Каб хларэла не “хварэла”, набіраў вагу асетр

Кугач
Яшчэ са школьнай пары Марыя Кугач захаплялася хіміяй. Каб мець магчымасць вывучаць яе паглыблена, паступіла ў жабінкаўскі ліцэй. Дзяўчына – з першага выпуску ліцэістаў. Вучоба ў хіміка-біялагічным класе дала добрыя веды для працягу навучання ўжо ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, дзе Марыя атрымала адукацыю інжынера хіміка-тэхнолага. Такая спецыяльнасць прадугледжвае перш за ўсё працу з мікраарганізмамі, клеткавымі арганізмамі жывёлін і раслін. Пасля ўніверсітэта атрымала размеркаванне на завод медыцынскіх прэпаратаў у Нясвіжы.
Затым выйшла замуж і вярнулася ў Жабінку, дзе ўладкавалася на камбікормавы завод інжынерам па ахове працы. Усё ж хацелася зай-мацца па спецыяльнасці, і, відаць, калі ёсць у жыцці нешта тваё, яно рана ці позна само знаходзіць цябе. А Марыі вельмі хацелася працаваць з мікраарганізмамі, і выпаў шчаслівы выпадак ці мо наканаванне, што на заводзе вырашылі вырошчваць хларэлу, і маладая жанчына стала займацца справай, што цалкам адпавядае яе спецыяльнасці.
Зараз Марыя біёлаг у аддзеле па выпуску інавацыйнай прадукцыі, а асноўны аб’ект яе даследаванняў – хларэла. Гэта аднаклеткавая водарасць, якую выкарыстоўваюць у якасці дабаўкі. Камбікорм з такой дабаўкай менш псуецца, мае больш вітамінаў, амінакіслот – увогуле надзвычай карысны, бо дзякуючы водарасці павышаецца ўзровень засваяльнасці кармоў.
Каб вызначыць, ці варта распачынаць такі новы напрамак у вытворчасці, на заводзе сумесна з Палескім дзяржаўным універсітэтам, дзе існуе кафедра прамысловага рыбаводства, вырашылі правесці эксперымент. Сутнасць яго ў наступным: у камбікорм дабаўлялі водарасць хларэлу, а потым корм давалі рыбам. Сачылі, як гэта ўплывае на рост. Было тры групы паддоследных рыб. Адной давалі французскія кармы, другой – жабінкаўскія з хларэлай, трэцяй – таксама нашыя, але без дабаўлення водарасці. Эксперымент ва ўніверсітэце доўжыўся тры месяцы. Па выніках стала зразумела, што корм ад ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” ні ў чым не саступае французскаму аналагу, бо назіраецца значнае прыбаўленне ў вазе рыбы. Набытыя ў маі мінулага года асобіны да кастрычніка знаходзіліся ва ўніверсітэце ў Пінску, а пасля даследаванняў іх зноў вярнулі на завод. Марыя Кугач даглядае асятроў. Папярэдне яна праходзіла спецыяльныя курсы. Штодня малады біёлаг мяняе ваду, корміць рыбу, сочыць за яе развіццём. І гэта далёка не ўсе абавязкі. З сёлетняга красавіка самастойна нарошчвае хларэлу. У Інстытуце біяфізікі і інжынерыі ў Мінску прадпрыемства закупіла першыя два літры суспензіі водарасці. Каб хларэла добра расла, таксама даводзіцца ствараць ёй асаблівыя ўмовы: падтрымліваць пэўнае асвятленне, увесь час перамешваць ваду, да таго ж Марыя рыхтуе пэўнае асяроддзе з соляў. У сярэднім за два тыдні аб’ём хларэлы падвойваецца. Так, справа пачыналася з двух літраў, зараз іх ужо больш за пяцьдзясят. Кожны дзень Марыя Кугач сочыць за працэсам, вымярае аптычную шчыльнасць, каб даведацца колькасць клетак у мілілітры. Гэта дазваляе бачыць, як нарастаюць клеткі хларэлы, і вырашаць, ці патрэбна зноў разводзіць суспензію. Вынікі нарошчвання для пачатковага этапу добрыя: водарасці атрымліваюцца чыстыя, без непатрэбных бактэрый. А гэта значыць, што хутка ўжо колькасць хларэлы дазволіць вырабляць яе ў прамысловых маштабах, і на паліцах крамаў з’явіцца новы, палепшаны прадукт ад камбікормавага завода.
Алена БАБРОВА.
На здымку: Марыя КУГАЧ  са сваімі гадаванцамі – асетрам і хларэлай.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.