Нядаўна пазнаёміўся з цікавым чалавекам, які ўразіў любоўю да сваіх вучняў і прыроды. Сваю размову з настаўнікам гісторыі СШ № 3 г. Жабінка Арцёмам Серадой прапаную чытачам газеты.
– Арцём, як узнікла сама ідэя арганізоўваць дзяцей у паходы на прыроду?
– Усё пачалося літаральна на роўным месцы. Як настаўніка, мяне крыху ўразіла тэндэнцыя, што набірае абароты, – у выхадныя дні і пад час канікулаў педагогі і вучні найчасцей накіроўваюцца ў паездкі, на экскурсіі (нярэдка вельмі затратныя) у самыя розныя месцы і пры гэтым быццам зусім забываюць пра родныя краявіды, створаныя маці-прыродай. Вялізнае захапленне маладых усялякімі “забаўлянкамі” і віртуальным светам таксама дрэнна ўплывае на адносіны школьнікаў да роднай прыроды. Таму аднойчы, калі перада мною паўстаў выбар, куды накіравацца з дзецьмі ў выхадны, узяў і прапанаваў: “Пойдзем у блізкі лес, спачатку прыбярэм яго ад смецця, а затым добра адпачнем. Нікога сілком не цягну, хто пажадае, з тым і ў дарогу!”
У любую пару года я перыядычна, па ўзгадненні са школьнай адміністрацыяй ці выключна па ўласнай ініцыятыве, праводжу такія вось паходы. Зараз у іх удзельнічаюць хлопчыкі 6-11 класаў трэцяй гарадской школы, хоць далучыцца можа літаральна кожны, патрэбна ўсяго толькі жаданне. Сродкі для ўборкі, адзенне – усё сваё. Звычайна нашы вандроўкі складаюцца з дзвюх частак. Першы крок – ачыстка выбранага ляснога ўчастка (найчасцей вакол вёскі Здзітава, на беразе Мухаўца або на ўсход ад горада – паміж Здзітавам і чыгуначнай веткай). Раней сабранае смецце знішчалі самастойна (шкло і металы здавалі), аднак, калі з’явіліся кантэйнеры для паасобнага збору другаснай сыравіны, пачалі сартаваць у адпаведныя бакі. Ачысціўшы ўчастак, праводзім вольны час у лесе (як правіла, я арганізую спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, віктарыны на веданне раслін і жывёльных слядоў). Асаблівую радасць дзецям прыносяць паходы восенню. Калі з’яўляюцца грыбы, бачу, хлопчыкі вельмі ганарацца колькасцю напоўненых мяшэчкаў ды кошыкаў. Напрыканцы дня звычайна распальваем вогнішча і гатуем ежу ў паходных умовах. Пакуль яшчэ не бывала такога, каб нехта вярнуўся дамоў расчараваным, а мне прыемна бачыць, што вучні і добрую справу зрабілі, і выдатна адпачылі.
– Карціна атрымліваецца надта мажорная. Няўжо нічога цябе, Арцём, не засмучае?
– У мяне, напрыклад, выклікала здзіўленне, што частка вучняў не толькі не можа правільна абгарадзіць касцёр, але нават не ўмее распаліць яго. Часта дзеці не могуць правільна арыентавацца ў лесе, не ведаючы, як вызначыць, дзе поўнач і поўдзень, адрозніць ядомыя грыбы ад неядомых альбо распазнаць лекавыя расліны…
А яшчэ людзі (дарослыя, а за імі і малыя) адносяцца да прыроды ўтылітарна, нават варожа. Бо вывучаюць навакольны свет часцей па кніжках, зрэдку датыкаюцца да яго, прыносячы больш шкоды, чым карысці. Ці патрэбна здзіўляцца, чаму нашыя лясы забруджаны, і мы, вяртаючыся з вандроўкі, усялякі раз прыносім мяхі, напоўненыя адходамі.
Вучні заўсёды адкрываюць нешта новае. Акрамя сустрэч з ляснымі жыхарамі, дзеці са здзіўленнем даведваюцца пра розныя спосабы паводзін на прыродзе, якія для нашых продкаў былі нормай жыцця, а для сённяшняга пакалення – сапраўднае адкрыццё. Напрыклад, такімі неспадзяванымі адкрыццямі сталі для вучняў помнік прыроды “Веймутава сасна”, шматвекавыя магутныя дубы ў Здзітаве або сляды мінулага – рэшткі акопаў, бліндажоў, пакінутых вайной. Іх таксама даводзіцца ачышчаць ад смецця, прычым там-сям бачна праца чорных капальнікаў. І хто ведае, мо тут ляжаць астанкі воінаў, зніклых без вестак?
– Куды далей вас і вашых выхаванцаў паклічуць шляхі-дарогі?
– Лічу, не трэба гнацца за экзоты-кай, дастаткова больш уважліва зірнуць на навакольны свет, каб пабачыць яго прыгажосць. Плануем пападарожнічаць уверх па цячэнні рэчкі Палахвы, якая на ўсходзе ад Жабінкі ўпадае ў Мухавец. Наколькі будзе магчымасцяў, ачысцім яе берагі, паспрабуем выйсці да вусця. Зацікаўленых людзей мы заўсёды прымаем з ахвотаю, а іншым жыхарам хочацца нагадаць стары, але і сёння актуальны дэвіз: “Беражыце прыроду!”
Гутарыў Андрэй ШЫМАНСКІ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%