Сардэчна-сасудзістыя захворванні з’яўляюцца асноўнай прычынай заўчаснай смерці і інваліднасці як у большасці еўрапейскіх краін, так і ў Беларусі.
У нашым раёне за мінулы год зарэгістравана 177 выпадкаў смерці ад хвароб сістэмы кровазвароту, што складае 51,3% ад агульнай смяротнасці. На долю сардэчна-сасудзістых захворванняў прыпадае 23 %. Летась упершыню выяўлена 509 выпадкаў захворванняў сістэмы кровазвароту, у тым ліку 217 – сярод асоб працаздольнага ўзросту. Усяго на дыспансерным уліку па дадзенай назаалогіі знаходзіцца 5262 чалавекі, у тым ліку працаздольнага ўзросту – 1827.
У аснове сардэчна-сасудзістых захворванняў ляжыць ішэмічная хвароба сэрца і атэрасклероз. Залішняя колькасць халестэрыну ў крыві ўплывае на абменныя працэсы, у выніку чаго на сценках сасудаў утвараюцца атэрасклератычныя бляшкі, якія пастаянна павялічваюцца і закрываюць прасвет сасудаў. Узнікае недастатковасць паступлення крыві да органаў і тканак. Ва ўзнікненні ішэмічнай хваробы сэрца адыгрываюць ролю і іншыя фактары рызыкі: генетычныя – павышэнне артэрыяльнага ціску, атлусценне, цукровы дыябет; фактары паводзін – курэнне, ужыванне алкаголю, стрэсы, маларухомы лад жыцця. На ішэмічную хваробу сэрца пакутуюць часцей мужчыны. Наяўнасць некалькіх фактараў павялічваюць смяротнасць у 5-7 разоў. Кожны чалавек павінен ведаць пра свае ўласныя фактары рызыкі, каб своечасова змяніць лад жыцця і тым самым прадухіліць магчымасць праблем са здароўем.
Для эфектыўнай прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў і іх ускладненняў неабходна выконваць усяго шэсць правілаў:
1. Кантралюйце ваш артэрыяльны ціск. У пацыентаў з ішэмічнай хваробай сэрца і павышаным артэрыяльным ціскам узровень яго не павінен перавышаць 140/90 мм ртутнага слупка. Пры павышэнні артэрыяльнага ціску неабходна прымаць таблеткі, якія паніжаюць яго, і назірацца ва ўчастковага ўрача-тэрапеўта.
2. Кантралюйце ўзровень халестэрыну. У сыроватцы крыві ён павінен быць ніжэй за 5 ммоль/л, у пацыентаў з клінічнымі праяўленнямі сардэчна-сасудзістых захворванняў і дыябетам узровень павінен быць ніжэй за 4,5 ммоль/л.
3. Харчуйцеся правільна. Пацыентам з атлусценнем ці залішняй вагою неабходна абмежаваць агульнае спажыванне калорый і павысіць фізічную актыўнасць. Для прафілактыкі атэрасклерозу рэгулярна ўжывайце гародніну і садавіну, малочныя і мясныя прадукты з нізкім утрыманнем тлушчу.
4. Займайцеся фізічнымі практыкаваннямі. Рэкамендуюцца ўмераныя фізічныя нагрузкі: хуткая хада, бег трушком, язда на веласіпедзе, плаванне.
5. Не пачынайце курыць, а калі курыце – паспрабуйце кінуць, якім бы цяжкім гэта не здавалася.
6. Пазбягайце працяглых стрэсаў.
Віталь ВЯЛЬКО, раённы тэрапеўт УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%