Адным з самых запамінальных момантаў сёлетніх летніх канікулаў для вучняў 5 “Б” класа першай гарадской школы, безумоўна, стане велапаход. Яго здзейснілі шаснаццаць пяцікласнікаў, чатыры мамы, шасцёра татаў і класны кіраўнік Юлія Дусь. Разам з намі былі і свае дактары – Аляксандр Людына і Іна Байцун, а таксама ўласны фотакарэспандэнт – Аляксандр Уласюк. Галоўным камандуючым паходу аднагалосна выбралі Юрыя Піўчыка.
Перад выездам усе сталі ў шарэнгу, Юрый Аляксеевіч правёў інструктаж па правілах бяспечных паводзін на дарозе пад час руху на веласіпедзе, патрэніраваў бацькоў і дзяцей у перадачы каманд і сігналаў. І вось дружны ланцужок веласіпедыстаў рушыў з месца.
Спачатку маршрут, зразумела, ішоў праз Жабінку. І тут, як высветлілася, самым складаным было трымаць дыстанцыю, асабліва перад пешаходным пераходам, дзе спешваліся і перасякалі дарогу ў якасці пешаходаў. А такіх пераходаў было чатыры! Затым ехалі праз Здзітава, любаваліся ціхай сонечнай раніцай, мясцовымі краявідамі, помнікам драўлянага дойлідства – Свята-Мікіцкай царквой. Але які ж паход без выпрабаванняў і іх пераадольвання? Амаль ва ўсіх удзельнікаў сучасныя горныя веласіпеды, але не ўсе мы ўмеем іх правільна наладзіць, каб педалі круціліся лёгка. Вось тут і спатрэбіліся толькі што атрыманыя ўменні ў перадачы сігналаў і каманд, а тэхнічная група падтрымкі – нашы адважныя таты – хутка прыйшла на дапамогу. Пакуль даехалі да Залуззя (канцавога пункта нашага паходу), спыняліся яшчэ не адзін раз. Давялося нават выклікаць тэхнічную дапамогу (Галіну Піўчык на аўтамабілі), каб усе ўдзельнікі дабраліся да вызначанага месца, бо адзін веласіпед ніяк не хацеў каціцца лёгка.
Спыніліся ў лесе на беразе Мухаўца. Гэтае месца бачыла не адну сотню турыстаў. Дзецям расказалі, як паводзіць сябе ў лесе і каля вадаёмаў. Затым дружна гулялі ў “Адзінаццаць” і іншыя гульні з мячом. Масавіком-зацейнікам была Таццяна Куніцкая. Нехта знайшоў пакрышку ад аўтамабільнага кола, прымацаваў на сасне – і вось вам самая сапраўдная баскетбольная карзіна. Юлія Аляксандраўна сачыла, каб ніхто не застаўся па-за гульнёю.
Нечакана да нашага берага прыстала маторная лодка. Гэта быў сюрпрыз для дзяцей і многіх прысутных бацькоў. Усе па чарзе пракаціліся на маторцы па Мухаўцы, захоўваючы правілы бяспекі. Спачатку каталіся дзяўчынкі, потым хлопчыкі, дапамагаючы адзін аднаму апранаць выратавальныя камізэлькі.
Пакуль дзеці актыўна адпачывалі, бацькі падрыхтавалі абед. “Каралямі” на паходным стале былі цыбуля, кроп, пятрушка, салата з агарода Мар’яны Баханковіч. Былі тут і смажаныя каўбаскі, і сала, і чай, прыгатаваныя на вогнішчы… Яго раскладвалі ў мангале, які захапіў прадбачлівы Аляксандр Гацкевіч, каб не нанесці ўрон прыродзе. Галоўным кухарам быў Андрэй Петухоў, а яго памочнікам – Дзмітрый Варабей.
Адпачыўшы і падсілкаваўшыся, накіраваліся да залуззеўскага гідравузла. Тут вучні не толькі пазнаёміліся з яго прызначэннем, але і даведаліся пра шлях “з варагаў у грэкі”.
Дарога дадому заняла менш часу, калона веласіпедыстаў рухалася больш зладжана і дружна, і ў чатыры гадзіны мы былі ў Жабінцы. Доўга яшчэ не разыходзіліся, абменьваючыся ўражаннямі. І ў каторы раз упэўніліся, што 5 “Б” “із зэ бэст”!
Такія паходы патрэбныя і карысныя. Яны згуртоўваюць, аб’ядноўваюць дзяцей, бацькоў і настаўнікаў. Можна бясконца гаварыць пра правілы бяспекі на дарозе, на вадзе, у лесе, але замацоўваюцца яны, становяцца ведамі, звычкай толькі на практыцы. Немалаважная роля належыць бацькам, іх прыкладу. Разам з тым нашы дзеці вучыліся зладжанай працы ў калектыве, узаемападтрымцы, вытрымцы, міласэрнасці, спачувальнасці, уменню слухаць і чуць. Хочацца верыць, што такія паходы стануць для нашага класа традыцыйнымі і ўжо ў будучым навучальным годзе ў падарожжа рушаць усе вучні стопрацэнтна.
Людміла ЦУПА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%