Хлебнай нівы мокры колас

зерно

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Сёлетняе жніво, відавочна, абяцае быць няпростым – частыя ліўні стрымліваюць тэмпы ўборкі.
– Шчыра кажучы, такога жніва на маёй памяці даўно не было, – расказвае Ганна Плытнік, намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “Жабінкаўскі”. – Набраць тэмп аніяк не можам – амаль штодня дажджы, таму камбайнерам даводзіцца губляць час, пакуль колас падсохне. Летась у гэты ж час на зернетаках ляжала ў чатыры разы болей збожжа, чым маем зараз. Хочацца верыць, што надвор’е нарэшце ўсталюецца і мы зможам зладжана і аператыўна ўбіраць збажыну.
А для гэтага, са слоў Ганны Іванаўны, усё ёсць: тэхніка і людзі. Каб абмалаціць 1903 гектары зерневых і зернебабовых, у ААТ “Жабінкаўскі” задзейнічана 9 камбайнаў – КЗС-10 і КЗС-12. Нагрузка на кожны складае ў сярэднім 208 гектараў. Калі зярняты даспелыя і сухія, у дзень камбайн можа лёгка абмалаціць 10-12 гектараў. Зараз жа, улічваючы пераўвільготненыя пасля частых дажджоў палі (бывала, камбайны нават гразлі, даводзілася выцягваць), пазначаная лічба недасягальная. У дзень нашага прыезду (27 ліпеня) жабінкаўцы абмалацілі 142 гектары плошчаў (гэта чацвёртае месца пасля ААТ “Рагазнянскі”, “Маціевічы” і “Хмелева”) і даставілі не зернеток 427 тон збожжа.
Ураджайнасць пакуль невысокая – 30 ц/га. Яно і зразумела: абмалочваюцца самыя благія ўчасткі, “падмочкі”. Палегліца ўбіраецца на паніжанай хуткасці, камбайны аснашчаны сцяблінапад’ёмнікамі. Тут без вопыту і майстэрства камбайнераў не абысціся.
Ёсць участкі, дзе буйныя каласы песцяць вока. На іх – асаблівае спадзяванне. Абы толькі ветрам ці ліўнем каласы не паклала.
– Людзі ў нас працавітыя, – падкрэслівае Ганна Іванаўна. – Нікога падганяць не трэба, рупяцца сумленна. Многія з іх са стажам. Гэта, напрыклад, Сяргей Свіціч, Андрэй Валасюк, Сяргей Главацкі, Васіль Верамяюк, Уладзімір Гурын. Радуюся, калі бачу з якою акуратнасцю яны рыхтуюць камбайны, пытаюцца, калі ўжо малаціць пойдуць. Жніво аб’ядноўвае людзей. Напрыклад, каторы год запар у дружным тандэме працуюць Вячаслаў Пясецкі і Леанід Лугаўцоў. Яшчэ два экіпажы “прыжыліся” ў нашым сельгаставарыстве. Гэта Юрый Хільчук і Аляксей Казусік, якія працуюць на цукровым заводзе і пад час водпуску ўладкоўваюцца на камбайн, а таксама Аляксей і Сяргей Буцько – бацька з сынам. Яны кажуць, што такім чынам могуць падзарабіць, а яшчэ прызнаюцца: хлеб, у які ўклалі часцінку сваёй працы, здаецца смачнейшым, водарным, як у далёкім дзяцінстве…
Нялёгкую, але такую пачэсную і важную працу хлебароба ў калектыве камбайнераў паспрабаваў і самы малады Раман Лінік – 25-гадовы хлопец, які мае спецыяльнасць тэхніка-электрыка.
За хлебаробскую навуку ён удзячны Сяргею Свіцічу – першаму настаўніку і дарадцы. Першы год Раман у памочніках ходзіць. Хто ведае, мо, ён паспяхова ўвальецца ў плеяду камбайнераў і стане “тысячнікам”? Час пакажа.
…А пакуль хлопцы ўглядаюцца ў схмурнелае неба: калі нарэшце сонейка падсушыць каласы і можна будзе заводзіць рухавікі камбайнаў? Аграном нарэшце дае згоду.
На здымку: убіраюць хлеб у ААТ “Жабінкаўскі” Уладзімір Угляніца, Васіль Рута, Сяргей Крывалевіч, Андрэй Валасюк,
Андрэй Чарэўка, Юрый Карняйчук, Сцяпан Данілюк, Раман Лінік, Сяргей Главацкі, Сяргей Андраюк.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.