“Усё пачынаецца з кахання…”

загс 1

Прыгажосць і маладосць, радасць і аптымізм, памножаныя на інтэлект ды экспрэсію – усё гэта ўласціва маладым не толькі целам, але й духам. У гэтым давялося зноў і зноў упэўніцца пад час конкурснай праграмы “Усё пачынаецца з кахання…”, якая ладзілася ў гарадскім Доме культуры з нагоды Дня моладзі.
Супрацоўнікі аддзела загс райвыканкама для ўдзелу запрасілі маладыя пары з розным стажам сямейнага жыцця (слова “стаж” ужываем наўмысна, паколькі кожнаму вядома: стварыць шчаслівую пару, якая паспяхова пройдзе праз усе іспыты, нягоды і радасці, на якія багата жыццё, – вялікая і складаная праца).
Сярод удзельнікаў нашага незвычайнага спаборніцтва былі Дзмітрый і Ініта Бабко, Андрэй і Хрысціна Прыймачукі, Аляксей і Таццяна Грыцукі, Руслан Шпак і Святлана Лобан, Яўген Гарбаты і Таццяна Няменьшая.
Усе пары падабраліся вельмі розныя, аднак іх аб’ядноўвала адна надзвычай важная акалічнасць: за гады сумеснага жыцця і муж, і жонка сталі добрымі, вернымі і надзейнымі сябрамі-аднадумцамі, што разумеюць адзін аднаго з паўслова, паўжэста, з першага позірку.
Для нас, супрацоўнікаў загса, яны ўсе нібыта родныя, бо з нашым удзелам пачыналіся іх сямейныя гісторыі. Было вельмі прыемна і радасна бачыць, што і праз гады яны разам, прыгожыя і шчаслівыя, а ў сем’ях надзейна прапісаліся каханне, павага, узаемаразуменне, нарадзіліся і гадуюцца дзеці – галоўная каштоўнасць у жыцці любога чалавека.
На мэце жартаўлівых спаборніцтваў, што праводзіліся ў той дзень, была мажлівасць даведацца як мага больш пра свае другія палавінкі. У конкурсе “Хто лепш ведае свайго каханага чалавека” жанчынам з завязанымі вачыма патрабавалася пазнаць уласных мужоў… па носе! А мужчыны (зноў жа з закрытымі вачыма) шукалі сваіх каханых жонак па валасах. З гэтай зусім не простай задачай справіліся амаль усе пары.
А вось у конкурсе “Сямейная ідылія” Яму і Ёй прапанавалася адказаць на пытанні, што тычыліся адзін аднаго, а потым параўнаць адказы. Трэба было бачыць, наколькі ганарыліся маладыя людзі, калі адказы супадалі, і зусім не бедавалі, як “трошачкі моцна” адрозніваліся.
Акрамя конкурснай праграмы маладыя пары паўдзельнічалі ў майстар-класе па лацінаамерыканскім танцы бачата, які правялі Аляксей і Таццяна Грыцукі. Сапраўдным упрыгажэннем свята сталі цудоўныя песні пра каханне ў выкананні артыстаў ГДК.
Паводле вынікаў спаборніцтва званне “Ідэальная пара” атрымала сям’я Руслана Шпака і Святланы Лобан.
Напрыканцы нагадаем: сёлета органы загса Беларусі будуць святкаваць стогадовы юбілей. І ад нас, канечне ж, самае вялікае пажаданне маладым, каб ствараліся сем’і моцныя, шчаслівыя, у якіх нараджалася б шмат дзяцей, любімых і жаданых. І ўсё гэта працягвалася доўгі-доўгі век! Ад усёй душы жадаем маладым, каб гарачыя пачуцці ніколі не пакідалі іх сэрцы.
Няхай хапае мудрасці, таленту, каб, аднойчы спаткаўшы на жыццёвай дарозе сваё каханне, не толькі захаваць, але й памножыць палкае пачуццё. Будзьце шчаслівыя, бо толькі ў шчасці павінны нараджацца, расці і выхоўвацца вашы дзеці!
Галіна АКСЮЦІК, загадчык аддзела загс Жабінкаўскага райвыканкама.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.