Прямая линия с руководителем района прошла 22 марта

Прямая линия с руководителем района прошла 22 марта

22 сакавіка была арганізавана “прамая лінія” са старшынёй райвыканкама М.В.Токарам. На працягу дзвюх гадзін жабінкаўцы маглі званіць кіраўніку раёна, каб атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні. Многія ўзяты на кантроль, з іншымі давядзецца разбірацца, не ўсе іх можна было вырашыць адным махам і ажыццявіць пры дапамозе чароўнай палачкі — неабходны фінансавыя ўкладанні. Тыя праблемы, што патрабавалі дадатковага вывучэння, былі адрасаваны кіраўнікам службаў і арганізацый.
Сёння “Сельская праўда” друкуе пытанні і адказы на іх М.В. Токара. Мяркуем, што некаторыя з іх цікавяць і чытачоў.
— У падвале нашага дома стаіць вада. Усю зіму адкачваем. Канавы, па якіх сходзіла б вада, засыпаныя. Што рабіць?
Л.М.Кіпцэвіч з г.Жабінка, вул.Лясная, д.10.
— Ваш дом пабудаваны не ўчора, падвал глыбінёй болей 2 метраў. Раней пытанне з падтапленнем не ўзнікала. Цяпер жа зацяжныя моцныя дажджы сталі прычынай пад’ёму ўзроўню грунтовых вод. У Жабінцы, напрыклад, у параўнанні з 2008 годам ён павялічыўся на 2 м 40 см. Што датычыцца каналаў, дык іх засыпалі самі жыхары. Хутка вырашыць вашу праблему наўрад ці ўдасца. Калі ў перспектыве правядзем асушэнне земляў з боку вуліц Ф.Скарыны, Сонечная і Блакітная, будзем спадзявацца, што ўзровень грунтовых вод у Жабінцы панізіцца, і ў жыхароў вуліцы Лясная падвалы не будзе заліваць вада.
— Калі ў вёску Курпічы прыйдзе прыродны газ? Усе дакументы ў нас гатовыя.
В.М.Кінева.
— На гэты год запланавана газіфікацыя вёсак Чыжэўшчына і Старое Сяло, дарэчы, праектна-каштарысная дакументацыя на правядзенне работ тут падрыхтаваная адпаведна 2 і 3 гады назад. На гэтыя мэты выдзелена 1 мільярд 35 мільёнаў рублёў, хоць сродкаў яўна недастаткова. У Курпічах намечана пусціць блакітнае паліва ў наступным годзе. Спецыяльна ў вашай вёсцы і 20 домікаў летась “пасадзілі”. Так што будзеце з газам. Але ўсе аб’екты адразу газіфікаваць немагчыма, сродкаў у бюджэце такіх няма.
— Калі пракладуць каналізацыю на вуліцы Машэрава ў Жабінцы?
А.Г.Галавейка.
— Пакуль парадаваць нічым не магу. У першую чаргу патрэбна злучыць вуліцы Машэрава і Камсамольская. У вашым квартале вядуцца работы водапаніжэння. Упраўленне капітальнага будаўніцтва займаецца распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі. Як я і абяцаў людзям, да 2015 года пастараемся пракласці каналізацыю на вашай вуліцы. Але спачатку гэтыя работы, як і намячалася, выканаем на вуліцах Я.Коласа, Працоўная і Камсамольская. Для гэтых мэтаў неабходна звыш 7 мільярдаў рублёў. Сродкаў, якія сабралі тутэйшыя жыхары і 100 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту вядома недастаткова.
— Ці можна зрабіць падсыпку нашай вуліцы? Як доўга чакаць пракладкі на ёй каналізацыі?
І.Я.Рубец, г.Жабінка, вул.Здзітаўская, д.32.
— Што заўтра будзе на вашай вуліцы асфальт, абяцаць не буду, а пясок завязем, зробім падсыпку. На жаль, у раённым бюджэце не закладваюцца сродкі на рамонт дарог. Асабіста выеду, пагляджу, як можна навесці парадак на Здітаўскай.
З пракладкай каналізацыі ў вашым квартале “Паўднёвы” давядзецца пачакаць. Чарга дойдзе да вас толькі ў 2014 годзе. Такіх кварталаў у Жабінцы 5. На гэта спатрэбіцца шмат грошай, каля 40 мільярдаў і зрабіць усё адразу немагчыма. Гавару як ёсць, каб разумелі.
Некалькі пытанняў задала М.В.Токару жыхарка пасёлка Ленінскі Н.В.Лецка.
— 1. Вялікая праблема трапіць на прыём да хірурга ў раённай паліклініцы. Заўжды ля яго кабінета чэргі. Не дастаткова пяці талонаў, якія выдаюць у рэгістратуры. Магчыма, неабходна арганізаваць прыём яшчэ аднаго такога спецыяліста, хаця б для прафаглядаў.
2. Доктар з нашай Ленінскай амбулаторыі не дае бальнічны ліст, калі тэмпература ў чалавека менш чым 37 градусаў, хоць у яго ёсць прыкметы вострай рэспіраторнай інфекцыі. На мой погляд, гэта няправільна, да кожнага хворага павінен быць індывідуальны падыход.
3. Хацела ўладкавацца на працу ў сацыяльны прытулак (у мяне 2 спецыяльнасці: педагог і медыцынскі работнік), я не пенсійнага ўзросту. Лічу, што магу разлічваць на такую работу, тым больш, побач з домам. Кадравік з аддзела адукацыі райвыканкама спаслаўся, што прытулак праз некалькі месяцаў закрыюць і прапанаваў уладкавацца медсястрой у дзіцячы сад у г.Жабінка з акладам 240 тысяч рублёў. Было гэта год таму назад. Прытулак не закрылі, а я так і засталася без работы.
Старшыня райвыканкама ўважліва выслухаў Н.В.Лецка. Яе пытанні будуць накіраваны для разгляду ва УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” і аддзел адукацыі райвыканкама, пасля вывучэння яна атрымае адказы на іх.
— З санаторыя “Буг” патэлефанавалі. Нашы дзеткі ходзяць сюды ў дзіцячы садок. Ён закрываецца. Ці будзе арганізаваны падвоз малых у пасёлак Ленінскі?
— Безумоўна. Аўтобус санаторыя будзе адвозіць іх. Абавязкова назначаць адказнага, скажам, хто жыве ў санаторыі “Буг” і працуе ў пасёлку. Не хвалюйцеся. Згадзіцеся, дзеля 6 дзетак не варта трымаць тут такую ўстанову.
— Чаму дагэтуль не заасфальтавана вуліца Лугавая ў Жабінцы? Столькі мам маладых. З каляскамі немагчыма хадзіць. Каля гаражоў зусім не прайсці.
— Я ведаю, што ваша вуліца праблемная. Сёлета намечана пракласці тут асфальт, яе добраўпарадкаванне на першым плане, але абяцаць 100-працэнтна не магу. Усё будзе залежаць ад фінансавых сродкаў.
— Мая другая праблема датычыцца гандлёвага абслугоўвання, — прадоўжыла жанчына, якая не назвала сябе. — У магазіне №7, што на вуліцы Міру, д.10, атрымліваю дзіцячае харчаванне. Не аднойчы ад загадчыцы даводзілася чуць грубасць і зневажанне. У мяне і сведкі ёсць. Прасіла кнігу заўваг і прапаноў — не далі. Што рабіць?
— Раз грубіяніць, трэба вучыць ветлівасці і культуры абслугоўвання. Ваша праблема будзе перададзена кіраўніцтву райспажыўтаварыства.
— Мікалай Васільевіч, звяртаюся да вас ад імя жыхароў з вуліцы Савецкая, д.9 райцэнтра. Яшчэ да “Дажынак” збіраліся ў нашым доме дах адрамантаваць, дагэтуль не зрабілі.
— Такіх дамоў з плоскімі дахамі ў Жабінцы 56. Пакрысе іх рамантуем, але ў першую чаргу, дзе найбольш крытычная сітуацыя. Сёлета адновім дахі на трох дамах па вуліцах Калініна, 1, Камуністычная, 26 і Зарэчная, 14. Зараз тут вядуцца работы.
— Патлумачце, калі ласка, ці будзе пракладзена на вуліцы Зоі Касмадзям’янскай каналізацыя?
А.А.Мацвяюк.
— Неабходна ствараць кааператыў, збіраць грошы, заказваць праект. Магчымасць такая ёсць, тым больш, на будучы год запланавана рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у мікрараёне цукровага завода. Звяртайцеся ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, там падкажуць з чаго вам патрэбна пачынаць.
— І яшчэ пытанне ад жыхароў цукразаводскага мікрараёна. Вуліцу Садовая абяцалі заасфальтаваць, ці атрымаецца?
— Ёсць дамоўленасць, што цукровы завод выканае гэтыя работы за свае сродкі сёлета.
— У мяне пытанне наконт руху аўтобуса. Раней ён быў у Шчэгліках, дзе я жыву, у 7.30. Было зручна дабірацца ў Жабінку. Цяпер гэты рэйс адмянілі. Пусцілі маршрут “Старое Сяло — Жабінка” з адпраўленнем у 7.40. Каб быць своечасова на рабочым месцы тым, хто працуе на камбікормавым і асфальтным заводах, райсельгастэхніцы даводзіцца “ляцець на крылах”. Ці магчыма, каб аўтобус адпраўляўся са Шчэглікаў паводле ранейшага графіку?
— Будзем разбірацца. Трэба вывучыць гэтае пытанне.
— На Шчэглікаўскіх могілках старыя сосны ствараюць пагрозу помнікам. Хацелі сёлета сабраць грошы, заказаць кран і ўбраць іх. Звярнуліся ў сельсавет, нам адказалі, што інспекцыя прыродных рэсурсаў не дае дазвол на гэта.
— Сухія дрэвы, безумоўна, патрэбна выдаляць. І тыя, што рушаць помнікі таксама. Ваша пытанне без увагі не застанецца.
— Турбуюць вас, Мікалай Васільевіч, з ЖБСК-17. У падвале стаіць вада. Ніхто яе не адкачвае.
— Не зусім так. ПМК-10 прымаліся меры ў гэтым накірунку. Цяпер вады, напэўна, ужо няма ў падвале. Сёлета падняўся ўзровень грунтовых вод, нават праекціроўшчыкі не прадугледзелі, што можа так здарыцца. Выйсце знайшлі: будзе пракапаны канал, зроблена ліўневая каналізацыя.
— У раёне вуліц Ураджайная, Кветкавая, Брэсцкая горада сталі хадзіць лісы. Адну застрэлілі, якая была шалёнай…
— Ведаем гэтую праблему. Ліс адстрэльваюць. Але звяркоў развялося шмат, на некаторыя вёскі накладзены каранцін.
— Маё другое пытанне датычыцца дарог, што ідуць па згаданых вуліцах. Няўжо нельга іх падсыпаць?
— Цяжка адказаць станоўча на ўзнятае пытанне. Упарадкоўваць гэтыя дарогі патрэбна. Пастараемся зрабіць іх падсыпку.
— А яшчэ адкажыце, што будуць рабіць з бадзячымі сабакамі, адстрэльваць ці адлоўліваць?
— Іх будуць адлоўліваць. Абсталёўваецца прычэп, патрэбна закупіць сетку, падрыхтаваць людзей, якія будуць займацца гэтым. Даручэнне дадзена ЖКГ.
— У бацькоў з вёскі Падлессе, чые дзеці ходзяць у Хмелеўскую школу, ёсць просьба: арганізаваць іх адвоз адтуль у гадзін 15. Яны ад’язджаюць у 7.30 і вяртаюцца дамоў у 17.00. Не задавальняе і школьнае харчаванне. Ежа халодная. Дзеці скардзяцца.
— Няўжо так дрэнна кормяць у школьнай сталоўцы? Абяцаю разабрацца. А што датычыцца падвозу школьнікаў, дык калі гэта не звязана з навучальным працэсам, памяняем расклад руху школьнага аўтобуса.
— Мікалай Васільевіч, да вас ад мам і бабуль, якія часта гуляюць з дзецьмі ў гарадскім парку, звяртаецца Наталля Васільеўна Андрасюк. Мы не можам адпачываць там з малымі з-за гракоў, крыкі птушак перашкаджаюць ім заснуць. Акрамя таго, няма дзецям тут чым заняцца, не зроблены гульневыя пляцоўкі, арэлі…
Гэта вельмі правільнае пытанне. Дзякуй за яго. Атракцыёны, гульневыя пляцоўкі ў гарадскім парку патрэбныя, сёлета пастараемся купіць, а таксама ўстанавіць іх.
Падрыхтавала С.Мікалаева.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top