Бачыць плён працы ў сваіх вучнях

IMG_1102

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Старасельскай сярэдняй школы Людміла Васільеўна Каржук у педагогіцы 40 гадоў. Сёлета юбілей яе працоўнай дзейнасці. На маё здзіўленне і захапленне Людміла Васільеўна сціпла адказвае, што настаўніцтва – яе прызванне, боская воля, наканаванне. Сёння яна далучае сваіх вучняў да роднага слова, да матчынай мовы, але так было не заўсёды і не адразу.
Людміла нарадзілася ў вёсцы Дзмітровічы на Камянеччыне. У школьныя гады вучылася на выдатна, з задавальненнем наведвала музычную школу. Музыка настолькі захапляла і заварожвала дзяўчыну, што пасля заканчэння 10 класаў яна вырашыла паступаць на настаўніка спеваў. Наступныя тры гады жыцця прайшлі ў сценах музычна-педагагічнага вучылішча ў Гродне. Пасля яго заканчэння Людміла хацела вярнуцца на малую радзіму і працаваць на Камянеччыне, але ў настаўніках спеваў там не было патрэбы, і воляй лёсу яна апынулася на Жабінкаўшчыне. Азяцкая сярэдняя школа і Старасельская базавая адначасова сталі першымі працоўнымі месцамі маладога спецыяліста. Праз год Людміла Васільеўна паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут на філалагічны факультэт. У 1977-м пачала працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Старасельскай базавай школе (зараз сярэдняй) і ўжо чатыры дзясяткі гадоў сэрцам адданая сваёй справе.
Людміла Васільеўна хварэе душой за кожнага свайго вучня. Яны ўсе для яе цікавыя па-свойму. Педагогу падабаецца выслоўе “Дзеці – як кветкі: кожная расцвітае ў свой час”. І назірае яна за гэтым росквітам не толькі як настаўніца, але і як класны кіраўнік 10 класа. Ведае, чым жыве кожны яе навучэнец, цікавіцца сямейнымі справамі і праблемамі.
– Імкнуся ісці ў нагу з часам, таму ўвесь час шукаю нешта новае, незвычайнае для ўрокаў, – дзеліцца Людміла Васільеўна. – Увесь час думаю, як зрабіць так, каб мой прадмет стаў і цікавым, і патрэбным.
І ў яе гэта атрымліваецца. Штогод вучні Людмілы Каржук удзельнічаюць у алімпіядзе па беларускай мове і паказваюць выдатныя вынікі. У мінулым навучальным годзе вучаніцы Людмілы Васільеўны вярнуліся з дыпломамі І ступені (Вольга Друшчыц, 5 клас) і ІІ ступені (Хрысціна Ячнік, 9 клас). У конкурсе чытальнікаў “Натхненне” дуэт вучняў Аляксандр Краўчук і Хрысціна Ячнік, якія рыхтаваліся пад кіраўніцтвам любімай настаўніцы, з вершам Янкі Купалы “Сын і маці” заняў трэцяе месца.
Няўрымслівы і творчы педагог стараецца ўлюбіць вучняў у свае прадметы, заахвоціць да чытання твораў па беларускай літаратуры, праводзіць і разнапланавую пазакласную работу, кіравала факультатывам і фальклорным калектывам “Спадчына”. Цікава і запамінальна заўсёды праходзяць мерапрыемствы Тыдня беларускай мовы і літаратуры ў школе.
Настаўніца вельмі любіць роднае паэтычнае слова і прывівае гэтую любоў сваім вучням. Піша ўласныя вершы былая выпускніца школы Марыя Пархац, многія дзеці складаюць творы для сябе і саромеюцца іх паказваць бацькам ці настаўнікам. Але толькі не Людміле Васільеўне, таму што яна адчувае і бачыць здольнасці кожнага і дапамагае іх развіваць.
Людмілу Васільеўну паважаюць калегі, бацькі, вучні. У педагагічных колах яе ведаюць як адукаванага, вопытнага спецыяліста.
– Вельмі ўдзячна за падтрымку свайму мужу Сяргею Мікалаевічу. Ён заўсёды з разу-меннем ставіўся да маёй вечнай занятасці, – кажа Людміла Васільеўна. – Найбольш часу па жыцці ўдзяляла працы. Акрамя таго, люблю вырошчваць кветкі, садзіць агарод. Унукаў сваіх вельмі люблю, гатую для іх што-небудзь смачненькае і чакаю выхадных, калі сын і дачка прывязуць іх да нас у вёску.
Дзеці Людмілы Васільеўны медыкі па адукацыі, жывуць у Брэсце. У сям’і сына Дзмітрыя гадуецца трое дзетак, Юлія мае дачку-пяцікласніцу.
Дзеці – высокая ўзнагарода для Людмілы Васільеўны як для маці, а самая высокая ўзнагарода для яе як настаўніка – убачыць плён працы ў сваіх вучнях. Да слова, сцяжынкай любімага педагога пайшлі многія з іх, напрыклад, Дар’я Алексіевіч і Марына Каржук. Аднак, не ў крыўду астатнім адной з самых таленавітых вучаніц Людміла Васільеўна лічыць Волечку Друшчыц.
– Вам абавязкова трэба з ёю пазнаёміцца. Гэта вельмі адораная дзяўчынка, сапраўдны дыямант! – кажа настаўніца.
Уласна з Волечкай Друшчыц мы знаёмыя завочна, таму што яе паэтычныя і празаічныя творы неаднойчы друкаваліся на старонках раёнкі, у тэматычнай паласе “Плынь”.
Людміла Васільеўна тут жа тэлефануе матулі Вольгі і паведамляе, што да іх у госці завітае карэспандэнт з “Сельскай праўды”. Ідзём па вуліцы Школьнай да дома Друшчыцаў, і я адзначаю, што з Людмілай Васільеўнай вітаюцца ўсе вяскоўцы, робяць ёй кампліменты, што молада выглядае, дзякуюць за нялёгкую працу.
Настаўніца расказвае, што Вольга вучыцца ў пятым класе, з прычыны сваёй хваробы знаходзіцца на надомным навучанні. Дзяўчынка вельмі любіць родную мову і літаратуру, і немалаважная роля ў гэтым яе матулі Наталлі Міхайлаўны – настаўніцы беларускай мовы і літаратуры па адукацыі. Зараз жанчына не працуе – даглядае дачку, аднак беларускае слова часта гучыць у іх гасціннай хаце, тым больш што Наталля Міхайлаўна родам з Ганцаўшчыны і вымаўленне ў яе чыстае, мілагучнае. Жанчына ўпэўнена, што чым больш чытаеш кніг, тым лепшы ў цябе слоўнікавы запас, таму чытанне – любімы занятак матулі і дачкі.
Наталля Міхайлаўна і Волечка сустракаюць нас на парозе і праводзяць у пакой. Кідаецца ў вочы мноства кніг на паліцах, малюнкі дзяўчынкі, граматы і дыпломы.
– У мінулым навучальным годзе Вольга ўдзельнічала ў алімпіядзе па беларускай мове і заняла першае месца на раённым этапе, – расказвае Людміла Васільеўна. – У яе неймаверная сіла волі, прага да ведаў. Выконвае за ўрок да трыццаці заданняў па мове – прыношу цэлы стос падручнікаў. Яна цікавая і творчая асоба, мае свой пункт погляду, спрачаецца са мною пры аналізе мастацкіх твораў. І свае ўласныя стварае.
Людміла Васільеўна ўхваляе і падтрымлівае творчыя здольнасці Волечкі, часта задае скласці верш на пэўную тэму, зрыфмаваць радкі.
Цікаўлюся ў худзенькай, сімпатычнай дзяўчынкі, адкуль бярэ вытокі яе літаратурны дар. Вольга распавядае, што пісаць вершы пачала ў другім класе. Рыфмавала-складала загадкі. Потым неяк сам сабой прыйшоў і склаўся верш пра свой клас. Нараджаецца ў гэтай светлай галоўцы і проза. Свае творы дзяўчынка дасылае ў розныя выданні, але прызнаецца, што найбольш ёй падабаецца супрацоўнічаць з раёнкай і асабіста з паэтам Алесем Каско, які дае слушныя парады па складанні вершаў.
– Мы з Алесем Канстанцінавічам землякі, – уключаецца ў размову Наталля Міхайлаўна. – Маем ганцавіцкія карані.
Яшчэ адзін чалавек, які для Вольгі з’яўляецца аўтарытэтам, – тата Ігар Аляксандравіч.
– Задала Волечцы скласці сачыненне пра тату, – кажа Людміла Васільеўна, – і яна мяне здзівіла аб’ёмам сказанага і цеплынёй, пяшчотай у адносінах да роднага чалавека. Або яшчэ такі прыклад. Праходзім тэму “Гістарызмы і архаізмы”. Вольга імгненна складае з зададзеных слоў звязаныя тэксты, дыялогі. Яна таленавіты чалавечак. Дай Бог ёй здароўя! А як яна чытае ўрыўкі на памяць! Вы б чулі!
І для таго каб я пачула, Волечка пачала чытаць уласны верш пра бусла. Доўгі-доўгі, шчымлівы, прыгожы. У мяне ад захаплення пацяклі слёзы.
А яшчэ дзяўчынка любіць маляваць. Прымае ўдзел ва ўсіх школьных конкурсах. Зараз піша пра гісторыю сям’і “Маё прозвішча самае лепшае”.
Для сям’і Друшчыцаў Людміла Васільеўна Каржук – не толькі настаўнік, прафесіянал сваёй справы, але і блізкі сябар.
– Самыя важныя ўрокі, якія праводзіць Людміла Васільеўна, – урокі дабрыні і чалавечнасці, – заключае Наталля Міхайлаўна, у знак згоды ківае галавой і дачушка.
Упэўнена, пад гэтымі словамі падпісаліся б многія былыя і сённяшнія вучні педагога з вялікай літары.
На здымку: Людміла Васільеўна Каржук са сваёй вучаніцай Вольгай Друшчыц.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*