткі летась аказалі неспрыяльныя ўмовы надвор’я: калі наліваўся хлебны колас, была засуха, і ў выніку ён атрымаўся няважкі, нябуйны. Адсюль і недабор ўраджаю, хаця былі захаваны ўсе агратэхнічныя ўмовы пры сяўбе, вырошчванні зерневых і зернебабовых культур, кукурузы, цукровых буракоў. Яшчэ назіраецца вялікі дыспарытэт цэнаў паміж выпускаемай прадукцыяй у сельскай гаспадарцы ў адносінах да кошту тэхнікі, гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак… Тых 16,8 мільярда рублёў дзяржаўнай датацыі, якая была выдзелена раёну, не хапіла, каб кампенсаваць расходы над даходамі з-за дыспарытэту цэнаў. Аднак з улікам датацыі рэнтабельнасць сельскагаспадарчай вытворчасці летась склала ў раёне больш 16%.
Сёлетнія справаздачныя сходы адметныя яшчэ тым, што адбылося ўзбуйненне дзвюх гаспадарак.
— Чым гэта выклікана?
— Рашэнне на ўзбуйненне гаспадарак выношвалася не адзін год і рэалізавалася яно не спантанна. На сходах сельгаскааператываў былі прынятыя рашэнні аб далучэнні СВК “Надзея-АГРА” да СВК “Маціевічы”, а СВК “Падлессе-АГРА” да СВК “Хмелева”. Асноўнае з-за чаго адбылося аб’яднанне ў тым, што высокая шчыльнасць жывёлы ў “Хмелеве” і “Маціевічах” на 100 га сельгасугоддзяў замаруджвае развіццё кааператываў з прымяненнем сучасных тэхналогій. Цяпер весці ўмела гаспадаранне магчыма толькі ў тым выпадку, калі ёсць каля 5000 га сельгасугоддзяў.
Актыўна закупляецца магутная энерганасычаная тэхніка. Каб яна прыносіла карысць і была загружана напоўніцу, патрэбны вялікія зямельныя рэсурсы. Вызваляюцца рабочыя рукі, а асноўныя сельскагаспадарчыя кампаніі магчыма праводзіць у сціслыя тэрміны. А значыць патрэбны новыя землі, каб удосталь мець кармоў для грамадскага статка, высокія ўраджаі ў раслінаводстве, а для гэтага неабходна ўмела праводзіць севазварот. У СВК “Маціевічы”, напрыклад, каб палепшыць стан спраў у гаспадарцы, ужо многія гады арандавалі землі ў Камянецкім раёне. Аднак затраты на пасяўную, на дастаўку грузаў не апраўдвалі сябе, у пэўнай ступені адмоўна ўплывалі на эканамічныя паказчыкі. У СВК “Надзея-АГРА” самая нізкая шчыльнасць жывёлы на 100 га сельгасугоддзяў, землі мяжуюцца з маціевіцкімі. Вось і пайшлі на рэарганізацыю.
Жывёлагадоўля — асноўная крыніца папаўнення бюджэту гаспадаркі, а без сучасных тэхналогій не магчыма ўмела зрабіць гэта. Статак павінен утрымлівацца на малочнатаварных фермах, дзе ёсць сучасныя даільныя залы. Толькі ў такіх умовах магчыма мець малако, якое адпавядае дзяржаўным стандартам: “экстра” і вышэйшага гатунку. Напрыклад, адна тона малака “экстра” закупляецца па цане 1 мільён 210 тысяч рублёў, розніца толькі з вышэйшым гатункам 165 тысяч рублёў. Хмелеўцы, якія маюць вопыт у атрыманні такой прадукцыі, накіруюць свабодныя фінансы на будаўніцтва сучаснай фермы ў Падлессі, такім чынам, пасля яе ўвядзення ў дзеянне запаўнення каровамі, высокагатунковага малака будзе намнога больш, што палепшыць эканамічны стан гаспадаркі.
Такая задача ставіцца і перад маціевіцкімі жывёлаводамі. На 600 галоў у Крыўлянах будуецца малочнатаварная ферма, на якой будуць атрымліваць малако “экстра”. Усё ў сукупнасці палепшыць фінансава-эканамічны стан узбуйнелага кааператыву, вырасце заробак, лягчэй давядзецца разлічвацца з крэдытамі, з’явяцца свабодныя фінансы, якія пойдуць на развіццё гаспадаркі. Словам, чакаем ад узбуйнення паляпшэння спраў у эканоміцы сельгаспрадпрыемстваў.
— Надзея Рыгораўна, ці не адаб’ецца  працэс рэарганізацыі на працаўніках калектываў?
— Вядома, што любая рэарганізацыя выклікае хваляванні ў людзей: ці будзе праца, які мікраклімат створыцца ў калектыве, што будзе з заробкам і інш. Думаецца, што ўсё будзе добра: усе члены далучаных кааператываў аўтаматычна ўліліся ў склад СВК “Хмелева” і СВК “Маціевічы”. Калі нехта са спецыялістаў не жадае працаваць у новай камандзе, яго не затрымліваюць. Вядома, тут ёсць спецыялісты, якія ўжо атрымліваюць пенсіі, таму ім будзе выплачана кампенсацыя, і яны пойдуць на заслужаны адпачынак. Такая сітуацыя з галоўным бухгалтарам і яго намеснікам у СВК “Надзея-АГРА”. Галоўны аграном з СВК “Падлессе” А.М.Касцюковіч, напрыклад, перайшоў на працу ў СВК “Маціевічы”, а галоўны заатэхнік СВК “Арэпічы” Ю.В.Сушко стаў намеснікам старшыні па жывёлагадоўлі СВК “Маціевічы”. Ёсць і іншыя перастаноўкі, некаторых яны можа і не задавальняюць.
І яшчэ хачу сказаць, што сельскай гаспадарцы Жабінкаўшчыны патрэбны спецыялісты, асабліва заатэхнічныя і ветэрынарныя, пры жаданні можна знайсці працу.
Гутарыла Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top