«Есть душа в твоём произведении»

«Есть душа в твоём произведении»

Напярэдадні Дня адзінства народаў Беларусі і Расіі ў Мінску (у сценах пісьменніцкай арганізацыі) панаваў асабліва ўрачысты настрой. Тут прайшло ўганараванне ўдзельнікаў конкурсу літаратурнай творчасці “Дзеці пішуць для дзяцей”. Пераможцамі сталі сіроты і інваліды, для каго кожны крок у жыцці ўжо перамога над хваробамі і адчаем, што часам агортваюць душу і цела. Сярод 600 работ, дасланых на конкурс, кампетэнтнае журы, узначаленае старшынёй праўлення Беларускага дзіцячага фонду Уладзімірам Ліпскім, вызначыла 25 найлепшых. Сярод іх — вучань 11 класа Крыўлянскай сярэдняй школы Мікалай Марковіч, які атрымаў трэцяе месца ў намінацыі “Публіцыстыка”.
Сваім эсэ “Вельмі хочацца злавіць матылька!” юнак крануў і расчуліў журы, у склад якога ўваходзілі карэспандэнт “Народнай газеты” Кацярына Вашчына і радыёжурналіст Алена Барздыка, пісьменнікі Мікола Маляўка і Анатоль Зэкаў. Гэта не сумны аповяд, напоўнены недзіцячым болем. Гэта твор, настоены на надзеі і жаданні жыць.
Пра сябе 16-гадовы малады чалавек паведаміў:
— Захапляюся сучаснай музыкай, люблю рэтра, асвоіў камп’ютар, якім можна карыстацца і адной рукой, друкуючы, гуляючы, ствараючы прэзентацыі, у тым ліку сваёй сям’і.
Найбольшую падтрымку і любоў Мікалай адчувае ад мамы Алены Анатольеўны і бабулі Марыі Рыгораўны. Юнак займаецца дома, дзе некаторыя прадметы яму выкладае бабуля, якая навучыла ўнука адчуваць мовы і літаратуры. Сярод беларускіх творцаў прыгожага слова яму найбольш падабаюцца вершы Максіма Багдановіча, сярод расійскіх класікаў творы Пушкіна, Ахматавай, Талстога. А яшчэ Мікалая захоплівае дэтэктыўная літаратура. Некалі бабуля прачытала творы на міліцэйскую тэматыку Мікалая Чаргінца. Тады ніхто і ўявіць не мог, што прыйдзе дзень, калі вядомы пісьменнік (да таго ж — генерал міліцыі) будзе паціскаць руку юнаку з Крыўлянаў, уручаючы грамату і каштоўны сувенір. У тую хвіліну, працягваючы юнаку сваю руку, Мікалай Іванавіч сказаў:
— Ёсць душа ў тваім творы! Будзь пераможцам!
А потым удзельнікаў-пераможцаў чакала экскурсія па сталіцы, дзе найбольш запомнілася падарожжа на Востраў Слёз у Траецкім прадмесці; наведванне выставы з партрэтамі найбольш вядомых дзеячаў айчыннай культуры, якая адкрылася ў Саюзе пісьменнікаў; вясёлае, песеннае, “смачнае” прадстаўленне ў сталічным “Макдональдсе”
З вялікай прыемнасцю 25 пераможцаў даведаліся, што іх творы будуць публікавацца ў расійска-беларускім часопісе “Белая Вежа”, а таксама айчынных выданнях для дзяцей і юнацтва “Вясёлка” і “Маладосць”.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: матуля Алена Анатольеўна, бабуля Марыя Рыгораўна і малодшы брат Саша з радасцю падзяляюць літаратурны поспех 16-гадовага Мікалая Марковіча.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top