Людміла КОСЦІНА.
Фота Аляксея ГАНЧУКА.
Хто з дзяцей не любіць пасядзець у шафёрскім крэсле і пакруціць руль аўтамабіля ці трактара. Так рабіў і Сяргей Дзенісовіч з Рудкі, калі быў падлеткам. Дарэчы, яго тата быў тады трактарыстам мясцовай гаспадаркі. Словам, была магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі механізатара. Яшчэ вучнем Сяргей атрымаў правы катэгорыі “С”, таму што вучыўся ў Жабінкаўскім навучальна-вытворчым камбінаце. Згадзіліся ў жыцці, таму што шчыруе вадзіцелем на МАЗе (на катэгорыю “Е” вывучыўся пазней). Працаваў Сяргей Пятровіч у сельгаспрадпрыемстве “Хмелева”, у райспажыўтаварыстве, Брэсцкім будаўнічым трэсце № 8, адкуль перайшоў у Жабінкаўскую жыллёва-камунальную гаспадарку паводле сямейных абставін (нарадзіўся першынец). “Хацелася бліжэй да сваёй сям’і”, – прызнаўся пры размове Сяргей Пятровіч.
Не шкадуе, што Брэст памяняў на Жабінку. Ужо дзесяць гадоў, як далучыўся да калектыву жабінкаўскіх камунальнікаў.
Спачатку працаваў на УАЗе, потым на аўтагідрападымальніку. Любую справу, як адзначалі калегі, выконваў сумленна, з душой. У гэтыя дні Сяргей Дзенісовіч заняты падвозкай пяску ў парк горада, дзе будуецца дзіцячая пляцоўка. Пазней яго чакаюць сельскія працаўнікі – спачатку на хлебнай ніве, а як закончыцца жніво, будзе адвозіць цукровыя карані на буракапрыёмны пункт.
“Стараюся любую справу выконваць рупліва і сумленна, – расказвае Сяргей Пятровіч. – Хочацца зарабіць паболей грошай, каб сям’я жыла ў дастатку і хапіла іх на завяршэнне ўласнага дома, тым болей што сям’я “прырасла” яшчэ адным сыночкам. Жонка ў дэкрэтным адпачынку, даглядае сыноў, а працавала яна сястрой-гаспадыняй у абласной бальніцы.
Сям’я Дзенісовічаў самастойна ўзводзіць дом у Абрамавічах. І хочацца ёй пажадаць, каб наваселле адбылося як мага хутчэй, каб весела звінелі дзіцячыя галасы, а гаспадар узняўся на іншую прыступку шанавання ў калектыве. Цяпер яго імя занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%