Алёна НІКАНЧУК.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.
І сапраўды. З ранняй вясны да позняй восені на падворку Таццяны Рыгораўны Курыга і Мікалая Аляксеевіча Пукіты з Хадасоў цвітуць розныя кветкі і радуюць сваёй прыгажосцю не толькі гаспадароў, але і прахожых. Нас з фотакарэспандэнтам Таццянай сустрэла ў двары белая квецень язміну, водар якога разносіўся па ўсёй ваколіцы. Тут мы ўбачылі петуніі, сурфініі, званочкі, герань, пышнае кустоўе ружовых і барвовых ружаў, што ўюцца.
– Адцвілі ўжо бэз і півоніі, таксама касачы, якіх у мяне больш за дзесяць сартоў: жоўтыя, белыя, блакітныя, фіялетавыя, – з любоўю ў голасе пачала расказ пра свае кветкі Таццяна Рыгораўна. – Штогод на працягу лета дораць нам сваю прыгажосць браткі, царская карона, ільвіны зеў, вербена, партулак, лілеі, геаргіны, гваздзікі ды гладыёлусы. Ужо і жыцця свайго не ўяўляю без кветак, з імі весялей і радасней.
А пачалося ўсё больш за дваццаць гадоў таму. У далейшай размове, якая мела працяг ва ўтульнай альтанцы, жанчына ўспомніла той час, калі працавала сястрой-гаспадыняй у санаторыі “Буг”. У 1995 годзе адміністрацыя здраўніцы прыняла рашэнне правесці конкурс сярод работнікаў на лепшае афармленне клумбаў. Таццяне Рыгораўне выпала тэрыторыя каля лячэбнага корпуса. Вырашыла тады яна зрабіць не проста клумбу, а прыгожую горку. Сфарміравала яе з дапамогай каменняў, паміж якімі пасадзіла розныя кветкі: браткі, герань, петуніі, ільвіны зеў, шалфей ды іншыя. Парадай і справай дапамагалі жанчыне і калегі. Адказны падыход да конкурсу, арыгінальнасць ідэі, творчасць Таццяны Рыгораўны былі адзначаны журы пры падвядзенні вынікаў: ёй прысудзілі першае месца. Тагачасны галоўны ўрач санаторыя Сяргей Мікалаевіч Дэлія ўручыў пераможцы прыз – пуцёўку ў санаторый “Алеся”.
Пасля адпачынку жанчына вырашыла і ў сваім двары таксама зрабіць горку. Для гэтага разам з мужам навазілі з лесу розных каменняў і пачалі фантазіраваць і ствараць прыгажосць. Пасадзілі папаратнік, ядловец, мох, розныя кветкі, а яшчэ… зрабілі невялічкую сажалку. Цяпер у ёй плаваюць лебедзі – справа рук Мікалая Аляксеевіча – ды цвітуць белыя гарлачыкі. Тут вам казачны калабок, які, уяўляеце, са старога чыгунка! Аблюбавалі цуда-горку дзікая качка, буслы і царэўна-жаба. А вакол – баравічкі, якія так і просяцца ў кошык, ды стракатыя мухаморы – іх таксама зрабіў гаспадар. Аздабляць і ўпрыгожваць сядзібу дапамагае бацькам і сын Сяргей.
Кветкі ў Таццяны Рыгораўны паўсюль: вакол дома, уздоўж дарожак і плота. У асноўным яна сама іх вырошчвае, мала што купляе. З тых раслін, што выпісвала па пошце, пасадзіла і прыжыліся спірэя, кіпарысы, туі. Ганарацца гаспадары і сваім багатым садам, які асабліва прыгожы ў пару цвіцення. У ім яблыні, грушы, слівы, вішні, грэцкія арэхі, парэчкі, вінаград. Сарты “ізабэла” і “плевен” шчодра адорваюць сваім ураджаем.
Акрамя ўтульнай альтанкі, уваход у якую ахоўвае гномік з ліхтарыкам, на падворку ёсць гамак і арэлі, на якіх любяць адпачываць унукі герояў аповеду, а таксама родзічы і сябры. Госці не палохаюцца, калі заходзяць у гэты гасцінны двор – ведаюць: плюшавы сабака ў будцы ды блакітны пу-
дзель са сваім такім жа чацвераногім сябрам – цацачныя. А над усёй гэтай прыгажосцю ўзвышаецца буслянка – сімвал дабрабыту, хатняй утульнасці і любові, чым і багата гэтая сям’я.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%