Приятно дарить людям красоту

Приятно дарить людям красоту

Мінула амаль дваццаць гадоў, як для яе прагучаў апошні званок у роднай Ленінскай школе. Аднак пытанне, куды пайсці далей па жыццёвым шляху, не паўставала, бо дзяўчына яшчэ за партай ішла да сваёй мары. У чым яна? У прыгажосці, у жаданні дарыць яе іншым. Адным словам, Наташа хацела стаць цырульнікам. Ужо быў куплены квіток на цягнік, ужо ў снах бачыла сябе майстрам жаночых прычосак, але жадала вучыцца спецыяльнасці абавязкова ў Расіі. А гэтаму ў апошні момант запярэчылі бацькі Іван Паўлавіч і Алена Макараўна Кулагіны. Яны хваляваліся ў неспакойны час (быў пачатак 90-х) за лёс малодшай дачкі. Квіток прыйшлося здаць. Але ж мара не пакідала. Таму Наташа прыйшла ў брэсцкі вучэбны цэнтр, дзе рыхтавалі цырульнікаў, а праз год вярнулася на малую радзіму.
— Дзе нарадзілася, там і згадзілася! — нязмушна заўсміхалася Наталля Іванаўна.
Яшчэ як згадзілася! У час нашай размовы майстрыха не прыпыняла працы. На вачах пад яе нажнічкамі-чараўнічкамі мяняўся чалавек. І настрой яго мяняўся. І ўзрост, здаецца. Вось Міхаіл Кірылавіч Папко адолеў на веласіпедзе дарогу ад Вулькі да пасёлка Ленінскі, каб трапіць на “прыём” да майстрыхі.
— Здароўя вам, — зычыць пажылы кліент, глядзіцца ў люстэрка, задаволены: быццам на дзесяць гадоў памаладзеў, ка-ва-лер…
А мы павіншавалі Наталлю Іванаўну Мартынчук з тым, што сёлета яе імя занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна. А яшчэ запыталіся:
— Як лічыце, чаму вам аказаны такія давер і гонар?
Яна адказала (і было бачна — зусім сумленна, на поўным сур’ёзе):
— Лічу ёсць лепшыя за мяне. Напрыклад, наша прыёмшчыца заказаў Ніна Міхайлаўна Пратасюк, надзвычай адказны чалавек, альбо цырульнік Таня Гардзіенка, якая працуе ў гарадскім Доме быту і ў Ракітніцы, шмат іншых маюць вопыт ды павагу ад людзей большую. Можа, памылка адбылася?
Супраць такой “памылкі” выказалася наступная наведвальніца, колішняя супрацоўніца сацыяльнага цэнтра Надзея Іванаўна Небяльчук:
— У нашай Наташкі лёгкія залатыя рукі. Толькі ёй давяраю, бо ведаю — хвалюецца за кожны валасок на галаве, ніколі не прычыніць боль, — потым зірнула ў люстэрка і рассмяялася:
— Мая сівізна мяне ўпрыгожвае, дзякуючы цырульніцы ад Бога.
Наведвальнікаў шмат. Пасёлак вялікі — кліентаў досыць: і дзеці, і мужчыны, дый, вядома, прыгожыя дамы, што яшчэ больш прыгажэюць, дзякуючы ўмелым рукам майстрыхі.
Так, не шмат засталося тут людзей, над кім не шчыравалі б Наташыны рукі. Робяць яны ўкладку, ствараюць прычоскі, фарбуюць валасы ў любы колер. Аднак найбольш Наталлі Іванаўне падабаюцца жаночыя стрыжкі. Рабіць іх цікава, хоць і складана. Але якая асалода — дарыць людзям прыгажосць, ствараючы нават у будні святочны настрой. Для гэтага стараецца ісці ў нагу з часам: колькі год таму наведала ў Брэсце курсы павышэння на базе салона “Імідж”, вучылася, назіраючы за прызнанымі прафесіяналамі, а зараз нярэдка карыстаецца глянцавымі часопісамі, інтэрнэтсайтамі.
Жыццё — не сцэна, і ўсё ж кожны з нас выконвае ў ім свае ролі. І ў Наталлі Мартынчук усё, як у людзей: праца не замінае быць каханай жонкай для Валерыя і клапатлівай маці для васьмікласніка Іллі і маленькай Варвары.
Неяк сын прыбег са школы:
— Мама, а ў нас дасюль вісяць на дошцы твае спартыўныя рэкорды.
Тут Наталля Іванаўна і згадала, што яшчэ ў юнацтве была надзеяй школы, калі выканала другі дарослы разрад у лёгкай атлетыцы. Ды й сярод лепшых у раёне яна ўжо не ўпершыню: некалі, гадоў дзесяць таму, ужо мела такі гонар.
На развітанне мы папрасілі напярэдадні Дня работнікаў бытавога абслугоўвання і жыллёва-камунальнай гаспадаркі сказаць словы пажадання.
І пачулі ў адказ:
— Каб у быту быў лад, здаровымі дзеці. Каб збывалася ў чалавека мара. А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: з радасцю дорыць людзям прыгажосць Н.І.Мартынчук, цырульнік Ленінскага КПП.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top