кхТры Яўгены-задзіры

Вы не ведаеце трох Яўгенаў з Ленінскага сельсавета? Высокія, стройныя, гадоў сямнаццаць-васямнаццаць. Сама сіла! Не ведаеце – то й не трэба! Ім слова супраць не кажы! Ледзь што не так – адмянташаць, і пабоі прыйдзецца здымаць… У ноч з 1 на 2 ліпеня ля транспартнага прыпынку ў аграгарадку Ленінскі хлопцы-задзіры пабілі Рамана М. і Мікіту А.,
якія не спадабаліся ім. Дасталося і аўтамашыне “Фальксваген Вента”, якая трапілася на шляху хуліганаў. Рамонт аўтамабіля абышоўся ў 150 рублёў, якія заплацяць, вядома ж, тыя, хто ўчыніў разбой. Бо на Яўгенаў Б., З. і М. узбуджана справа згодна з часткай 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Давядзецца “тром багатырам” адказаць і за пабоі ўначы.

Плюс яшчэ адзін Яўген

Пра існаванне цёзак з Ленінскага Яўген Д. з Жабінкі мог, бадай што, толькі здагадвацца. У жабінкаўца сваё крэда: ён “спецыялізуецца” на крадзяжах таго, што, на яго думку, дрэнна ляжыць.
Напрыклад, перш чым нарэшце папасціся, жабінкаўскі Яўген тройчы выходзіў на “промысел” да памяшкання ДБУ-15, што месціцца на вуліцы Кароткіна ў райцэнтры. У першыя два разы са шкафчыкаў для рабочых сцягнуў рэмень ды красоўкі, а ў трэці – з аўтамабіля “Сітраен С5”, што быў прыпаркаваны паблізу, ФМ-мадулятар і флэш-карту. Усе крадзяжы склалі 93 рублі.
Кажуць, колькі вяровачку ні віць, канец будзе. Прыйшоў канец і Яўгенавым грабяжам. Знайшліся ўкрадзеныя рэчы, была ўзбуджана справа па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Прыпадобіўся Валера да зязюлі

Бедная птушка. Колькі разоў да яе “прымервалі” ўчынкі людзей, колькі называлі яе імем! І мы вымушаны расказаць пра такога гора-бацьку, які нечым прыпадобіўся да яе.
Яшчэ 20 верасня 2000 года суд Жабінкаўскага раёна абавязаў Валерыя С. выплачваць штомесячна Людміле Ф. на ўтрыманне малалетняй дачкі Ангеліны 25% з усіх відаў заработку. Так павінна было быць аж да дасягнення дачкою паўналецця.
Аднак ад уплаты аліментаў Валерый С. часта ўхіляўся і прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Адбываў пакаранне – і зноў плаціў толькі зрэдку. Напрыклад, з 13 сакавіка 2013-га і па 17 ліпеня 2017 года ягоная запазычанасць склала 36 месяцаў і 21 дзень. Бо Валерый С. наўмысна ўхіляўся ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетняй дачкі, не рэагаваў на папярэджанне судовага выканаўцы аб працаўладкаванні, а значыць, не прыняў належных мер для выканання сваіх штомесячных абавязацельстваў. У адносінах да гора-бацькі ўзбуджана справа па частцы 3 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Імёны злодзеяў раскрые следства

У ліпені былі ўзбуджаны і ўзяты да вытворчасці тры крымінальныя справы па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса (“Крадзеж”). У іх азначалася, што злачынствы здзейснены неўстаноўленымі асобамі.
У першым выпадку ў аграгарадку Ленінскі з пад’езда прапаў дарожны веласіпед “Аист” коштам 90 рублёў, а ў Дзяменічах невядомы скраў дрэваапрацоўчы станок, чым прынёс гаспадарам стратаў на 250 рублёў. Найбольш пацярпела фірма “Рытуал-Сэрвіс”, калі ў адну ноч з вытворчага памяшкання зніклі тры вуглашліфавальныя машынкі, усе замежнай вытворчасці, ды іншых розных інструментаў для шліфавання і распілоўвання шмат – усяго на суму 1080 рублёў.
Па гэтых эпізодах узбуджаны крымінальныя справы. Верыцца, што следчым удасца ўстанавіць імёны злачынцаў.
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС; Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела
Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.