Под знаком Красного креста

Под знаком Красного креста

Днямі ў кінатэатры “Юбілейны” для старшакласнікаў гарадскіх школ ладзіўся кіналекторый, прысвечаны такой заганнай з’яве, што, на жаль, існуе і ў ХХІ стагоддзі, як гандаль людзьмі. Перад вучнямі выступілі оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Д.А.Варапаеў і дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з дзіцячым прытулкам Н.К.Паўлючык.
Выступоўцы звярталі ўвагу непаўналетніх на небяспеку, якую нясе сучаснае жыццё не толькі для маладых людзей, але і людзей ва ўзросце, паколькі дасюль існуе ў свеце гандаль чалавекам. Летась на Брэстчыне было ажно 40 выпадкаў, калі нашы грамадзяне апынуліся ў рабстве, чакаючы лёгкіх заробкаў, траплялі на доўгі час у залежнасць ад сённяшніх гандляроў “жывым таварам”. На шчасце, пакуль гэтая з’ява абмінула наш раён, аднак мы жывем на бойкім месцы, куды залятаюць не толькі вятры новага і карыснага, але й дуюць скразнякі небяспечнага ды спакуслівага.
Удзельнікам мерапрыемства былі прадэманстраваныя дакументальныя кінастужкі “Пастка” (“Мышеловка”) ды “Мары і слёзы”, створаныя айчыннымі аўтарамі на “Беларусфільме” і “Белвідэацэнтры”.
А здароўю скажам: “Так!”
24 сакавіка — у Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам каля 20 жабінкаўскіх валанцёраў арганізацыі Чырвонага Крыжа далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Белы рамонак”, скіраванай супраць небяспечнай хваробы.
На вуліцах Жабінкі з’явіліся хлопчыкі і дзяўчынкі, апранутыя ў сарочкі, пазначаныя Чырвоным Крыжам К.Шэвелева, Н.Панько, А.Адамчук, В.Высоцкая, Ю.Дыдышка, Н.Завяржэнец, з педагогам-арганізатарам першай гарадской школы М.С.Маісеенка; Г.Крапчук, С.Андрасюк, У.Лугаўскі, Н.Макасюк, Н.Мушынская, Н.Сідорка, В.Гацкевіч, Р.Галуза, А.Раковіч, У.Цісленка, Д.Ранько пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара СШ №3 Ю.А.Канапліцкай пакідалі ў паштовыя скрынкі сотні буклетаў і каляндарыкаў, што папярэджваюць пра небяспеку туберкулёзу. Ад маладых людзей прахожыя даведваліся аб прыкметах хваробы, якая штогод знішчае да 2 мільёнаў зямлян. Той, хто заўважыць у сябе альбо блізкіх людзях сімптомы сухотаў, даводзілі валанцёры, абавязаныя звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта ці ў тубкабінет раённай бальніцы. Карысна таксама ведаць тэлефонны нумар бясплатнай “гарачай лініі”, дзе дадуць кансультацыю, што датычыцца туберкулёзу — 8-801-100-13-13. Хваробу можна адолець, калі ўсе разам скажам “Так!” здароваму ладу жыцця!
Т.ПАРХІМОВІЧ, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
На здымках: у час мерапрыемстваў, што праводзіліся пад знакам Чырвонага Крыжа.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top