Гора для Ягора. І крыўдзіцелям не лепш…

фемидаПадобныя думкі, мабыць, не раз прамільгнулі ў галаве Ягора Г., пакуль лупцавалі, здзекаваліся з яго Канстанцін Г. і Юрый Ж. Яшчэ напрыканцы мінулага года Ягор пазычыў у знаёмай 40 рублёў і паабяцаў аддаць, як толькі з’явяцца грошы.

Як аказалася, тая знаёмая была сужыцелькай Канстанціна Г.
Пакуль Ягор збіраўся аддаць доўг, Канстанцін сам завінаваціўся трэцяй асобе 60 рублёў. У пачатку гэтага ўжо года Ягору было прапанавана аддаць запазычанасць той трэцяй асобе, што мужчына нарэшце і зрабіў…
Хаця на дзень бойкі Ягор паспеў пагасіць свой доўг, але для п’яных мужыкоў, якія не адзін раз зведалі турэмныя нары і зараз увайшлі ў раж, гэта не мела ўжо значэння: яны патрабавалі 40 рублёў звыш. Білі і кулакамі, і нагамі, і нават… хатнімі прадметамі.
Як пасля падлічылі пры экспертызе, было нанесена не меней за 39 удараў, пацярпелы траціў прытомнасць. У такія хвіліны злачынцы сарвалі з рукі Ягора срэбны ланцужок. Аднак і ўсё гэта не задаволіла крыўдзіцеляў: у рэшце рэшт яны вяроўкай звязалі Ягору рукі і прымацавалі да ацяпляльнай батарэі…
Канстанцін Г. і Юрый Ж. прызнаны судом вінаватымі ў вымаганні маёмасці, здзейсненым групай па папярэдняй змове і з прымяненнем насілля, небяспечнага для здароўя пацярпелага, што падпадала пад частку 3 артыкула 208 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. За гэта кожнаму было вынесена пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на сем гадоў і шэсць месяцаў з канфіскацыяй маёмасці.
Апроч таго, Канстанціну Г. уводзіўся ў віну крадзеж маёмасці пацярпелага шляхам насілля, а таксама пры вынясенні прыгавору была далучана неадбытая частка пакарання, назначаная судом Жабінкаўскага раёна 21 студзеня 2017 года. Таму ў адпаведнасці з часткамі 1 і 6 артыкула 73 КК канчатковы прысуд Канстанціну Г. – пазбаўленне волі на дзевяць гадоў з адбыццём у выпраўленчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і з канфіскацыяй маёмасці.
Юрыю Ж. уводзілася ў віну цынічнае, злоснае хуліганства ў адносінах да пацярпелага, а таксама рэкламаванне парнаграфічных матэрыялаў з увядзеннем у глабальную камп’ютарную персанальную сетку інтэрнэт.
Восенню і зімой 2016 года падсудны з дапамогай сусветнага сеціва з уласнага камп’ютара размясціў на асабістай старонцы “УКантакце” некалькі відэаролікаў. Ужо нават назвы гэтага бруднага “відэамастацтва” сведчылі пра змест матэрыялаў, што не адпавядалі чалавечай маралі. Паколькі парнаграфічныя “творы” былі выстаўлены для агульнага прагляду, іх маглі бачыць нават дзеці, што карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі.
У адпаведнасці з часткамі 3 і 6 артыкула 72 Крымінальнага кодэкса краіны і па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складвання пакаранняў Юрыю Ж. канчаткова было назначана пазбаўленне волі на дзевяць гадоў з адбыццём пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і з канфіскацыяй маёмасці.
Акрамя таго, у адпаведнасці з часткай 6 артыкула 61 КК была праведзена спецыяльная канфіскацыя: у даход дзяржавы канфіскаваны Юраў мабільны тэлефон “Нокіа” з картай памяці і ўсім тым, што тая памяць утрымлівае.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.