Свой афганскі след

Худик

Колькі маладых людзей прайшло праз неаб’яўленую вайну ў Афганістане! Колькі склалі галовы на ёй! А тыя, каму было суджана вярнуцца дамоў, жывуць памяццю пра вайну і сяброў-герояў. Адзін афганец, напрыклад, расказваў, што дагэтуль не можа глядзець на зорнае неба, бо яно ўяўляецца яму чорным палатном, якое прабілі душманскія кулі. Мусіць, і Васілю Худзіку стала патрэбай распавесці сваю афганскую гісторыю, калі ён адшукаў мяне для таго, каб падзяліцца ўспамінамі.

– Нарадзіўся я ў вёсцы Крыўляны 31 сакавіка 1950 года, – пачаў свой аповед Васіль Гаўрылавіч. – Паспеў адбыць службу ў войску, застаўся на звыштэрміновую. Быў інтэндантам у лётным палку, які размяшчаўся ў Лепелі Віцебскай вобласці. Ажаніўся, нарадзілася дачка.
У пачатку 1982 года загаварылі, што наш полк павінны перакінуць у Германію, а ў маі нечакана павезлі ў Маскву, а адтуль у супрацьлеглым напрамку – у Ташкент, каб адправіць у Афганістан.
На ўзбекскай зямлі надоўга лётчыкі не затрымаліся: неўзабаве яны аказаліся ў Кабуле, а затым і на месцы дыслакацыі ў горадзе Джэлалабад, што за трыццаць кіламетраў ад пакістанскай мяжы.
Васіль Гаўрылавіч прыгадвае тры выпадкі са сваёй афганскай “адысеі”, калі заставаўся на валасок ад гібелі.
– Я быў начальнікам кватэрна-эксплуатацыйнай службы вайсковай часці. Не, мне не выпала адбіваць атакі душманаў – у мяне былі свае абавязкі: неабходна было забяспечваць ваеннаслужачых адзеннем, ежай, вадой ды святлом, – працягвае расказ суразмоўца. – Пра цяпло тут ніхто і не гаварыў, бо зімою была тэмпература каля плюс 25 градусаў, а летам – усе шэсцьдзясят. Хаця розных непрыемных інцыдэнтаў было дастаткова.
Вось павезлі мы ў Кабул абсталяванне для дызельнай электрастанцыі. Ля мячэці заўважылі вялікую групу афганцаў. Яны нядобрымі выкрыкамі сустракалі нашу машыну, а тут яшчэ прапаршчык, што суправаджаў груз, схапіўся за аўтамат: “Вось гэты, – паказаў ён, – застрэліў майго лепшага сябра!” Я быў вышэйшы па званні і збіў ягоную пыху, загадаў: “Апусці аўтамат! Усе афганцы ў цюбіцейках ды з бародамі і як бы аднаго аблічча, так што невядома, хто забіў твайго сябра”. Я загадаў шафёру павярнуць управа, каб вакольнымі вулачкамі аб’ехаць непрыязна настроены натоўп. На аэрадроме разгрузіліся і назад вярнуліся без прыгод, бо мясцовыя маліліся ўжо ў мячэці.
Другі раз нас збярог яго вялікасць шчаслівы выпадак. Увечары нам павінны былі паказаць новую савецкую двухсерыйную кінастужку. У прамым паняцці “кінатэатра” ў нас не было. Проста нацягнутае белае палатно-экран, а вакол – лаўкі, на якіх месціліся сотні байцоў.
Калі скончылася першая серыя, салдат, што круціў кіно, аб’явіў, што другую сёння паказваць не будуць, бо яна пакуль у камандзіра. Людзі разышліся, а хвілін праз пятнаццаць-дваццаць пачаўся абстрэл мясцовасці. Стралялі з розных ствалоў, у тым ліку і з мінамётаў. Як праз дзень зайшлі на тое месца, дзе глядзелі фільм, дык там усё было ў варонках, перамешана з зямлёй. Як жа ўсім пашанцавала, што не было другой серыі. Інакш засталіся б у той “кіназале” сотні забітых…
Быў і трэці выпадак. У восемдзясят трэцім годзе, незадоўга да майго вяртання на Радзіму, я павінен быў ляцець у Ташкент за таварамі і прадуктамі. У апошні момант камандзір не падпісаў мне дакументаў і паляцеў начальнік па тыле, зямляк з Брэсцкай вобласці.
Праз дзень дайшла вестка, што самалёт разбіўся ў гарах. Гэта мела вялікі рэзананс, так што прылятаў у часць, дзе служыў Васіль Худзік, надзвычай вядомы журналіст-міжнароднік Аляксандр Каверзнеў, які здымаў дакументальны фільм “Афганскі дзённік”. Васілю Гаўрылавічу давялося не толькі пабачыць чалавека, рэпартажы якога з афганскай зямлі глядзелі і чакалі жыхары СССР, але і дапамагаць здымачнай групе. Дарэчы, гэта была апошняя камандзіроўка Каверзнева, які быў атручаны ў Афганістане і памёр праз колькі дзён пасля вяртання дамоў.
А тады доўга не маглі знайсці самалёт, і камандаванне змясціла аб’яву: таго, хто пакажа месца гібелі, чакае ўзнагароджанне. Дні праз два нехта з мясцовых жыхароў падвёў да цясніны, у якой валяліся астанкі самалёта. І паплылі цынкавыя труны ў Саюз.
– Анёл-ахоўнік і на гэты раз збярог мяне, – скрушна распавядае Васіль Худзік, – але вечна так не магло быць. Трэба было збірацца дадому, тым болей, што заканчваўся кантракт і ад жонкі прыйшло пісьмо, у якім яна паведамляла пра хваробу дачкі. І ў хуткім часе я вярнуўся ў Лепель, а затым перабраліся на пастаяннае жыхарства ў Жабінку.
У розны час па-рознаму ацэньвалі ўдзел Савецкага Саюза ў вайне на афганскай зямлі, але воіны-інтэрнацыяналісты, верныя прысязе, не шкадавалі жыцця і выконвалі свой салдацкі абавязак. Не ўсе вярнуліся дамоў, дый сёння іх меншае. У гэтым не першы раз пераконваемся, калі покліч-звон збірае воінаў-афганцаў да помніка, устаноўленага ў райцэнтры ў гонар іх славы.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымку: Васіль ХУДЗІК у час службы ў Афганістане.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.