Незалежнасць – магчымасць працаваць, марыць і спадзявацца

3июля7 3июля8 3июля10 3июля21 3июля24 3июля25 3июля36

У Жабінцы, як ва ўсіх беларускіх рэгіёнах, адбылося святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Распачалося яно традыцыйна ля помніка загінулым воінам і партызанам мітынгам “Ганаруся табою, Беларусь сінявокая”, на які прыйшлі ўдзельнікі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь Жабінкаўшчыны. Словам, сабраліся тыя, хто шануе гісторыю сваёй краіны, ганарыцца ёю, працай і талентам пры-мнажае багацці роднай зямлі.
Пасля мелодыі гімна Беларусі вядучы мітынгу дае слова старшыні Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатолю Шалтанюку. Віншуючы ўсіх з галоўным дзяржаўным святам, ён узгадаў найперш герояў вызвалення роднай краіны, тых, хто больш за сем дзесяцігоддзяў назад прынёс на нашу зямлю мір і свабоду, шчасце жыць на вольнай зямлі. За гэта былі аддадзены жыцці кожнага трэцяга беларуса, менавіта ў гады акупацыі ішла сапраўдная бітва за незалежнасць, якая згуртавала народ, нарадзіла нябачныя раней патрыятызм і мужнасць.

– Галоўны падмурак нашай незалежнасці – гэта адзінства і згода ў грамадстве, мір і парадак у краіне, устойлівае развіццё эканомікі, – сказаў Анатоль Вітальевіч. – Сёння мы маем усё, каб ажыццяўляць важнейшыя праекты, надаваць новы імпульс дзелавой ініцыятыве і творчай энергіі людзей. У краіне мадэрнізаваны традыцыйныя сферы і створана аснова для развіцця новых высокатэхнічных галін. Значныя аб’ёмы інвестыцый накіраваны ў сацыяльную сферу і будаўніцтва жылля. Захавана сацыяльна-палітычная стабільнасць у грамадстве, вырашана праблема прадуктовай бяспекі і многае іншае.
Цяпер актыўна крочыць у будучыню і Жабінкаўскі край, ёсць станоўчая дынаміка развіцця народнагаспадарчага комплексу. Мне прыемна адзначыць, што па выніках абласных спаборніцтваў за дасягненне ў 2016 годзе найлепшых прагнозных паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці Жабінкаўскі раён стаў лепшым сярод іншых рэгіёнаў Берасцейшчыны, а па эканоміі рэсурсаў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару. Такія высокія набыткі – заслуга кожнага працоўнага калектыву, кожнага жыхара, хто сваёй сумленнай і творчай працай уносіць уклад у развіццё і росквіт роднага краю. У гэтым і праяўляецца грамадзянская адказнасць, любоў да малой радзімы і сваёй Айчыны.
Анатоль Вітальевіч акрэсліў прыярытэтныя задачы на бліжэйшую перспектыву і адзначыў, што мы ганарымся мірам, спакоем і парадкам, як галоўнымі дасягненнямі краіны, без якіх немагчыма ні развіццё, ні росквіт. У гэтай складанай і адказнай справе нам надае сілы спадчына пакалення пераможцаў, таму ёсць цвёрдая перакананасць у тым, што адзінства, працавітасць, аптымізм беларускага народа, вера ў паспяховае будучае дапамогуць пераадолець цяжкасці, якія ўзнікаюць на шляху і дасягнуць пастаўленых мэтаў.
Затым да мікрафона падышоў старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Яўстратаў, які заўважыў, што Дзень Незалежнасці з’яўляецца сімвалам адзінства нашага народа і адказнасці перад пакаленнямі. Сённяшняе вырасла ў суверэннай краіне, але адчувае глыбокую павагу не толькі да памяці пакалення пераможцаў, але і да справы сваіх бацькоў, дзядоў, якія за два дзесяцігоддзі пабудавалі незалежную, вольную Беларусь, якую можам заўсёды абараніць і адстаяць.
У нашай краіне ёсць шырокія магчымасці для ўсебаковага развіцця і рэалізацыі творчых здольнасцяў маладых людзей. Гэта пацвердзіла выступленне вучаніцы першай гарадской школы Ганны Андрасюк.
– Сёння беларуская зямля – куточак бяспекі і міралюбства, дзе кожны мае магчымасць атрымаць адукацыю, медыцынскую дапамогу, спакойна жыць і працаваць, гадаваць сваіх дзяцей, – сказала дзяўчынка. – Мы бачым, што за гады незалежнасці на беларускай зямлі многа адбылося важных падзей і змен, а краіна набыла статус моцнай і свабоднай дзяржавы, у сэрцах і душах людзей якой спакой, а ў дамах – згода і дабрабыт.
Ускладаннем кветак і вянкоў да мармуровых пліт і гучаннем гімна закончылася першая дзея свята.
Наступныя святочныя мерапрыемствы адбываліся на цэнтральнай плошчы, у гарадскім Доме культуры, на імправізаваных спартыўных пляцоўках і ў гарадскім парку. Так, у ГДК была аформлена выстава-панарама “Квітней, мой край, пад небам жураўліным”, а выстава-кірмаш майстроў народнай творчасці гасцінна запрашала па пакупкі, зробленыя рукамі рамеснікаў, словам, непаўторнымі творцамі раёна.
Немагчыма ўявіць галоўнае свята Беларусі без спартыўных спаборніцтваў. Разгарнуліся паказальныя выступленні і ў Жабінцы, удзельнікамі якіх былі навучэнцы спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву раёна. На баксёрскім рынгу выступалі кандыдат у майстры спорту Беларусі Уладзіслаў Макасюк, баксёры-разраднікі Віктар Андрасюк, Павел Барацян, Артур Буйноўскі, Іван Янчук, Уладзіслаў Іваноў, Іван Ефлакоў, Уладзіслаў Алексяюк.
Паказалі сваё майстэрства і дзве валейбольныя каманды СДЮШАР.
Удзельнікаў відовішчаў радавалі сваёй творчасцю спевакі і калектывы Жабінкаўшчыны. Талентам, артыстызмам, чароўнасцю яны расквецілі галоўнае свята краіны.
Важнай дзеяй Дня Незалежнасці з’явілася наведванне Жабінкі ўдзельнікамі “Бегу Міру – 2017”. Гэта бег энтузіястаў у любое надвор’е па пяці маршрутах у напрамку да беларускай сталіцы. Значэнне яго ў тым, што пры перадачы факела з рук у рукі перадаецца цяпло ад сэрца да сэрца. Калі вы бежыце з ім, то пераадольваеце ўсялякія рознасці і ўсе іншыя бар’еры, якія падзяляюць нацыю. Ініцыятарам такога спартыўнага мерапрыемства з’яўляецца энтузіяст спорту і грамадскі дзеяч Шры Чынмой (1931-2007). Бегуны з 25 краін свету нясуць факел міру, сімвал дружбы і добрай волі.
Пяць “галінак” прабегу адначасова злучацца сёння ў 11 гадзін, каб адсвяткаваць фініш еўрапейскай часткі прабегу і 30-годдзе эстафеты.
Вось і жабінкаўцы змаглі прыняць удзел у гэтай эстафеце. Кожны імкнуўся патрымаць факел ці проста павітаць бегуноў і такім чынам стаць часткаю самай вялікай у свеце каманды.
Шчаслівыя дзіцячыя ўсмешкі – вось галоўная прыкмета свабоднай дзяржавы. Здаровыя, радасныя, бесклапотныя дзеці – дзеля іх не шкада нічога. Не забыліся на свяце і пра іх. Старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў флэшмобе, глядзелі фільм у “Юбілейным”, малодшыя малявалі на асфальце, весяліліся на батутах.
Традыцыйна жабінкаўцы праспявалі гімн і выпусцілі ў неба шары, запоўненыя неонам.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Аляксея ГАНЧУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.