Учора тэорыя – сёння практыка

 

IMG_1530

 

Летась я здавала экзамены, каб паступіць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Мінуў год, і вось я вярнулася дадому ў новай ролі – як пачынаючы журналіст. На практыку прыйшла ў нашу раёнку. Цікава кожны дзень даведвацца, які шлях праходзіць газета, перш чым патрапіць у рукі чытача. Хто піша артыкулы? Як яны рэдагуюцца? Што патрэбна, каб стаць майстрам у гэтай справе?
Кожны ранак я іду ў рэдакцыю, каб атрымаць чарговае заданне. На працягу ўсяго часу практыкі буду весці свой асабісты дзённік. Спецыфіка журналісцкай працы – напружаны рабочы графік. Гэта я адчула з першых дзён. Нягледзячы на тое, што практыка ў першай палове дня, на мерапрыемства на камбікормавы завод я пайшла пасля абеду. У наступны раз апытвала пра практыку сяброў таксама не ў час заняткаў, а тады, калі было зручна ўсім, пад вечар. Потым – падрыхтоўка матэрыялу. Увогуле, мне падабаецца знаходзіцца ў рэдакцыі. Некалькі дзён таму, калі я прыйшла, пабачыла, як супрацоўнікі рэдакцыі і раённай бібліятэкі шукалі пэўны артыкул у падшыўках газеты за 1967, 1969, 1970 гады. Гартаць старонкі амаль 50-гадовай даўніны было вельмі цікава, адчуванне – нібыта дакранаешся да гісторыі, бачыш, якім быў раён раней, як змянялася з часам газета.
Практыка мае формы кантролю. За чатыры тыдні мне неабходна не толькі публікаваць артыкулы і весці дзённік, але напісаць эсэ пра журналіста, у якога вучуся, і водгук пра рэдакцыю.
Яшчэ год таму мае сябры – сённяшнія студэнты – марылі пра паступленне ў ВНУ. Кожны выбраў тое, да чаго мае інтарэс. Тома, Сцёпа, Каця і Арцём – студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Яны расказалі пра сваю летнюю практыку.
Тома: Я вучуся на спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы”, а практыку мы праходзім на кафедры псіхалогіі развіцця. За гэты час трэба выканаць тры заданні. Найперш з дапамогай метаду назірання апісаць паводзіны людзей. Я выбрала трох знаёмых дзяўчынак. Яны не ведалі, што я сачу за іх рухамі, позіркамі, усмешкамі. Яны проста праходзілі тэст пра выбар будучай прафесіі, які я склала. Тэст атрымаўся. Аказалася, перада мною будучыя ўрач, эканаміст і касметолаг. Было цяжка адначасова і адказы запісваць, і назіраць за эмацыйным станам дзяўчат. Таксама патрабавалася прайсці тэст Томаса-Кілмана наконт паводзін пад час канфлікту. На падставе гэтага напішу справаздачу. Тое, што мы, лінгвісты, будзем праходзіць практыку ў псіхолагаў, я даведалася яшчэ напачатку вучобы ад студэнтаў старэйшых курсаў. Але ж мне больш хацелася б, каб практыка была ў нас як у трэцяга курса – тыя пайшлі працаваць у лагер важатымі. Увогуле, вучыцца мне вельмі падабаецца.
Сцёпа: Кожны ранак я спяшаюся на вакзал, каб паспець на цягнік у Брэст. Практыка пачынаецца ў дзевяць гадзін, а заканчваецца ў трынаццаць. Тры пары працуем з праграмнымі файламі. Трэба рэдагаваць дакументы ў Word, Excel, PoverPoint. Выкладчык дае файл з пералікам усяго, што трэба зрабіць, і кожны (нас васьмёра) потым асабіста здае лабараторныя работы. Усяго заданняў 17. Я ўжо выканаў пастаўленыя перада мной задачы, бо займаўся яшчэ і дома, засталося толькі абараніць практыку. Гэта значыць, трэба пакрокава напісаць у дзённік, як я выконваў кожную задачу.
Каця: Адразу скажу, мая практыка больш нагадвае адпачынак у летніку. Наведваем Брэсцкую крэпасць, парк, ходзім па вуліцах горада і шукаем патрэбныя расліны, здымаем меркі, сочым за жывёламі, а затым апісваем іх. Што гэта за заняткі такія? Вучэбная палявая практыка. Я вучуся на факультэце пачатковай адукацыі. Уся мая практыка падзяляецца на краязнаўчую, якая доўжыцца пяць дзён, і прыродазнаўчую – дзесяць дзён. Прыродазнаўчая, у сваю чаргу, падзяляецца на батанічную і заалагічную. У якасці дапаможнікаў нам выдалі некалькі падручнікаў і гербарныя наборы. За час практыкі неабходна запоўніць тры дзённікі па дысцыплінах. Пазначаем не толькі, што робім, але й апісваем расліны, жывёл, замалёўваем іх. Штодня на практыцы нейкая прыгода! Асабліва з маімі вясёлымі аднагрупнікамі. Не так даўно знайшлі каля вадаёма вужа. Выкладчык узяў яго за шыю, усе дзяўчынкі адразу ж адскочылі. Мне нічога не заставалася, як проста падысці і пачаць мераць вужаку лінейкай. Дарэчы, даўжыня яго – ажно 75 см. На практыцы падабаецца ўсё. Адно, што хацелася б “унармаваць” – гэта надвор’е: то занадта спякотна, то не ведаеш куды хавацца ад моцнага дажджу.
Арцём: У мяне тэхнічная спецыяльнасць. Кожны дзень даводзіцца ездзіць на практыку ва ўніверсітэт. Насамрэч нават не адчуў розніцы паміж звычайнымі практычнымі заняткамі ў час семестра і заняткамі на практыцы. За гэтыя тыдні мне неабходна выканаць два заданні, якія зводзяцца да работы на камп’ютары. Мы пішам праграмы для рашэння матэматычных задач. Нас у групе дзевяць чалавек. Траім самым здольным выкладчык даў яшчэ і асабістае заданне. Зараз з сябрамі пішам праграму, якая фарміруе тэсты для студэнтаў. Мне падабаецца праграмаваць і вучыцца ва ўніверсітэце.
Алена БАБРОВА,  студэнтка ГрДУ  імя Янкі Купалы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.