Яе правілам было – звяртаючыся да вучня, сагрэй сэрца

ветераны

У педыятраў існуе правіла: калі дакранаешся да дзіцяці, сагрэй рукі. У настаўнікаў – іншае: звяртаючыся да вучня, сагрэй сэрца.
Як вядома, ад першага настаўніка ў многім залежыць, ці будзе ваша дзіця вучыцца з ахвотай і цікавасцю, ці махне на ўсё рукой. З такімі думкамі 30 гадоў таму я прывяла свайго сына Сяргея ў першы клас школы-інтэрната. Сустрэлася з яго будучай настаўніцай Раісай Аляксееўнай Міцковіч, убачыла добрыя, пяшчотныя вочы, якія як бы вабілі да сябе, пачула мяккі спакойны голас і адразу супакоілася.
Сёння, калі Раіса Аляксееўна ўжо на пенсіі і адзначыла свой чарговы дзень нараджэння, я адчула патрэбу напісаць словы падзякі за нашых вучняў.
Нарадзілася Раіса Аляксееўна Завяржэнец у час вайны ў невялікай вёсцы Канатопы Камянецкага раёна ў сялянскай сям’і. Было ў вёсцы хат 30-40, але ўсе яны размяшчаліся па хутарах на адлегласці 500 м – 1 км адна ад адной. Навокал была вельмі цудоўная прырода: арэшнік, рабіна, каліна, вольха, прыгажуні-бярозкі, а на лугах яблыку няма дзе ўпасці, раслі беленькія шампіньёны. Дзяцей у вёсцы было многа, у кожнай хаце ад двух да шасці, а то і больш. У сям’і Завяржэнцаў іх было двое: Рая і брат Косця, на 11 гадоў маладзейшы. Але потым здарылася бяда: брат захварэў на грып, і выратаваць яго не ўдалося. Паспеў толькі скончыць 4 класы, бо пражыў усяго 10 гадоў. Бацьку ў 1942 годзе забралі ў армію. Ён прайшоў усю вайну і закончыў яе ў 1946 годзе ў Чэхіі, адразу вярнуўся дадому. “Яго прыезд я вельмі запомніла, – успамінае Раіса Аляксееўна. – З Чэхіі тата прывёз ляльку такую прыгожую, што вачэй не адарваць. Унутры былі кнопкі, як націснеш на іх, то лялька гаварыла “мама”, “дай”, міргала блакітнымі вачыма і гучна плакала. Ужо з самай раніцы ўся дзятва з вёскі прыходзіла ў наш двор. Кожны хацеў пагуляць з лялькай, панаціскаць на кнопкі. І, вядома, праз месяц-два лялька сапсавалася. Мы ўсе вельмі сумавалі, а потым пачалі шыць ёй адзенне”.
Пасля вайны бацька працаваў у Жабінцы загадчыкам збожжавага склада, потым перайшоў у калгас у брыгаду цесляроў, дзе лічыўся добрым будаўніком: узводзіў дамы, рабіў вокны, дзверы і інш. Маці была даяркай, а потым цялятніцай.
У цэнтры вёскі стаяла пачатковая школа. Працавалі ў ёй дзве настаўніцы: Вольга Максімаўна (прозвішча забылася) працавала ў 2, 4 класах і Лідзія Рыгораўна Печка вучыла 1 і 3 класы. Менавіта ў яе вучылася Раіса. Настаўніца паходзіла з багатай сям’і, як лічылі жыхары, бо мела вялікі сад і пчальнік. Лідзія Рыгораўна была любімай настаўніцай: яна не крычала на вучняў, а наадварот, за добрыя адзнакі заўсёды давала яблыкі і зрэдку мёд. Хлеб дзеці прыносілі з дому і часам пілі ў школе чай з мёдам. Сняданкаў у навучальнай установе ў той час не было. Настаўніца вельмі любіла вучняў, і яны адказвалі ёй тым жа. Дзякуючы першай настаўніцы Раіса марыла стаць педагогам.
Пасля заканчэння чацвёртага класа ўсе вучні пачалі хадзіць у Арэпіцкую сярэднюю школу, якая знаходзілася за тры кіламетры ад вёскі Канатопы. Вучняў было больш за 30, у сем гадзін раніцы ўсе збіраліся, каб разам ісці ў школу, бо па дарозе быў невялікі лясок, у якім вадзіліся ваўкі. Пасля сёмага класа многія вучні пакідалі школу і ішлі працаваць у калгас або паступалі ў вучылішчы ці тэхнікумы. Такім чынам, да 10 класа старэйшых дзяцей ужо засталося чалавек восем, бо малодшыя класы хадзілі ў другую змену.
Калі Раіса скончыла школу, у яе нават пытанняў не было, куды пайсці далей. Яна хацела здзейсніць сваю мару, тым больш, што настаўнікамі былі яе цётка і дзядзька. Дзяўчына паступала ў педінстытут, але не прайшла па конкурсе. У той час не хапала настаўнікаў, і лепшых вучняў прасілі паступаць на аднагадовыя курсы ў Брэсце пры школе № 9. Паколькі Раіса Аляксееўна вучылася добра, яна трапіла туды. Праз год атрымала пасведчанне аб тым, што яна мае права працаваць настаўніцай пачатковых класаў. Спачатку працавала выхавальніцай у Рэчыцкай СШ. Потым яе прызначылі загадчыцай Манчакаўскай пачатковай школы, а праз два месяцы перавялі ў Дзмітровічы. Дзяўчыне надакучыла, што яе ўвесь час пераводзілі з месца на месца, і ў 1964 годзе яна паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна на факультэт пачатковых класаў.
Калі працавала ў Дзмітровічах, пазнаёмілася з мясцовым хлопцам Іванам Міцковічам. Здарылася так, што яна жыла на кватэры ў яго цёткі. У 1966 годзе яны пажаніліся, і Раіса Аляксееўна перайшла на завочнае аддзяленне. Муж, які скончыў філалагічны факультэт, пачаў працаваць журналістам у раённай газеце ў Жабінцы. У 1967 годзе Раіса Аляксееўна пераехала да яго. Ёй прапанавалі працу выхавальніка ў школе-інтэрнаце для дзяцей са шматдзетных сем’яў і сірот. Праз чатыры гады ў 1971 годзе ўстанова была пераўтворана ў школу для дзяцей са слабым зрокам, і Раіса Аляксееўна пачала выкладаць у першым класе, паколькі настаўнікі павінны былі быць з вышэйшай адукацыяй. Нарэшце яе мара збылася. Яе педагагічнае крэда было: не ўмею – вучуся сама, умею – вучу іншых і ўдасканальваю сябе. І трымалася гэтае крэда на трох кітах: цярпенне, праца і творчасць.
У сям’і Міцковічаў нарадзіліся сын Сяргей і дачка Анета. Потым Раіса Аляксееўна атрымала другую спецыяльнасць – тыфлапедагога ў Ленінградскім інстытуце імя А.І. Герцэна. У школе-інтэрнаце працавала да пенсіі і сем гадоў пасля. Педагагічны стаж яе 46 гадоў. За сваю працу яна неаднаразова атрымлівала граматы, водгукі ўдзячнасці ад дырэкцыі і бацькоў.
У 2008 годзе не стала мужа. Зараз яна жыве інтарэсамі сваіх дзяцей і ўнукаў. Сын Сяргей – інжынер-праграміст, працуе ў Брэсце, дачка Анета працуе ў пазаведамаснай ахове. У Раісы Аляксееўны чацвёра ўнукаў. Самы старэйшы Алёша ўжо студэнт Брэсцкага чыгуначнага каледжа.
У вольны час жанчына чытае, вышывае, вяжа. А больш за ўсё яна любіць гатаваць усялякія прысмакі для сваіх блізкіх і гасцей. Калі працавала ў школе, то актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці.
Як чалавек Раіса Аляксееўна заўсёды ветлівая, тактоўная, добразычлівая, энергічная. Яна надзелена цудоўнымі якасцямі: прастатой, лёгкасцю ў зносінах, адкрытасцю, бескарыслівасцю, гатоўнасцю прыйсці на дапамогу. Менавіта так гавораць пра яе суседкі Л.М. Штахноўская і Л.А. Капчук.
Ёй пішуць, тэлефануюць, прыходзяць і прыязджаюць былыя вучні, такія як Аксана Пракошына, Вольга Міхальчук, Валера Гедзька, Эдзік Гумянка, які, дарэчы, скончыў школу з залатым медалём, і іншыя.
Завяршыць я хачу тым, з чаго пачала. Мой сын закончыў школу з залатым медалём і дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы з чырвонымі дыпломамі. І гэта ў значнай ступені дзякуючы нашай першай настаўніцы Раісе Аляксееўне, якая клапатліва і асцярожна дапамагала маленькаму раскрыцца, усяліць у яго ўпэўненасць.
Вера МАНДРЭНКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.