Санітарныя паказчыкі палепшыліся
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Надзея Шосцік даводзіць да ведама аматараў аздараўлівацца і адпачываць на вадзе, што ўзнаўляецца дзейнасць пляжа адкрытага вадаёма (г. Жабінка, гарадскі парк, возера), які належыць КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” з 13 ліпеня. Паводле пратакола даследаванняў вады ад 12.07.2017 года ўстаноўлена, што па мікрабіялагічных паказчыках яна адпавядае патрабаванням санітарных норм і правілаў.
Акцыі
Другі год у нашай краіне дзейнічае рэспубліканскі моладзевы праект “Беларусь – крыніца натхнення”. Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў яго рамках, накіраваны на развіццё стваральнай працы, у аснове якой ляжаць традыцыі і гісторыя Беларусі, культурная спадчына мінулага пакалення і павага да Радзімы. У рамках праекта, у сувязі са стагоддзем органаў загса, была праведзена ўрачыстая рэгістрацыя нараджэння дзяўчынкі Алісы Мацвяюк (дарэчы, яна другая ў сям’і). Пад час урачыстасці адбылася акцыя “Падары немаўляці вышыванку”. Ад Жабінкаўскага РК ГА “БРСМ” віноўніца ўрачыстасці атрымала сувенірную стужку-вышыванку і падарунак. Іх уручыла прадстаўнік райкама камсамола Таццяна Алексяюк.
І адпачылі, і аздаравіліся
Як паведаміла галоўны спецыяліст прадстаўніцтва “Брэсцкае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння” ў Жабінкаўскім раёне Алеся Рэбякеўша, за першае паўгоддзе сёлета палепшылі здароўе ў санаторыях трое дзяцей-інвалідаў, 21 пенсіянер (у тым ліку шасцёра інвалідаў І і ІІ груп). Паводле сацыяльнага страхавання аздаравіліся 21 дарослы, 44 дзіцяці (з іх 6 дзяцей-інвалідаў), 18 мам з дзеткамі.
Дарослае насельніцтва Жабінкаўшчыны мела магчымасць адпачыць у санаторыях “Алеся”, “Буг”, “Крыніца”, “Лясныя азёры”, “Нёман”, “Парэчча”, “Ясельда”, “Белая вежа” і іншых. Дзеці адпачывалі і лячыліся ў здраўніцах “Случ”, “Баравічок”, “Багатыр”, “Беларусь” (г. Друскінінкай, Літва), “Надзея”, “Пралеска”, а таксама ў салігорскай рэспубліканскай бальніцы “Спелеалячэнне”.
Цікавыя экскурсіі і музейныя заняткі
У мінулыя выхадныя Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей наведалі сябры клуба “Светлаяр” з горада над Бугам і калектыў Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам”. Цікавыя экскурсіі па музейных залах для гасцей былі праведзены навуковым супрацоўнікам установы Мікалаем Юроўскіх. Ён жа правёў і музейныя заняткі “Пазнай прыроду” для дзетак, што адпачываюць на канікулах у Малых Сяхновічах. Пад час іх адбылася пешая прагулка па вуліцах населенага пункта. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся пра рэдкія дрэвы і расліны, якія растуць у вёсцы.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%