Атрымалі асалоду ад адпачынку, радасці, весялосці

Малеч Малеч2

Дзеці сяброў прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Жабінкаўскага, Бярозаўскага і Пінскага раёнаў на працягу апошніх пяці гадоў маюць магчымасць адпачыць і аздаравіцца ў лагеры “Дружба” на базе Малечскай санаторнай школы Бярозаўскага раёна. Аздараўленне арганізоўвае Брэсцкі абласны камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з упраўленнем адукацыі аблвыканкама.
Сёлета пяць дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак з Жабінкаўшчыны, якія актыўна ўдзельнічалі ў алімпіядах, конкурсах і спаборніцтвах, так бы мовіць, былі ўзнагароджаны адпачынкам у Малечы. Да слова, бацькоўская даплата склала ад 24 да 36,5 рубля ў залежнасці ад узросту дзіцяці. У лагеры былі створаны ўсе ўмовы для камфортнага і займальнага адпачынку: па-хатняму ўтульныя спальні з душавымі кабінамі і санвузламі, прасторная сталовая, вялікая бібліятэка, сучасная актавая зала, спартыўныя пляцоўкі.
Жыццё дзяцей у “Дружбе” было арганізавана так, што нікому не даводзілася сумаваць. Дні, насычаныя рознымі мерапрыемствамі, праляталі імкліва. Кожны вечар хлапчукі і дзяўчаткі маглі паглядзець мастацкія ці мультыплікацыйныя фільмы, патанчыць на дыскатэцы. За ўдзел у конкурсах яны атрымлівалі салодкія прызы, а самыя актыўныя ўзнагароджваліся граматамі і дыпломамі. Па заканчэнні змены ўсе атрымалі велізарныя пакеты з ласункамі і сокам.
Дзеці падзяліліся сваімі ўражаннямі:
“Жыццё і побыт у лагеры наладжаны на ўсе сто працэнтаў: казачныя ўмовы, творчыя выхавальнікі, повары вышэйшага класа. 24 гадзіны ў суткі мы атрымлівалі асалоду ад лета, радасці, весялосці. На наступны год абавязкова вярнуся сюды”. (Вольга Козік, 13 гадоў)
“Лагерная змена скончылася, у душы засталося цяпло, мы кожны дзень успамінаем розныя моманты. Пазнаёміліся і пасябравалі з дзецьмі з Бярозы, Пінска. У бліжэйшы час плануем сустрэцца”. (Лізавета Ляўковіч, 14 гадоў)
Ад імя бацькоў і дзяцей нашага раёна выказваю падзяку арганізатарам лагера, калектыву Малечскай санаторнай школы пад кіраўніцтвам Пятра Пятровіча Крупскага за арганізацыю работы, дабрыню і душэўнасць.
Наталля УРБАН.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.