Чэрвень быў на юбілеі багаты

Чэрвень быў на юбілеі багаты

IMG_2176

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Па сонечна-жоўтай коўдры скачуць развясёлыя мышкі ў блакітных штоніках і спаднічках. Такія ж казачныя звяркі – і на падушках, і на прасцінах. Так і хочацца хуценька шмыгнуць у ложачак і падрамаць у абедзенны перапынак. На жаль, мяне чакае гара “недапрацовак”, а ў гэтай утульнай спальні дзіцячага ясляў-сада № 2
Жабінкі ў “ціхую гадзіну” бачыць сны зусім юнае пакаленне. Э-э-эх, чаму мне калісьці ў садзе не спалася?..
А за спакойны “каляровы” сон выхаванцаў у некаторай ступені ў адказе не толькі выхавальнікі, але і кастэлянка па мыцці і рамонце бялізны. Марыя Ахрымук вось ужо на працягу 35 гадоў нязменна клапоціцца пра стан прасцін, навалачак і ручнікоў для юных жабінкаўцаў.
– Марыя Сцяпанаўна (на здымку) – надзвычай сціплы і працавіты чалавек, – характарызуе калегу Вольга Лукашэвіч, старшыня прафсаюзнага камітэта ДУА “Яслі-сад № 2 г. Жабінка”. – Дзякуючы яе клапатлівым рукам пасцельная бялізна і ручнікі заўжды ў парадку, своечасова памыты і адрамантаваны, у дакументацыі поўны парадак.
За шматгадовую добрасумленную працу некалькі гадоў таму яе ўзнагародзілі Ганаровай граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Яна ні хвіліны не сядзіць без працы. На яе рабочым месцы заўжды чысценька, акуратна і ўтульна.
І хаця рамонт у пральні сада праводзіўся ажно дзевяць гадоў таму, руплівіца ўсё намагаецца захаваць у лепшым выглядзе. Абедзве пральныя машыны “Атлант” спраўна служаць вось ужо каторы год.
Марыя Сцяпанаўна не толькі мые бялізну, але і рамантуе. Толькі заўважыць маленькую дзірачку – адразу ж зашые.
Вельмі радуецца жанчына, калі ёсць магчымасць набыць тканіну і абнавіць камплекты для сада. Апошнім часам яна такім чынам пашыла пасцельную каляровую бялізну з казачнымі героямі. Дзеці ў захапленні!
Работа ў пральні манатонная, нялёгкая – паспрабуй памыць, пасушыць, папрасаваць 280 камплектаў бялізны, а яшчэ штук з 70 ручнікоў! Марыя Сцяпанаўна не скардзіцца – для нашых жа дзетак стараецца! А выпадзе вольная хвілінка – яшчэ і выхавальнікам дапамагаць возьмецца, а то і на клумбу з матыкай выйдзе, каб дарылі водар і прыгажосць кветкі ля сада.
Калі маладзейшая была, у канцэртах мастацкай самадзейнасці ўдзельнічала, бо хораша спявала. Цяпер жа аддушына – дача. Вырошчвае памідоры, агуркі, бульбу і абавязкова мноства кветак. Муж і трое дарослых дзяцей – першыя яе памочнікі на дачы. А ў выхадныя дні любіць пачаставаць дамачадцаў салацікамі і духмянай выпечкай, на якую Марыя Сцяпанаўна вялікая майстрыха.
Бягучы год для жанчыны багаты на юбілеі. Напрыканцы чэрвеня сабралася шмат гасцей і радні на яе 55-ы дзень народзінаў. А вось лічба “35” сёлета будзе адзначацца ажно тройчы: 35 гадоў Марыя Сцяпанаўна адпрацавала ў дзіцячым садзе, столькі ж пражылі разам з мужам у міры і ладзе і столькі ж спаўняецца яе зяцю Паўлу.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*