Хрысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.
Часам даводзіцца чуць фразу “раней было лепш”. Літаратура і кіно часта ствараюць супярэчлівыя малюнкі мінулага. Таму вялізную каштоўнасць для сучаснікаў маюць успаміны і досвед пажылых людзей, якія насамрэч ведаюць, якім было гэта “раней”. Зазірнуць у мінулае чытачам “Сельскай праўды” дапаможа 85-гадовая жыхарка вёскі Вежкі Зоя Шчаноўская.
Зоя Іванаўна нарадзілася ў далёкім 1932 годзе ў Вялікіх Якаўчыцах. Дзяўчынка працавала з маленства: дапамагала маці ў калгасе, даглядала малодшую сястру. Усе хатнія справы былі таксама на ёй. Скончыла чатырохгадовую вясковую школу і потым хадзіла ў вячэрнюю – вось і ўся яе адукацыя. Але ў тыя часы галоўнай якасцю чалавека была працавітасць.
Маленькай дзяўчынкай Зоя Іванаўна перажыла вайну. Потым працавала ў калгасе. У 1952 годзе амаль уся моладзь Якаўчыцаў паехала ў Волагду на заробкі. “Хто схаваўся – не паехаў. Астатніх адправілі сілком”, – успамінае Зоя Іванаўна. Праз паўгода вярнулася дадому.
Хутка дзяўчына знайшла працу ў Жабінцы: спачатку на будаўніцтве лазні, а потым на чыгунцы. З Якаўчыцаў у горад хадзіла пешшу. “Раніцай звычайна бягом, а назад ужо павольна, не спяшаючыся… Пазней прадалі падсвінка і купілі веласіпед. Адразу стала значна лягчэй”, – расказвае Зоя Іванаўна.
У 23 гады дзяўчына выйшла замуж за Сцяпана Шчаноўскага і пераехала да яго ў вёску Вежкі. Праз год нарадзіла сына Віктара, а хутка і другога, якога назвалі Іванам. Расціць дзяцей было цяжка. “Не тое, што зараз, – заўважае Зоя Іванаўна. – Садкоў у тыя часы не было. Бярэш дзіця на спіну – і на працу!” Добра яшчэ, што дапамагала маці.
Не хапала і адзення для дзяцей. “У старэйшага былі зусім маленькія боцікі. Сынок надзене іх і часта плача: “Мама, ножкі баляць!” Таксама даводзілася на спіне насіць, – расказвае суразмоўніца. – А потым, калі хлопчыкі пайшлі ў школу, у іх была сіняя форма – касцюм і белая кашуля, у кожнага па адной. Увечары памыю іх, высушу, раніцай адпрасую. І так кожны дзень. Зараз жыццё ў маладых бацькоў – рай”.
Жанчына ўспамінае мінулае і са здзіўленнем адзначае: “Цяжка нам было працаваць, але весела. Збіралася моладзь, мы спявалі, танцавалі. Дзверы хат ніколі не зачыняліся. Суседзі вячэралі разам, нават сачылі за дзецьмі адзін аднаго. Настаў іншы час. Зараз лягчэй працаваць. У многіх ёсць машыны, кватэры, а людзі ўсё роўна незадаволеныя. Сёння нават родзічы не заўсёды ладзяць, не тое што суседзі”.
Шмат працавала ў сваім жыцці Зоя Іванаўна: была санітаркай у мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце, тапіла дзіцячы сад, 13 гадоў даглядала цялят. У 1987 годзе выйшла на заслужаны адпачынак.
Сёння ў Зоі Іванаўны тры ўнучкі і тры праўнукі. Дзеці хацелі забраць жанчыну да сябе, але яна адмаўляецца пакідаць родную хату. Тут у яе невялікая гаспадарка – агарод і 13 курэй. А галоўнае – успаміны. Пра шчасце жонкі і маці, пра тое, як раслі сыны і прыязджалі ўнучкі. Пра маладосць і цяжкую, але патрэбную працу.
Нам, маладым, ёсць чаму павучыцца ў Зоі Іванаўны. Трэба шанаваць тое, што дае нам лёс. І помніць: толькі дзякуючы сумленнай працы можна дабіцца дабрабыту.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%