Да 135-годдзя Янкі Купалы

Янка Купала
Маё адкрыццё Паэта

Усё самае важнае і каштоўнае ў чалавеку закладваецца і фарміруецца ў дзяцінстве. Менавіта ў гэты час наша падсвядомасць напрацоўвае і назапашвае тое, што абавязкова спатрэбіцца ў будучым.
У далёкім дзяцінстве, калі я яшчэ не ўмела ні пісаць, ні чытаць, мая бабуля вучыла са мной вершы:
Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Гадавала матуля
Дачушку Алесю…
“Алеся” – калісьці я ведала гэты верш на памяць і нават зараз, прачытаўшы раз-другі, змагла лёгка ўзнавіць яго. А як жа даўно ён вучыўся… Цікавая ўсё ж такі рэч – чалавечая памяць: нешта, здаецца, не асабліва важнае, запамінаецца лёгка і надоўга, а тое, што трэба абавязкова ведаць і памятаць, забудзецца на другі ж дзень. “Алеся” запомнілася назаўжды. Гэта быў любімы верш, любімыя героі: дзяўчына-птушка, за якой хацелася ляцець, адкрываючы новыя далі і гарызонты, пяшчотная і стрывожаная мама, якую я заўсёды шкадавала.
У той час я наўрад ці ведала, хто такі Янка Купала і якія цікавыя творы ён пісаў. Аднак я ведала “Алесю”, можа, не самы выдатны яго твор, але для мяне ён асаблівы, па-свойму блізкі і родны. Кожны раз, калі перачытваю яго, на душы становіцца цёпла і ўтульна. Успамінаецца сваё, асабістае, вельмі важнае і каштоўнае, як напамін пра тое, што было добрага і светлага ў час дзяцінства, што ніколі больш не паўторыцца і заўсёды будзе са мной.
Гавораць, добры твор павінен нечаму абавязкова навучыць, нешта падказаць, змусіць чалавека задумацца; я лічу, што яшчэ добры твор павінен даваць чытачу мажлівасць марыць аб нечым. Бо менавіта мары дапамагаюць людзям жыць і тварыць, асабліва ў наш хуткаплынны і складаны час. “Алеся”, “Хлопчык і лётчык” ды іншыя – гэтыя вершы Янкі Купалы я, здаецца, ведала з калыскі. Гэта на іх аснове нарадзілася і жыве недзе ў глыбіні душы і да гэтага часу мая мара – навучыцца лётаць, як птушкі, высока-высока ў небе, узмываць аж пад самыя аблокі, бачыць усё і ўсіх:
Дык наперад, покі сэрца
Б’ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы!
Гэй, да сонца! Гэй, да зор!
Я бязмерна ўдзячная маёй дарагой бабулі, якая сваімі казкамі, калыханкамі, песнямі, вершамі, цікавымі гісторыямі прывіла любоў да мовы. Яна пасеяла ў маёй душы зерне самабытнага і непаўторнага беларускага слова вершаў Купалы. Вершаў, якія назаўсёды застануцца са мной, як застаецца ў чалавека тое, што проста нельга забыць.
Вось такім чынам выдатны беларускі паэт Янка Купала ўвайшоў у маё жыццё. Ён у многім вызначыў маю любоў да беларускай літаратуры. Менавіта з яго вершаў прыйшло захапленне словам: народным, мілагучным, пяшчотным, родным. Яно заўсёды супакойвае душу, грэе сэрца, напаўняе жыццё новым сэнсам. Без вершаў Купалы, вядомых з дзяцінства, не было б мяне такой, якая я ёсць, альбо гэта была б ужо іншая я.
Наталля НАВАЧУК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Маціевіцкай базавай школы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.