Няпростае пытанне: колькі?

IMG_2247

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

У нядзелю, 13 верасня 1942 года, на Сцяпанкаўскіх могілках былі пахаваны астанкі жыхароў знішчанай у агні вёскі Драмлёва. Часу пасля той жудаснай кары мінула шмат, але й праз тры чвэрці стагоддзя застаюцца пытанні, звязаныя з гэтай трагічнай падзеяй. Мо адно з найбольш важных: колькі ж загінула драмлёўцаў? Паспрабуем адказаць на яго з дапамогай архіўных дакументаў і ўспамінаў тых, хто выратаваўся з полымя ці памятаў пра падзею, якая адбывалася на ягоных вачах.

Шлях да праўды заўсёды бывае няпросты. Гэта сёння мы ўпэўнена гаворым, што Драмлёва было знішчана 11 верасня 1942 года. Аднак памыляецца той, хто думае, што так было заўсёды. Нават у такім простым і відавочным пытанні здаралася блытаніна, прычым пачалася яна амаль адразу пасля трагедыі.
IMG_224315 сакавіка 1944 года ўпаўнаважаны Брэсцкага абкама КП(б)Б Захар Паплаўскі, складаючы даведку “пра спаленую гітлераўцамі вёску Драмлёва Жабінкаўскага раёна разам з яе жыхарамі” назваў дату… 8 верасня! А ў лютым 1967-га краязнавец Аляксандр Гогалеў – іншую, таксама памылковую – 9 верасня. І гэта насуперак таму, што шматлікія архіўныя справы і жывыя яшчэ сведкі паўтаралі, што Драмлёва і драмлёўцы былі знішчаны ў пятніцу, 11 верасня 1942 года, якая супадала з вялікім праваслаўным святам Усячэння Галавы Іаана Хрысціцеля, або па-народнаму – на Галавасек. Дзякуючы таму, што попел Драмлёва яшчэ не паспеў астынуць у памяці людской, памылковыя звесткі не прыжыліся.
Затое іншая памылка, якая тычылася ахвяр драмлёўскай трагедыі, не толькі ўвайшла ў шырокі ўжытак, але і літаральна “забранзавела” і “акамянела” на дзесяцігоддзі. Яна адносілася да колькасці загінулых 11 верасня.
Спробу падлічыць ахвяр рабілі шматкроць, і кожны раз з лічбай адбываліся непрыемныя метамарфозы.
Так, у згаданай ужо даведцы Паплаўскага пазначалася: карнікамі было замучана 375 чалавек. Нават дзіўна, але гэтую відавочна перабольшаную лічбу паўтараюць дасюль, як зрабіла Ганна Грабёнкіна, аўтар кнігі “Брэст непакораны”, у 2005 годзе.
Аднак, калі думаеце, што гэта самая недарэчная лічба загінулых драмлёўцаў, дык памыляецеся. У зборніку дакументаў “Трагедыя беларускіх вёсак”, які выйшаў у свет у 2011-м у Маскве, прыведзены пратакол допыту былога партызана А.Д. Падаляка, які 22 лістапада 1945 года сведчыў: карнікі знішчылі “вёску Драмлёва – да 100 дамоў з жыхарамі – да 2100 чалавек”. Гэтая, па-сапраўднаму астранамічная лічба не прыжылася. Аднак на доўгі час запанавала іншая – 286, прычым замацавалася яна толькі праз дзесяцігоддзі пасля вогненнай падзеі.
Так, адбылося гэта не адразу. 14 снежня 1944 года быў складзены акт “Аб зладзействах, што ўчынілі нямецка-фашысцкія захопнікі і іх памагатыя” на Жабінкаўшчыне. У дакуменце, замацаваным подпісамі пракурора раёна Валянціна Таскіна, старшыні Сцяпанкаўскага сельсавета Антона Тамашука, іншых жыхароў вёскі: Міхаіла Лук’янюка, Надзеі Макасюк і Івана Шораха, у прыватнасці, гаворыцца: “Вёска Драмлёва з 43 двароў згарэла ўся датла і ў ёй былі расстраляны і спалены 270 мірных савецкіх грама-дзян”.
11 студзеня 1945 года пра драмлёўскія падзеі ўпершыню згадалі СМІ. У раённай газеце была надрукавана заметка Івана Сафронава, у якой колькасць загінулых драмлёўцаў – 275 чалавек. Самае дзіўнае, што за дзень да таго, 10 студзеня, засядала раённая камісія, якая высвятляла шкоду, нанесеную акупантамі нашаму краю, і аўтар газетнага артыкула быў сакратаром гэтай камісіі, уласнаручна склаў у трох экзэмплярах акт, а ў ім лічба – 286. Паколькі гэты дакумент у 1963 годзе патрапіў на старонкі зборніка “Злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі”, выдадзенага ў Маскве, лічба 286 у адносінах да ахвяр 11 верасня стала на доўгі час, амаль “кананічнай”, увекавечанай не толькі ў шматлікіх кніжных і газетных публікацыях, але нават “забранзавела” ў мемарыяльных комплексах “Хатынь” пад Мінскам і “Драмлёва” паблізу вёскі Сцяпанкі. На штогадовых жалобных мітынгах, якія адбываліся на месцы нашай “вогненнай вёскі”, пачынаючы з 1967 года, абавязкова згадвалася пра 286 ахвяраў фашызму. Яна тыражыравалася і ў сродках масавай інфармацы, пакуль не ўвайшла ў свядомасць некалькіх пасляваенных пакаленняў жабінкаўцаў.
Дзіўна, што і цяпер, калі вядома неадпаведнасць лічбы 286 колькасці спаленых і расстраляных драмлёўцаў, часам яна “выплывае” нават на старонках салідных даведнікаў. Так, у 2015 годзе выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выпусціла выдатна аформленую кнігу “З памяццю ў сэрцы”, дзе паўтарыла былую памылку: “Былі спалены ўсе 43 двары, знішчаны 286 жыхароў, сярод якіх 124 дзіцяці і 74 жанчыны”. Цікава і тое, што на 57-й старонцы гэтага выдання сцвярджаецца: на камяні ў спаленым Драмлёве ёсць надпіс пра 286 знішчаных, а на суседняй – выява таго валуна з пазнакай пра… 196 забітых.
Апошняя лічба пачала згадвацца з 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У той час рыхтавалася выданне раённай кнігі “Памяць”, у якой, зразумела, нельга было пакінуць па-за ўвагаю лёс вёскі, спаленай карнікамі і не адроджанай пасля ліхалецця. У час падрыхтоўкі дакументальнай хронікі раёна ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці адшукаліся падваровыя спісы жыхароў Драмлёва за канец 1941 года. Стала відавочным, што лічбы, якія называліся раней, не адпавядаюць рэчаіснасці, паколькі за ўсе часы свайго існавання колькасць жыхароў Драмлёва не перавышала дзвюх соцень. Справа зрушылася з мёртвай кропкі, аднак, на жаль, і тыя спісы, што надрукаваныя ў кнізе “Памяць”, не пазбаўлены памылак.
На сённяшні дзень, абапіраючыся на архіўныя дакументы і ўспаміны жыхароў Жабінкі і навакольных вёсак сталага ўзросту, з вялікай доляй верагоднасці можна пакінуць у спісе тых, хто не выйшаў жывым з агню 11 верасня 1942 года, 183 асобы.
На здымках: дасюль  а помніках у Драмлёве і  Сцяпанках розныя лічбы ахвяр: на мемарыяле 196,  на могілках – 190.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.