Іх ужо пяцёра…

олени

Славутасцю заапарка ў санаторыі “Надзея”, размешчанага ў маляўнічай частцы сасновага бору ў Жабінкаўскім раёне, з’яўляецца сям’я плямістых аленяў: “тата”, “мама”, “дачка” і народжаная летась яшчэ адна “дзяўчынка”. Для іх абсталяваны на беразе Мухаўца вялікіх памераў вальер, дзе алені адчуваюць сябе ў небяспецы, як выходзяць з прыродных зараснікаў да кармушак. А зусім нядаўна ў сям’і дзікіх звяроў з’явілася папаўненне – маленькае сімпатычнае аленяня. Цяпер іх ужо пяцёра. А нараджэнне ў няволі толькі падкрэслівае, што да братоў нашых меншых тут адносяцца ўважліва. Дарэчы, сёлета ў санаторным парку нарадзіліся таксама дзве сімпатычныя козачкі, камерунскі казёл і ослік, якога назвалі Яша. Не падвялі і серабрыстыя фазаны – вакол прыгожай пары радасна шчабечуць восем птушанят.
Але вернемся да герояў гэтага аповеду.
Плямісты алень жыве ў паўднёвым Прымор’і і паўночна-ўсходнім Кітаі, але ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя быў завезены на Каўказ і ў сярэднюю паласу еўрапейскай часткі Расіі і Беларусі. Праз пастаяннае паляванне і дзеянні браканьераў колькасць іх то змяншаецца, то павялічваецца, прычым памеры тэрыторыі, якую займаюць плямістыя алені, залежаць ад якасці і аб’ёмаў кармавой базы. Харчуюцца яны травяністымі раслінамі, лістамі дрэў і кустоўяў, грыбамі і ягадамі, зімой паядаюць маладыя галінкі і кару. У санаторным вальеры ўсяго гэтага дастаткова, але аленям раскладваюць у спецыяльных кармушках дадатковы корм і ставяць ёмістасці з вадой.
Цяпер наяўнасць плямістага аленя ў дзікай прыродзе невялікая – менш як тры тысячы галоў, а таму нараджэнне ва ўмовах вальернага ўтрымання – вялікая заслуга адміністрацыі і санаторыя “Надзея”. Чырвона-рыжая афарбоўка з прыгожымі светлымі плямамі гадаванцаў заапарка прыцягвае адпачываючых. Яны фатаграфуюць гэтых прыгажуноў. Атрыманыя здымкі пры вяртанні дадому будуць паказаны сябрам і знаёмым ва ўсіх куточках некалі вялікай краіны. Акрамя беларусаў, у санаторыі папраўляюць сваё здароўе расіяне, украінцы, прыбалты, каўказцы і нават жыхары далёкай ад нас Сярэдняй Азіі. Частыя госці санаторыя – палякі, немцы і чэхі. І ўсе без выключэння ў час знаходжання ў санаторыі па некалькі разоў наведваюць заапарк, назіраюць у тым ліку і за жыццём сям’і плямістых аленяў.
Цяпер ва ўсім свеце крыху больш за адну тысячу заалагічных паркаў, і гэта, на жаль, вельмі і вельмі мала. Таму стварэнне невялікага заапарка заўсёды вітаецца і заахвочваецца. Кіраўніцтва УП “Брэстаблгаз” і адміністрацыя санаторыя “Надзея” паказалі свае адносіны да праблемы захавання рэдкіх відаў жывёл. І сям’я, цяпер ужо з пяці плямістых аленяў, лепшае таму пацвярджэнне.
Альберт БАГДАСАРАЎ, прафесар.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.