Задачи на сегодняшний и завтрашние дни

Задачи на сегодняшний и завтрашние дни

Той, хто працуе ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі, не можа паскардзіцца, што вынікі ягонай працы патрэбна чакаць гадамі. Яны бачныя адразу, выклікаючы чалавечую ўдзячнасць, а бывае, і нараканні. Словам, камунальнік — заўжды на пярэдняй лініі “агню”. Пра сённяшні стан у гэтай важнай сферы, дасягненні і погляд у будучае напярэдадні прафесійнага свята размова з дырэктарам КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская жыллёва-камунальная гаспадарка” А.М.Будзько.
— Аляксандр Міхайлавіч, якія лічбы могуць, на ваш погляд, найбольш яскрава ахарактарызаваць работу раённай камунальнай службы?
— Лічба, што адразу прыходзіць на памяць, — 380. Менавіта столькі людзей на Жабінкаўшчыне звязалі свой лёс з працай у камунальнай службе. Цешыць, што калектыў абмалоджваецца (летась да нас прыйшлі два выпускнікі Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта). Працаваць у галіне, калі і не надта прэстыжна, дык, у любым выпадку, не заганна. Веды і вопыт — патрэбныя складнікі поспеху ў любой справе. Трэба ўпраўляцца з сучаснымі механізмамі (у нас 46 адзінак тэхнікі, патрабуючых трывалых уменняў).
— Акрэсліце, калі ласка, межы паўнамоцтваў супрацоўнікаў вашай службы.
— Часам падаецца, што такіх межаў не існуе: задачы нашы самыя разнастайныя — літаральна ад нараджэння і да самой смерці кожны сутыкаецца з вынікамі працы камунальнікаў. Прыемна, калі жабінкаўцы і госці горада, раёна адзначаюць утульнасць ды прыгажосць гарадскіх вуліц і плошчаў, хоць разумееш, што задаволіць усе пажаданні магчыма толькі ў казцы.
— Аднак часам вам усё ж атрымоўваецца “казку зрабіць быллю”. Маю на ўвазе леташнюю рэканструкцыю кацельні №3 у мікрараёне паблізу бальніцы.
— Насамрэч, гэта была надзвычай патрэбная справа, што праводзілася дзеля сур’ёзнай эканоміі паліва і энергарэсурсаў. На кацельні ўстаноўлены два новыя катлы з гарэлкамі плаўнага рэгулявання. Пад час работ адбывалася пераключэнне з кацельні №7 на кацельню №3, сіламі камунальнікаў пракладзена новая траса, замененыя акумулятарны бак і звычайныя трубы на самыя сучасныя — прэдызаляваныя, што дазволіла забяспечыць надзейныя пастаўкі цяпла і гарачай вады ў дзіцячы сад. Рабілася ўсё акуратна і старанна, з разлікам на доўгі перыяд эксплуатацыі і магчымасць вытрымліваць вялікія нагрузкі (не забудзем, у мікрараёне жывуць каля 4000 спажыўцоў). Дарэчы, рэканструкцыя працягнецца і ў гэтым годзе, паколькі на мэце закансерваваць кацельню ў бальніцы. Сёлета для гэтага патрабуецца 650 мільёнаў рублёў (а іх яшчэ патрэбна адшукаць).
— Хто найбольш вызначыўся на гэтых работах?
— Хацелася б назваць імёны добрых працаўнікоў, адданых сваёй справе, Сяргея Яроменкі, Дзмітрыя Агеева, Анатоля Семенюка, Дзмітрыя Ланцава.
— Аднак у сферы вашых прафесійных інтарэсаў не толькі райцэнтр, але й вясковыя населеныя пункты. Якія маштабныя праекты рэалізуюцца тут?
— Каб адмовіцца ад пакупной сыравіны, разгорнуты работы ў пасёлку Ленінскі. Ужо зманціравана модульная кацельня. Па праграме энергазберажэння на гэтыя патрэбы выдаткавана і асвоена звыш 1 мільярда рублёў. Там жа, у пасёлку, летась уведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання з новай свідравінай. Пачынаючы з новага года населены пункт забяспечваецца якаснай вадой. Жыхары гэта адчулі, бо гадоў пяць пра тое ішлі толькі размовы, а летась збылося. Каб, як кажаце, “казка стала быллю” спатрэбілася больш чым паўмільярда рублёў. Асноўныя работы выконваліся ўласнымі сіламі пад кіраўніцтвам майстра Эдуарда Вайноўскага, сярод найлепшых слесары Аляксандр Чарнецкі, Уладзімір Іванюк, Аляксандр Семянюк, электрагазазваршчык Сяргей Радаванюк.
— Якасная чыстая вада часам у народзе завецца “жывой”. Што і як мы п’ем, так і жывём. Што зроблена для гэтага ў самой Жабінцы за мінулы год?
— У раёне канала Безыменны (каля былой нафтабазы) адбылася замена дзюкера напорнага калектара, на якім ужо былі парывы. Стальныя трубы з часам знасіліся, не вытрымліваюць, патрабуецца іх неадкладная замена на поліэтыленавыя. А на помпавых станцыях па вуліцах Чкалава і Гагарына заменены старыя помпы на энергазберагальныя нямецкай вытворчасці.
— Заўсёды асаблівы клопат камунальнікаў — добраўпарадкаванне. Кветкі, высаджаныя вашымі рукамі, ствараюць і настрой, і прыгажосць. Што ўжо зроблена і чаго чакаць у гэтым плане сёлета?
— Добраўпарадкаванне — задача задач, паколькі знешні выгляд населеных пунктаў — візітоўка нашай зямлі. Гараджане вельмі жадаюць і прызвычаіліся жыць ва ўтульным горадзе з пэўным еўрапейскім абліччам. Гэту справу не пакідаем па-за ўвагаю круглы год. Узніклі тратуары па вуліцах Міру і Цэнтральная, пачала “апранацца” ў сучасныя “ходнікі” і Калгасная, заасфальтаваны вуліцы Перамогі, Някрасава, Катоўскага, Чарнака, Наганава… Для вывазу адходаў набыты па лізінгу два смеццявозы, новы пагрузчык “Амкадор”, які шмат у чым здымаў узімку праблемы па расчысцы горада ад снегу. Ім кіруе старанны вадзіцель Дзмітрый Басавец.
Вясна прынесла прыемны клопат: патрэбна расквечваць Жабінку. Летась было высаджана каля 70 тысяч кветак — аксамітак, шалфеяў, віёлаў, гваздзікоў, вяргіняў, інш. А сёлета гэтых прыгожых усмешак прыроды стане ў Жабінцы яшчэ больш. Пасадкаю займаюцца ўборшчыкі  тэрыторый (прасцей сказаць — дворнікі), якія ўладкоўваюць газоны, высяваюць траву, каб усё радавала вока.
З 1 красавіка пачынаецца месячнік добраўпарадкавання, але мы пачатку не чакаем — ужо зараз працуем, прыбіраючы стыхійныя сметнікі, фарбуючы стойкі дарожных знакаў, платы. Пачаліся ямачны рамонт, абрэзка дрэў. Прыемна назваць найлепшых у гэтай справе: майстроў добраўпарадкавання Уладзіміра Калішука і Наталлю Наруш, рабочых Андрэя Іванова і Сяргея Русікевіча, уборшчыкаў тэрыторый Ларысу Ярашэвіч і Ніну Шабоцька.
Інтэрв’ю браў А.БЕНЗЯРУК.
На здымках: электрагазазваршчык водаканала Сяргей Радаванюк; брыгада па рамонце кацельнай гаспадаркі ў складзе электрагазазваршчыка  Аляксандр Міласердаў, брыгадзір Дзмітрый Ланцаў і шафёр Анатоль Семянюк.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top