На Жабинковщине начался сев

На Жабинковщине начался сев

Веснавая пасяўная пачалася на Жабінкаўшчыне са спазненнем. Тыя гаспадаркі, у якіх землі вышэйшыя, выбарачна сеюць яравыя культуры. Шчыруюць сейбіты на палях у СВК “Маціевічы”, “Арэпічы” і “Шпіталі”, у ААТ “Ракітніца” і “Жабінкаўскі”.
Каб увачавідкі пераканацца, што сяўба на палях раёна пачалася, завіталі ў ААТ “Жабінкаўскі”. Пакуль механізатары былі ў чаканні адтавання верхняга слою глебы (ноччу ў паветры быў марозец) пагутарылі з галоўным аграномам Аляксандрам Мікалаевічам Рубанавым.
— Хуткаму падсыханню глебы садзейнічаюць на ўзвышаных месцах сонца і вецер. Такія ўчасткі ёсць на нашых палях, — расказваў А.Рубанаў. Сеем пакуль авёс і ячмень двума пасяўнымі агрэгатамі ў счэпцы з трактарамі “Джон Дзір” і айчынным энерганасычаным 3022 “Беларус”. Андрэй Кузнец сее ячмень, а Уладзімір Аксюцік — авёс. Праца спорыцца ў механізатараў, таму што яны займаюцца сяўбой ужо не адзін год.
Сёлета нам неабходна яравымі культурамі пасеяць 1490 гектараў. Зерневы палетак абавязаліся засеяць за 10 дзён, каб захаваць вільгаць у глебе. Як толькі ўчасткі падсохнуць, пасяўныя экіпажы будуць працаваць у дзве змены, справімся ўласнымі сіламі.
Пакуль размаўлялі з галоўным аграномам, Андрэю Кузняцу быў падвезены насенны ячмень Віктарам Драпеза. Хвіліна-другая і сеялка запраўлена, але механізатар не спяшаецца пракладваць раллю. Сонца ўсё вышэй узнімаецца над полем, напойваючы цеплынёй глебу. Неўзабаве чуем: “Пара сеяць, верхняя марозная скарынка растала”. Трактар “пабег” па ўчастку, які быў падрыхтаваны да сяўбы яшчэ з восені, як сказаў Аляксандр Рубанаў. Пад поўную запраўку былі ўнесены арганічныя і мінеральныя ўгнаенні.
У ААТ “Жабінкаўскі” да яравой сяўбы рыхтуюцца загадзя і карпатліва. Найперш, як высветлілася, паклапаціліся пра насенне. Першую рэпрадукцыю яго закупілі ў ААТ “Ракітніца”. Распрацавалі ўмовы таварысцкага саперніцтва, якія падахвочваюць і механізатараў, і сейбітаў выконваць работу эфектыўна і якасна, што будзе ўлічвацца пры падвядзенні вынікаў пасяўной. А яшчэ ўсе, хто працуе ў полі, атрымліваюць абеды з рэстарана “Вясёлка”. Такія меры дысцыплінуюць земляробаў, актывізуюць на прадукцыйную працу. Пакуль сяўба ў нашай гаспадарцы носіць выбарачны характар, — зазначыў галоўны аграном. — З цягам часу пачнецца масавая сяўба. Штодзень сонца прагравае і прасушвае глебу шпарчэй. Думаю, правядзём яе ў сціслыя тэрміны, таму што і араты, і сейбіт гатовыя працаваць у дзве змены, толькі б дазваляла надвор’е. Як толькі пасеем авёс і ячмень, прыступім да віка-аўсяных сумесяў. Для эфектыўнай сяўбы ў нас ёсць усё: падрыхтаваныя ўчасткі, якасны пасяўны матэрыял, удосталь паліва і вялікае жаданне саміх земляробаў — здаць першы вясновы экзамен на выдатна.
Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top