Яркія колеры свята

94IMG_9931IMG_9894IMG_9813IMG_9805132128374857626768697052IMG_7214

 http://www.zhabinka.by/?page_id=11167

 

 

Ні на крок не адступім ад ісціны, калі ўпэўнена скажам: такога насычанага, разнастайнага і шматлюднага свята Жабінка яшчэ не бачыла за ўсе гады існавання. Наш горад і яго жыхары даказалі, што ўмеюць не толькі натхнёна працаваць, ствараючы дабрабыт і прыгажосць наўкола, але й выдатна сустракаць гасцей, якія пажадалі падзяліць з імі радасць цудоўнага юбілею.
Ахапіць усе без выключэння запамінальныя моманты праграмы проста нерэальна. Таму прыгадаем найбольш яркія колеры, на якія было багата жабінкаўскае свята.

Дзень першы

Памяць пра загінулых жывая

Распачаў юбілейныя мерапрыемствы ўрачысты мітынг, прысвечаны вызваленню Жабінкаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у пятніцу, 21 ліпеня.
Штогод у гэты дзень мы з удзячнасцю ўзгадваем пра мужнасць франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, пра гераізм і стойкасць працаўнікоў тылу. Мы аддаём даніну памяці тым, хто, не шкадуючы жыцця, вызваляў нашу зямлю ад фашысцкай навалы. Кіраўніцтва раёна і прадстаўнікі працоўных калектываў, якія прынялі ўдзел у мітынгу, усклалі кветкі і вянкі да помніка загінулым воінам і партызанам і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць аб іх.

Сімвал прымірэння і кахання

Затым у адным з самых галоўных месцаў адпачынку Жабінкі – на прыстані ля гарадскога возера – адбылася прэзентацыя новага арт-аб’екта пад адкрытым небам. Гэты сімвалічны падарунак – лавачку кахання і прымірэння, якая ўпрыгожыла набярэжную – жабінкаўцы атрымалі ад адміністрацыі раёна і Жабінкаўскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пад час адкрыцця арт-аб’екта дырэктар прадпрыемства Генадзь Камянец выказаў упэўненасць, што яна стане любімым месцам адпачынку жыхароў горада і гасцей, сімвалам прымірэння, любові і лёсаносных сустрэч.
Да слова, праца і творчы падыход камунальнікаў да добраўпарадкавання нашага горада бачны і годна ацэнены жыхарамі райцэнтра. Веласіпеды, матылькі і парасоны з кветкамі сталі галоўнымі аб’ектамі фотасесій для моладзі, захаплення і здзіўлення.
Права адкрыць чарговы з іх – лаўку прымірэння – было дадзе-на маладой сям’і Юліі і Андрэя Бандарукоў, якая нарадзілася сёлета. Калі маладзёны знялі тканіну, якой была накрыта лаўка, з-пад яе вылецелі чырвоныя паветраныя шары – сімвал гарачага і ўзаемнага кахання. Каб яно панавала ў сям’і і не было спрэчак і рознагалоссяў, маладыя муж і жонка прыселі на лаўку і сфата-графаваліся на памяць. Такой жа магчымасцю мог скарыстацца потым і любы жадаючы.

Лепшы падарунак – дзецям

Яшчэ адзін падарунак у той дзень атрымалі самыя юныя жыхары нашага райцэнтра і іх бацькі. Жабінка – горад маладых, і кожныя мама і тата, у сям’і якіх падрастаюць малышы, марылі пра сучасную дзіцячую гульнёвую пляцоўку, з нецярплівасцю чакалі яе адкрыцця, бо, як вядома, для здароўя дзіцяці карысныя моцны сон, добрае харчаванне і рухомыя гульні на свежым паветры.
І вось мроя ажыццявілася – такая пляцоўка з’явілася! А ўсё дзякуючы кіраўніцтву раёна, КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” пры фінансавай падтрымцы гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Санта Рытэйл”. На ўрачыстае адкрыццё доўгачаканага для ўсіх жабінкаўцаў аб’екта сабралася, мабыць, палова жыхароў райцэнтра. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі заўважыў, што з’яўленне дзіцячай пляцоўкі – цудоўны падарунак да 200-годдзя Жабінкі. Кіраўнік раёна падзякаваў дырэктару ГУП “Санта Рытэйл” Аляксандру Чуйко, які прысутнічаў на ўрачыстасці, абнадзеіў жыхароў мікрараёна цукровага завода, што ў хуткім часе і ў іх таксама з’явіцца дзіцячая пляцоўка. Дзмітрый Мікалаевіч заклікаў, каб кожны жабінкавец уносіў свой уклад у развіццё горада і раёна, каб Жабінка квітнела і прыгажэла.
Перарэзалі чырвоную стужку і адкрылі гульнёвую пляцоўку Дзмітрый Мікалаевіч і Аляксандр Мікалаевіч разам з дзецьмі. Пасля гэтага хлопчыкі і дзяўчынкі пад пільным наглядам бацькоў дружна рынуліся асвойваць горкі і арэлі ўсялякіх разнавіднасцяў.
Пляцоўка напоўнілася дзіцячымі галасамі, радасным эмоцыям не было мяжы. Непрыхаванае захапленне ўбачыла ў вачах Машы Губіюк, якая больш за ўсё любіць гойдацца на арэлях. З радаснымі крыкамі раз за разам спускаліся з горак Галя і Ліля Шаляговічы, якія прыйшлі на адкрыццё пляцоўкі з татам Андрэем. Нягледзячы на наяўнасць горкі, арэляў і батута ў двары іх дома, Уладзік Скачыкоўскі чакаў адкрыцця дзіцячай пляцоўкі ў парку, куды ён любіць хадзіць адпачываць з мамай.
Вольга Макоўская з сынам Ромам і дачкой Сафіяй прыехалі са сталіцы да бабулі на лета ў Жабінку. Вольга адзначыла: у Мінску ля іх дома няма такой разнастайнасці дзіцячых прыстасаванняў, і дадала, што нашаму райцэнтру, безумоўна, не хапала падобнай гульнёвай пляцоўкі.
Алёна Петравец на працягу ўсяго часу яе будаўніцтва прыходзіла ў парк з сынамі: 6-гадовым Яраславам і 8-месячным Даніілам, якія не маглі дачакацца адкрыцця такога яркага, прыгожага дзіцячага куточка для адпачынку і гульняў.

Духоўнасць прынеслі палотны і спевы

У гарадскім Доме культуры ў той дзень таксама панавала святочная атмасфера – пад класічныя мелодыі музыкантаў дзіцячай школы мастацтваў адчынілася персанальная мастацкая выстава Вольгі Данілюк. На яе палотнах увасобіліся знаёмыя жыхарам мясціны горада, а работы прыцягвалі публіку самых розных узростаў. Наведвальнікі паглядзелі відэаролік пра творчасць таленавітай мастачкі, жадаючыя набылі памятныя паштоўкі з аўтографамі і пакінулі пісьмовыя ўражанні ў кнізе запісаў.
Раптоўны моцны дождж не стаў перашкодай для тых, хто марыў патрапіць на канцэрт Архіерэйскага хору Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска пад кіраўніцтвам нараджэнца Жабінкаўшчыны Віталя Сабалеўскага.
Словам, гэты дзень і яркія ўражанні запомняцца і дарослым, і малым надоўга, як і наступны, калі ўся Жабінкаўшчына святкавала Дзень горада і яго 200-гадовы юбілей.

Дзень другі

Узнагароды – лепшым

У суботу цэнтральная частка Жабінкі ператварылася ў вялікую святочную пляцоўку. У святкаванні юбілею горада прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Васіль Герасімаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Жанна Стаціўка, першы намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Токар – былы кіраўнік раёна – і сённяшні Дзмітрый Гарадзецкі, кіраўніцтва горада Брэста, Бярозаўскага і Брэсцкага раёнаў, а таксама дэлегацыя Тамашоўскага павета Рэспублікі Польшча.
Хвалюючым момантам стала ўганараванне лепшых працоўных калектываў і працаўнікоў. Граматамі Брэсцкага аблвыканкама былі ўзнагароджаны: працоўны калектыў Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (дырэктар Раіса Мышкавец) і машыніст экскаватара ПМК № 19 ДУВП “Брэстводбуд” Сяргей Мазанік; Граматай абласнога Савета дэпутатаў – працоўны калектыў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” (генеральны дырэктар Віктар Міронаў); Лістамі падзякі аблвыканкама – працоўны калектыў ПГУП “Ева-ЛэндАгратэхніка” (дырэктар Ігар Манчак) і галоўная медыцынская сястра Жабінкаўскай ЦРБ Наталля Спіцына. Знайшлі сваіх адрасатаў граматы і лісты падзякі райвыканкама.
Са словамі віншаванняў да жабінкаўцаў звярнуўся былы кіраўнік раёна Мікалай Токар. Ён заўважыў, што Жабінка за 200 гадоў свайго існавання ператварылася ў прыгожы, утульны горад, які дынамічна развіваецца, расце, павышаецца якасць жыцця жыхароў Жабінкаўшчыны.
­– У нас багатая гісторыя, вялікія перспектывы, шмат планаў і ідэй, – гаварыў, нібы ў працяг, сённяшні старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. – Жыхары Жабінкі зацікаўлены ў развіцці рэгіёна. Як лепшы па эканоміі рэсурсаў Жабінкаўскі раён занесены на рэспубліканскую Дошку гонару, па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця 2016 года прызнаны лепшым у вобласці. Гэта вынік штодзённай карпатлівай працы нашых калектываў, арганізацый, прадпрыемстваў.
Жанна Стаціўка, якая прадстаўляе інтарэсы нашага рэгіёна ў парламенце краіны, уручыла Дзмітрыю Мікалаевічу Прывітальны адрас ад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі і павіншавала ўсіх з 200-гадовым юбілеем райцэнтра.
Пра новыя перспектывы развіцця, якія адкрыліся з наданнем Жабінцы статуса горада-спадарожніка Брэста, гаварыў у віншавальным слове старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук. Аляксандр Сцяпанавіч уручыў кіраўніку нашага раёна сертыфікат на набыццё самай сучаснай гукаўзмацняльнай апаратуры і зазначыў, што ўзнікла ідэя пабудаваць культурны комплекс паміж Брэстам і Жабінкай, каб жыхары двух гарадоў маглі прысутнічаць на канцэртах самага высокага ўзроўню з запрашэннем вядомых сусветных калектываў, салістаў, музыкантаў.
Адным з самых урачыстых момантаў свята стала ўзнагароджанне былога генеральнага дырэктара Жабінкаўскага цукровага завода Генадзя Вялько – першага жабінкаўца, удастоенага звання “Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна”. Безумоўна, гэта вельмі значная падзея ў гісторыі нашага краю.
Акрамя таго, на святочнай сцэне былі падведзены вынікі раённага конкурсу на званне “Малады чалавек года”, што ў чацвёрты раз прайшоў на Жабінкаўшчыне. У ім прынялі ўдзел 12 маладых людзей, якія сваімі слаўнымі справамі праслаўляюць раён. Пераможцамі ў выніку сталі: у галіне сацыяльнай сферы – настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Жабінкі Сяргей Карпук; у галіне сельскай гаспадаркі – намеснік галоўнага бухгалтара ААТ “Вазнясенскі” Рыта Паўловіч; у галіне эканомікі, будаўніцтва, гандлю і прадпрымальніцтва – трактарыст філіяла КУП “Брэстаблдарбуд” Жа-бінкаўскае ДРБУ № 103 Мікалай Максімук; у намінацыі “Малады чалавек – адкрыццё года” – навучэнка сярэдняй школы № 3 Жабінкі і раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Юлія Урбан.
Не засталіся без узнагарод і пераможцы раённага конкурсу “Самая здаровая сям’я – 2017” – сям’я Лук’янчыкаў. Падарунак яна атрымала з рук дэпутата беларускага парламента Жанны Стаціўка.
Музычныя вінша-ванні пераможцам і ўсім, хто прысутнічаў на прыгожым юбілеі роднага горада, дарылі лепшыя калектывы Жабінкаўшчыны: “Каруначкі”, “Каларыт”, “Аляксандр-парк”, “Раздолле” і “Прысмакі”. Парадавалі сваімі цудоўнымі спевамі салісты ГДК. Асабліва горача гледачы віталі выступленні юных Насці і Мяланні Цімафіевічаў.

Кожны знайшоў занятак па душы

У гэты важны для Жабінкі дзень цэнтральная частка горада была ўмоўна падзелена на 11 пляцовак, кожная з якіх па-свойму здзіўляла і радавала ўсіх, хто завітаў на свята. Дарослыя з задавальненнем каталіся на лодках і катамаранах, веламабілях, слухалі выступленні мясцовых і прыезджых артыстаў, частаваліся шашлыкамі.
Дзеці ад душы весяліліся на батутах і атракцыёнах, якія былі ўстаноўлены па ўсім парку. Юныя жабінкаўцы маглі зрабіць сабе аквагрым, абсыпаліся парашковымі фарбамі, удзельнічалі ў віктарынах і конкурсах, у бяспройгрышных латарэях, стваралі карціны з каляровага пяску, радавалі сябе пакупкамі цацак і розных прысмакаў у гандлёвых палатках.
Усім без выключэння: і дарослым, і дзецям – былі цікавыя паказальныя выступленні спартсменаў-парашутыстаў, дэсантнікаў, кінолагаў, супрацоўнікаў Жабінкаўскага РАНС і іншых падраздзяленняў Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС. Апошнія інсцэніравалі дарожна-транспартнае здарэнне, тушылі аўтамабіль, які загарэўся, ратавалі пацярпелых пасажыраў – і ўсё гэта рабілі зладжана, прафесійна, хутка. Вадалазная служба Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС прадэманстравала, што здольная ў лічаныя хвіліны прыйсці на дапамогу людзям, якія трапілі ў бяду на вадзе. А потым на радасць малечы выратавальнікі наладзілі фантанную водную феерыю, якая была вельмі дарэчы ў 30-градусную спёку.
Адна акцыя змяняла другую! Напрыклад, “Здаровы горад – гэта мы” арганізавалі медыкі Жабінкаўскай ЦРБ, акцыю “Спёка!” (у час якой валанцёры раздавалі ўлёткі і прапаноўвалі ваду) – раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа, “Абмяняй цыгарэту на гематагенку” – работнікі Жабінкаўскай ЦРБ і цэнтральнай раённай аптэкі № 27 (а гематаген прадставіла ААТ “Экзон”). На алеі здароўя жадаючыя маглі атрымаць кансультацыі ўрачоў, рэкамендацыі фармспецыялістаў па прымяненні збораў з лекава-расліннай сыравіны, вызначыць вагу, рост, артэрыяльны ціск, глюкозу крыві. Непадробную цікавасць выклікала акцыя “Збяром фота Жабінкі розных гадоў”.

Вершы – у дар гораду-юбіляру

Дзякуючы конкурсу, арганізаванаму ў маі прафсаюзамі раёна з нагоды 200-х угодкаў роднага горада, паэтычная скарбонка вершаў-прызнанняў у замілаванасці да Жабінкі папоўнілася яшчэ на чатыры.
У святочны дзень свае ўзнагароды атрымалі тыя, хто паспрабаваў мілагучным, а часам і палымяным словам данесці сваю любоў да родных краявідаў, на якія багаты горад-юбіляр. Уганараванне тых, хто паэтычнымі радкамі выказаў любоў да роднага горада, адбылося ў зале раённай дзіцячай бібліятэкі.
Кіраўнік журы, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская абвясціла імёны Таццяны Няменьшай, Вячаслава Фядотава, Дзмітрыя Масейчука. Кожны з іх атрымаў сертыфікат для набыцця тавараў у магазінах філіяла “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы.
Пераможцам паэтычнага спаборніцтва прызнана Валерыя Маркоўская з вершам “Ты знаеш, мама…”

Хто ж у віктарыне святкаваў вікторыю?

Найлепшыя знаўцы гісторыі роднага горада свае цалкам заслужаныя ўзнагароды атрымалі непасрэдна з рук дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Выдавецтва “Пачатковая школа”» Вольгі Ванінай (разам са сваёй вялікай і дружнай сям’ёй Вольга Уладзіміраўна гасцявала на свяце). Дарэчы, сярод шматлікай друкаванай прадукцыі, што выходзіць у свет з лагатыпам “Пачатковай школы”, пачэснае месца займае часопіс для падлеткаў “Рюкзачок”. У ягоным ліпеньскім нумары, які вось-вось завітае да падпісчыкаў і ў бібліятэкі Беларусі, між іншым расказваецца пра славуты юбілей Жабінкі, яе вытокі, паданні, самабытнасць і сімвалы.
Кожнаму з прызёраў віктарыны давялося моцна парупіцца, каб правільна адказаць на пытанні. Дапамагалі кнігі па краязнаўстве, уласны досвед, расповеды старажылаў, “усемагутны” інтэрнэт.
Віншуем лепшых! Імі сталі Галіна Пасюк, якая заняла чацвёртае месца, на трэцім выніковым радку аказаўся наш няштатны карэспандэнт Міхаіл Кузіч, “серабро” – у Ганны Андрасюк, а пераможцаю віктарыны эрудытаў абвешчана Жанна Казак, якая памылілася толькі ў чатырох з сарака пытанняў, прапанаваных на конкурс. У сваёй прамове яна падзякавала арганізатарам і выказала пажаданне, каб падобныя краязнаўчыя спаборніцтвы мелі працяг і надалей на старонках раёнкі, паколькі спрыяюць цікавасці жабінкаўцаў да мінулага роднай зямлі, багатай на гістарычныя скарбы і адкрыцці.

Манеты на шчасце

У юбілейнай Жабінцы раптоўна вырас горад у горадзе, які “ўзялі ў палон” прадпрымальныя людзі. Геаграфія іх жыхарства разнастайная, найбольш парупіліся суседзі – берасцейцы, кобрынцы, маларытчане, якія бойка гандлявалі сваімі таварамі.
У іх асяродку Юрый Барысюк – майстар-рамеснік з суседняга Кобрынскага раёна – выдзяляўся і мажным ростам, і інструментамі для працы – магутным молатам з вялізнай дыбаю. Калі большасць рамеснікаў прадавалі тое, што зрабілі раней уласнымі рукамі, дык вынік Барысюковай працы нараджаўся літаральна на вачах. Прычым, самі пакупнікі найчасцей і рабіліся “вытворцамі свайго шчасця”. Да нашага юбілею майстар з Ляхчыцаў, дзе колькі гадоў таму ўладкаваў аграсядзібу “Княская гара”, вырабіў адмысловае клішэ з надпісам “Жабінка 1817” з гербам горада-юбіляра ў абрамленні дубовых галінак. Юрый Антонавіч – вядомы на Берасцейшчыне краязнавец (ён нават стварыў герб для сваёй роднай вёскі, зацверджаны адпаведным указам Прэзідэнта краіны). Таму майстар ніяк не мог застацца ў баку ад памятнай даты ў жыцці Жабінкі.
І вось цяпер на галоўнай гарадской плошчы бойка прапаноўваў кожнаму прыдбаць манетку на шчасце: дастаткова толькі зухавата ўскінуць цяжкі кавальскі інструмент, добра пацэліць – і раптоўна на латуннай, мельхіёравай ці меднай загатоўцы народзіцца на вякі адпаведны надпіс. Праца каваля ды ягоных пакупнікоў-“кавалевічаў” выклікала жывы інтарэс не толькі ў пішучай журналісцкай браціі ды тэлевізійнай групы, якая ў паходнай “кузні” ахвотна зняла невялікі эпізод для сваёй перадачы пра святочную Жабінку, але й у ганаровага госця Жабінкі – колішняга старшыні райвыканкама, а зараз першага намесніка старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Токара. Біць манету Мікалай Васільевіч не згадзіўся, а даверыў майстру стварыць юбілейны кругляш, які доўга будзе нагадваць пра дзень, калі Жабінка годна святкавала двухсотыя ўгодкі.

“Гэтае свята мы не забудзем!”

Нікога з прысутных на свяце не пакінулі абыякавымі флэшмоб, наладжаны актывістамі грамадскага аб’яднання “БРСМ”, парад рэтрааўтамабіляў, вялікі святочны канцэрт “Табе, мой горад!” і прыемны арт-сюрпрыз у выкананні Сашы Нэма. Сольнае выступленне апошняга “запаліла” плошчу: жабінкаўцы падпявалі, танцавалі і адорвалі любімага артыста шчодрымі апладысментамі.
А крыху бліжэй да апоўначы ў начным небе загарэліся агні святочнага феерверка. Тысячы вачэй глядзелі з захапленнем на гэты рознакаляровы цуд, і нікому не хацелася разыходзіцца, калі агні патухлі.
– Мне пашчасціла ўпершыню прыехаць у Жабінку ў госці да сястры і трапіць якраз на такое грандыёзнае свята, – прызналася жыхарка Вілейкі Святлана Дзяруга. – Гэта цудоўны, прыгожы, утульны і гасцінны горад. Уразіў і размах святкавання, і атмасфера, якая панавала ў Жабінцы ўвесь дзень. Мы з дачушкамі прысутнічалі на юбілеі вашага горада ад першай хвіліны да апошняй, але ніколечкі не стаміліся.
– Мы назіралі за Жабінкай з завоблачных вышыняў, – падзяліліся Вячаслаў, Валерыя і Аляксандр Савасцянчыкі, якія ажыццявілі аглядны палёт над райцэнтрам на самалёце Брэсцкага гарадскога аэраклуба ДТСААФ. – Гэта было здорава, захапляльна. Узняліся на вышыню тры кіламетры, потым спусціліся да 700-1000 метраў. Бачылі маленечкія домікі ў маленечкай Жабінцы. Усіх эмоцый не перадаць словамі. Гэтае свята мы дакладна не забудзем!
Запомніцца яно і 90-гадоваму жыхару вёскі Старое Сяло Івану Алексіевічу, які ў ліку першых дзесяці пасажыраў здзейсніў палёт на самалёце над Жабінкай. Гэта была яго даўняя мара.

Эпілог

Часам кажуць: вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна. І гэтую ісціну мы пачулі ад дзяўчынкі, што пасылала ўсім паветраныя пацалункі: “Жабінка – гэта класна!!!”

На свяце пабывалі Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК і Анатоль БЕНЗЯРУК, фатаграфавалі Аляксей ГАНЧУК і Андрэй ШЫМАНСКІ.

 


Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.