Пад такою назвай у Цукразаводскай гарадской бібліятэцы прайшоў урок мужнасці, прысвечаны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Мерапрыемства мела форму літаратурна-музычнай кампазіцыі. Ля бібліятэкі была арганізавана выстава кніг “У кніжнай памяці імгненні вайны”. На ўмоўнай лясной паляне ўстанавілі палатку, размясцілі камандны пункт, адвялі месца для вогнішча.
Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі дзеці аздараўленчага лагера “Сонейка” сярэдняй школы № 2, вучаніцы 8 “В” класа трэцяй гарадской адзінаццацігодкі, а таксама нашы чытачы Людміла Ляўчук, Вольга Зазулька і іншыя.
Прыгожы танец пад усім вядомую “Кацюшу” выканалі Ксенія Куркова, Кірыл Яраш, Ганна Аўсяйчук, Ангеліна Плытнік і Вікторыя Яскавец.
Сапраўднымі акцёрамі паказалі сябе ўдзельнікі сцэнкі па апавяданні Канстанціна Нілава “Самыя вялікія зоркі” Ганна Балюк, Алена Алексяюк і Мікіта Гінь. Прысутныя ўбачылі, што нароўні з мужчынамі пад час ліхалецця ваявалі самыя звычайныя дзяўчынкі, учарашнія школьніцы, якія марылі, кахалі, пісалі вершы і пры гэтым ахвяравалі сабою.
Песня “Жураўлі” ў выкананні Мяланні Мухі і вершы Мусы Джаліля “Панчошкі” і “След” нікога не пакінулі абыякавымі, кранулі гасцей сустрэчы да глыбіні душы.
Вядучыя імпрэзы далучыліся да юных артыстаў. Бібліятэкар Таццяна Няменьшая выканала песню “А заходы сонца пунсовыя”, а аўтарка гэтых радкоў прачытала вершы пра вайну.
У канцы мерапрыемства гледачоў запрасілі на палявую кухню, дзе ўсе жадаючыя змаглі паспрабаваць сапраўдную салдацкую кашу.
Мы ўспамінаем тую вайну не для таго, каб ненавідзець тых, хто прынёс на нашу зямлю смерць і пакуты, а каб памятаць тых, хто зрабіў усё, каб сёння мы маглі вучыцца і працаваць, смяяцца і радавацца кожнаму дню. Адным словам – жыць!
Надзея БАЛЮК, бібліятэкар Цукразаводскай гарадской бібліятэкі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%