Дзе нарадзілася, там і згадзілася

Якимович

Анатоль РОСТАЎ.

У юбілейны для загсаў краіны год стала добрай традыцыяй віншаваць з днём нараджэння былых супрацоўнікаў у рамках акцыі Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама “Памятаем і ганарымся вамі!” Пры гэтым уручаецца Віншавальны адрас ад упраўлення. 6 ліпеня віншаванні атрымлівала былая сакратар Якаўчыцкага сельвыканкама Надзея Васільеўна Якімовіч, якая святкавала свой 81-ы дзень нараджэння.
З гэтай нагоды да яе завіталі начальнік аддзела загса райвыканкама Галіна Аксюцік і старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Галіна Акуліч.
Надзея Васільеўна – прыроджаная жыхарка Вялікіх Якаўчыцаў. Як толькі ёй споўнілася васямнаццаць, адразу ўладкавалася рахункаводам у Маціевіцкую школу, а 29 жніўня 1962-га была прызначана сакратаром сельсавета. На працу прымалася Камянецкім раённым выканаўчым камітэтам, паколькі нашага раёна тады не існавала. (Нагадаем, паміж 1959 і 1966 гадамі жабінкаўскія землі былі падзелены паміж суседнімі Брэсцкім, Камянецкім і Кобрынскім раёнамі).
Першаму дзіцяці, які з рук Надзеі Васільеўны атрымаў свой самы важны ў жыцці першы дакумент – пасведчанне аб нараджэнні, сёлета споўнілася 55 гадоў! Нярэдка даводзілася рэгістраваць і блізнятаў. Першыя, запісаныя рукой Надзеі Якімовіч, – Міхаіл і Валянціна Хамічукі – на сённяшні дзень на дваіх маюць ужо сямёра ўнукаў! А першая маладая пара, якую распісала сакратар сельсавета, пражыла доўгае і шчаслівае жыццё разам.
– Адміністрацыйны будынак сельсавета на той момант знаходзіўся ў Вежках, – згадвае Надзея Васільеўна. – На працу даводзілася дабірацца на ровары, а то й пехатою. Шлюбаў было шмат, каля двух дзясяткаў за год, але рэгістрацыі праходзілі сціпленька, без шматлікіх гасцей ды сведкаў. Часам прыязджалі на веласіпедах, распісваліся і вярталіся дамоў. Затое шлюбы былі моцныя, у 60-я
гады мінулага стагоддзя скасавання іх практычна не было. Аднойчы зімою зачакалася маладажонаў, а яны ўсё не ішлі. Вось і працоўны час скончыўся, рушыла дадому. Якое ж было здзіўленне, калі ў поўнач пад маімі вокнамі засігналіла машына! Аказваецца, жаніх ехаў да сваёй нявесты, якая жыла ў Якаўчыцах, ажно са Століна. Ды зіма надарылася снежная, машына загрузла… І вось у пачатку першай гадзіны, калі ўся вёска даўно спала, у сельсавеце запалілася святло і нарадзілася новая сям’я!
Дзяцей таксама, як прыгадвае наша гераіня, прыходзіла ў свет тады шмат – каля паўсотні хлопчыкаў і дзяўчынак штогод рэгістравалася толькі ў Якаўчыцкім сельсавеце.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Надзея Васільеўна не сядзела склаўшы рукі і яшчэ дзесяць гадоў адпрацавала ў калгасе на сезонных работах, дапамагаючы на жніве.
У яе хаце заўжды прыбрана і ўтульна, а на агародзе – усё, што для здаровага харчавання патрэбна. Паміж суседзямі Надзея Якімовіч карыстаецца павагаю, аднавяскоўцы гавораць пра яе, як пра добрага, таварыскага чалавека.
Шчыра жадаем Надзеі Васільеўне шмат душэўных і фізічных сіл, доўгіх гадоў жыцця, здароўя, клопату і любові блізкіх ёй людзей.
На здымку: Надзея ЯКІМОВІЧ са старшынёй Жабінкаўскага сельвыканкама Галінай АКУЛІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.