Было калісь у нас стагоддзе…

панорама2б
Анатоль БЕНЗЯРУК.

Застаюцца лічаныя дні да дня, калі ўпрыгожаная і памаладзелая Жабінка будзе святкаваць чарговы свой юбілей. Прыемна, што жабінкаўцы літаральна штодня рупяцца над добраўпарадкаваннем роднага горада, каб Жабінка годна сустрэла гасцей, парадавала ўтульнасцю саміх жыхароў. Ёсць яшчэ адзін станоўчы вынік падрыхтоўкі да свята: многія зацікавіліся роднай гісторыяй.
Пра тое сведчаць і актыўны ўдзел у віктарыне, абвешчанай рэдакцыяй “Сельскай праўды”, і шматлікія пытанні па гісторыі Жабінкаўшчыны, якія гучаць і ў высокіх кабінетах, і проста на вуліцах. Так, днямі запытаўся жыхар райцэнтра Мікалай Сідзякоў: “Скажыце, яшчэ на нашай памяці пры ўездзе ў горад стаяў знак “1871 ЖАБИНКА” і святкавалі сотыя ўгодкі горада, а цяпер раптам – 200?”
Не адкрыем вялікай тайны, калі скажам: як мінімум яшчэ адзін беларускі горад у 1971-м святкаваў сваё стагоддзе. Гэта Баранавічы. І “логіка” ў тых, хто прапанаваў гэтую “юбілейную” дату, была аналагічная нашай: маўляў, праз гэтыя землі ў 1871 годзе прайшла Смаленска-Брэсцкая чыгунка, адсюль і Баранавічы “пачаліся”. Аднак ад гэтай даты жыхары Баранавічаў даўно адмовіліся, бо ведаюць, што паселішча з такой назвай існавала ўжо з XVII стагоддзя.
Можа, Жабінцы менш “пашчасціла” ў гісторыі і да 1871-га яе ўвогуле не існавала ні на картах, ні ў дакументах, і менавіта станцыя дала ёй пачатак? На самой справе паселішча з назвай Жабінка існавала ў нашай мясцовасці задоўга да ўзнікнення чыгуначнай станцыі. Дарэчы, і сама станцыя змагла атрымаць імя толькі дзякуючы таму, што чыгунка прайшла праз жабінкаўскія землі. Упершыню станцыя Жабінка, якая атрымала парадкавы № 80, згадваецца ўжо з 60-х гадоў пазамінулага стагоддзя, а прыпынак быў пабудаваны ў 1870-м.
Дык чаму ж у 1971 го-дзе Жабінка святкавала свае “сотыя” ўгодкі, калі нічога гістарычнага пад сабой гэтая дата не мела? Справа ў тым, што ў той час вырашалася пытанне пра наданне гарадскому пасёлку Жабінка статуса горада і патрабавалася неадкладна “абаснаваць”, чаму Жабінка павінна стаць горадам. Прычым, абаснаваць не толькі эканамічна, але і ў гістарычным плане. Пагэтаму нікога не засмучаў факт, што не толькі паселішча, але нават чыгуначная станцыя Жабінка ўзнікла раней 1871 года. Як гаворыцца, мэты апраўдваюць сродкі. Прычым жабінкаўцы былі арыгінальнымі: калі ўсе імкнуцца “састарыць” сваю гісторыю, дык мы, наадварот, “амаладзіць”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.