IV Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

218087-02

IV Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў 29-30 чэрвеня ў Маскве. 30 чэрвеня адбыліся пленарнае пасяджэнне IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі і пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Форум рэгіёнаў у бягучым годзе быў прысвечаны супрацоўніцтву Беларусі і Расіі ў інавацыйнай сферы. У час форуму працавала выстаўка інавацый, на якой былі прадстаўлены найноўшыя вытворча-тэхнічныя распрацоўкі, важнейшыя сумесныя праекты ў галіне прамысловасці і высокіх тэхналогій. Таксама быў арганізаваны кірмаш-продаж беларускай прадукцыі, у якім прынялі ўдзел каля 60 прадпрыемстваў Беларусі. Беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам уключала 200 чалавек — гэта парламентарыі, прадстаўнікі вядучых беларускіх прадпрыемстваў, дзелавыя колы. На IV Форуме рэгіёнаў Беларусь і Расія заключылі кантракты на $450 млн.

Беларусь і Расія нацэлены на ўмацаванне палітычнага і эканамічнага партнёрства — Лукашэнка

Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час пасяджэння ВДС у Маскве.

«Сёння мы праводзім найбольш актуальныя і маштабныя мерапрыемствы ў нашых двухбаковых адносінах — пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета і Форум рэгіёнаў. Прысутнасць на гэтых пляцоўках вялікай колькасці прадстаўнікоў буйных прадпрыемстваў і арганізацый з Беларусі і Расіі з’яўляецца сведчаннем вельмі цесных сувязей двух брацкіх народаў, дэманстрацыяй узаемнай нацэленасці на далейшае ўмацаванне палітычнага і эканамічнага партнёрства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы прыняў рашэнні па дзевяці пытаннях

Бакі падпісалі пастановы аб захаванні патэнцыялу машынабудаўнічага комплексу Саюзнай дзяржавы, аб супрацоўніцтве ў сферы аграпрамысловага комплексу, аб выніках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі за 2016 год, аб ходзе выканання Прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву.

Таксама былі прыняты пастановы аб ходзе выканання Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2016-2017 гады, аб старшыні пагранічнага камітэта Саюзнай дзяржавы, аб асноўных пытаннях да пасяджэнняў ВДС на 2017 год.

Акрамя таго, падпісаны рэзалюцыі аб выніках рэалізацыі Канцэпцыі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2011-2015 гады, аб ходзе выканання рашэнняў Вышэйшага дзяржаўнага савета.

Спікер Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка прапанавала разгледзець пытанне адмены роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў такую ідэю. «Думаю, гэта разумная прапанова. Давайце даручым. Мы пратакольна зробім такі запіс», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь і Расія атрымліваюць значныя выгады ў выніку аб’яднання сваіх магчымасцей — Лукашэнка

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

«У гэтым годзе мы адзначылі 20-годдзе Саюза Беларусі і Расіі. Гэта дата сімвалізуе выбар асноўнага вектара развіцця, узаемнае імкненне да інтэграцыі і глыбокага ўзаемадзеяння ў сацыяльнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах. За два дзесяцігоддзі зроблена нямала. Вытворчая кааперацыя і рэалізуемыя саюзныя праграмы сведчаць аб эфектыўнасці аб’яднання матэрыяльных і інтэлектуальных магчымасцей нашых дзяржаў. У выніку значныя выгады атрымліваюць эканомікі Беларусі і Расіі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў плане інтэграцыі Беларусь і Расія дасягнулі значных вынікаў, якіх не змаглі дабіцца іншыя краіны ў свеце. «Тут, можна сказаць, мы добра папрацавалі», — дадаў ён.

Важнае месца ў развіцці двухбаковага ўзаемадзеяння належыць міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву, адзначыў Прэзідэнт. «За мінулы час форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі сталі адкрытай пляцоўкай для давернай размовы аб надзённых праблемах, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Не дзеля ліслівасці, хачу падзякаваць кіраўнікам дзвюх верніх палат нашых парламентаў. Яны з’яўляюцца «маторамі» гэтага інтэграцыйнага руху. Мне вельмі падабаецца іх супрацоўніцтва ў гэтым плане, яны проста балеюць за тое, каб нашы мерапрыемствы ў рамках форуму пастаянна развіваліся».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што штогадовае правядзенне такіх мерапрыемстваў дае магчымасць падтрымліваць пастаянныя сувязі паміж прадстаўнікамі вышэйшых і мясцовых органаў улады дзвюх краін. На гэты момант дзейнічае 70 пагадненняў на ўзроўні ўрада Беларусі і адміністрацый суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Кожнае з іх суправаджаецца канкрэтнай праграмай мерапрыемстваў на трох-чатырохгадовы перыяд.

Лукашэнка: ніякія санкцыі і націск Беларусі і Расіі не перашкода, разам краіны пераадолеюць усё

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час выступлення на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь развівае супрацоўніцтва з самымі рознымі рэгіёнамі Расіі. Ёсць нават сумесныя праекты на Сахаліне ў галіне сельскай гаспадаркі.

«І гэта на Сахаліне, што ўжо гаварыць аб суседніх абласцях. Гэтак жа і расіяне сёння працуюць у Беларусі. Мы проста наверсе нават мала ведаем гэтых прыкладаў. Але ўсе вы варушыцеся, у добрым сэнсе слова, як мурашкі. І я вам за гэта вельмі ўдзячны. Вы проста малайцы, трэба ў гэтым тэмпе рухацца, ствараючы нашу агульную прастору і дэманструючы ўсім, што ніякія санкцыі, ніякі націск нам не перашкода. Мы пераадолеем усё», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: для Беларусі блізкія ўсе расійскія рэгіёны незалежна ад геаграфічнай аддаленасці

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Дзякуючы братэрскім адносінам нашых народаў у нас ёсць вялікія магчымасці і рэсурсы для далейшага нарошчвання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ва ўсіх сферах. І ў гэтым выключна важную ролю адыгрываюць рэгіёны. Падкрэслю — незалежна ад геаграфічнай аддаленасці ўсе расійскія рэгіёны для нас блізкія», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы спадзяёмся, што і да беларусаў у Расіі будуць ставіцца гэтак жа, усюды. Пакуль мы праблем у гэтых адносінах не маем. Мы адзін аднаго не палохаем, мы едзем адзін да аднаго як браты, як родныя. І гэта на ўзроўні людзей, а не толькі нашых размоў з высокіх трыбун. Пытанні сацыяльных гарантый і правоў грамадзян гэта, пастаўкі беларускай тэхнікі, сельскагаспадарчай прадукцыі, навуковых распрацовак, паслуг», — адзначыў Прэзідэнт.

Менавіта такі падыход дасць магчымасць дзвюм дзяржавам не толькі дасягнуць сучаснага ўзроўню тэхналагічнага развіцця, але і — самае галоўнае — захаваць адзінства і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка растлумачыў, навошта Беларусі і Расіі неабходна праводзіць узгодненую эканамічную палітыку

Узгодненая эканамічная палітыка Беларусі і Расіі будзе стымуляваць сумесную вытворчасць высокатэхналагічнай прадукцыі, заявіў Прэзідэнт Беларусі.

«Залогам паспяховага пераадолення глабальных выклікаў у будучым з’яўляецца глыбокая кааперацыя, арыентаваная на выпуск высокатэхналагічнай навукаёмістай прадукцыі. Абавязковае патрабаванне да такой прадукцыі — хутчэйшае ўкараненне ў серыйную вытворчасць у Беларусі і Расіі. Гэта асабліва важна з улікам узрастаючай канкурэнцыі на сусветным рынку», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Пры гэтым фарміраванне і правядзенне ўзгодненай эканамічнай палітыкі Беларусі і Расіі будзе ў значнай ступені стымуляваць такую вытворчасць, садзейнічаць павышэнню яе экспартнага патэнцыялу і эфектыўнаму вырашэнню задачы імпартазамяшчэння», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка прапанаваў навуковай супольнасці Беларусі і Расіі актывізаваць сумесную падрыхтоўку кадраў

Такую прапанову Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў у час выступлення на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што кадравы патэнцыял навукі застаецца ключавым фактарам у многіх сферах. У Беларусі яго не толькі захавалі, але і прымножылі. «Тут трэба адзначыць супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы маладых вучоных. Звяртаюся да навуковай супольнасці нашых краін з прапановай актывізаваць работу ў гэтай сферы. Маладыя вучоныя павінны мець усе магчымасці для цесных кантактаў са сваімі калегамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама лічыць, што неабходна ўзмацніць узаемадзеянне навуковых школ па самых перспектыўных напрамках. У прыклад ён прывёў супрацоўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам.

Асноўным лакаматывам сумеснай навукова-даследчай дзейнасці традыцыйна выступаюць акадэміі навук Беларусі і Расіі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Так, у НАН Беларусі створаны і паспяхова дзейнічаюць сем сумесных беларуска-расійскіх цэнтраў і лабараторый. У стадыі фарміравання яшчэ тры — з Курчатаўскім інстытутам у Маскве, Інстытутам біялогіі гена Расійскай акадэміі навук і Кузбаскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам.

«Перакананы, што высокім навуковым крытэрыям у поўнай меры павінны адпавядаць і праграмы, якія мы фінансуем у рамках Саюзнай дзяржавы. Намі ўжо рэалізавана больш за сорак саюзных навукова-тэхнічных праграм у розных галінах», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Гэта дало магчымасць аб’яднаць інтэлектуальны, тэхнічны, вытворчы і фінансавы патэнцыял Беларусі і Расіі, умацаваць нацыянальную бяспеку.

«Безумоўна, у супрацоўніцтве з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі мы робім акцэнт на ўзаемадапаўненні нашых магчымасцей, сумесным удзеле ў рэалізацыі праектаў, федэральных і рэгіянальных праграм», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: беларуска-расійскія кантакты ў ІТ-сферы маглі б развівацца больш дынамічна

Беларуска-расійскія кантакты ў галіне інфармацыйных тэхналогій маглі б развівацца больш дынамічна на пляцоўках, якія паказалі ўжо сваю эфектыўнасць, напрыклад, на базе Парка высокіх тэхналогій у Мінску. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што мабільнымі дадаткамі кампаній — рэзідэнтаў ПВТ сёння карыстаюцца больш як 1 млрд чалавек у 193 краінах, звыш 90 працэнтаў вырабляемага ў Парку праграмнага забеспячэння ідзе на экспарт у Расію і СНД, краіны Заходняй Еўропы і ЗША.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне інфармацыйных тэхналогій становіцца адной з фундаментальных асноў стратэгічнага партнёрства. Тут ён вылучыў такія напрамкі, як развіццё чалавечага патэнцыялу, павышэнне эфектыўнасці дзяржкіравання ў эканоміцы і сацыяльнай сферы, фарміраванне лічбавай эканомікі, забеспячэнне бяспекі грамадзян і дзяржавы.

Лукашэнка: узаемадзеянне Беларусі і Расіі ў сферы высокіх тэхналогій цяпер асабліва актуальна

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«На папярэдніх форумах абмяркоўваліся пытанні сельскай гаспадаркі, прамысловасці і сацыяльнай палітыкі. Сёння мы ўзяліся за новы тэхналагічны ўклад. Супрацоўніцтва ў сферах высокіх тэхналогій, інфармацыйнага грамадства цяпер асабліва актуальна, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы адстанем па гэтай тэме, мы застанемся плесціся ў канцы. Нішто вас не выратуе: ні патэнцыял, ні вуглевадароды. Бачыце, у якім напрамку і якімі тэмпамі развіваецца свет увогуле».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі гэтай сферы ўдзяляецца сур’ёзная ўвага. «Адным з асноўных прыярытэтаў беларускай эканомікі з’яўляецца развіццё прамысловасці — сектара, у якім ствараецца чвэрць ВУП краіны. Пры гэтым структура ВУП больш як на трэць складаецца з высокатэхналагічных і навукаёмістых галін, — адзначыў ён. — Дастаткова сказаць, што тры гады таму мы паставілі перад сабой — напэўна, своечасова — амбіцыйную задачу па інавацыйным развіцці Беларусі. Як цяпер мы бачым, угадалі. Але калі мы вывучылі сусветны вопыт, праслязіліся: мы ўжо адстаём, перадавыя дзяржавы пайшлі наперад». Паводле яго слоў, гэта адставанне неабходна ліквідаваць.

У студзені 2017-га ў Беларусі была зацверджана дзяржпраграма інавацыйнага развіцця краіны да 2020 года, у якую ўключана 75 праектаў па стварэнні новых вытворчасцей. Яе мэтай з’яўляецца забеспячэнне якаснага росту і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі з канцэнтрацыяй рэсурсаў на фарміраванні высокатэхналагічных сектараў. «Лічу, што аўтарытэтныя навуковыя школы і цэнтры Расіі заўсёды змогуць знайсці ў ёй прывабныя для развіцця супрацоўніцтва з беларускімі калегамі напрамкі, — сказаў Прэзідэнт. — Упэўнены, што нашым краінам, якія маюць унікальныя магчымасці і вопыт узаемадзеяння, разам будзе прасцей зрабіць упэўнены крок у будучае, каб дастойна канкурыраваць на сусветным рынку».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што на сучасным этапе развіцця галоўным рэсурсам з’яўляецца інфармацыя. Паводле яго слоў, крыху перафразаваны тэзіс «хто валодае інфармацыяй, той валодае светам» адлюстроўвае сённяшнія рэаліі ў глабальнай палітыцы, эканоміцы, ды і ва ўсіх іншых сферах жыццядзейнасці чалавецтва.

Лукашэнка: мы паставілі сабе амбіцыйную задачу — ператварыць Беларусь у ІТ-краіну

«Мы перад сабой паставілі амбіцыйную задачу — ператварыць Беларусь у ІТ-краіну. У бліжэйшы час мы прымем прававыя асновы для такога развіцця сітуацыі ў Беларусі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што адпаведныя дакументы распрацоўваліся сумесна беларускімі і расійскімі спецыялістамі. Яны «прадстаўлены ўжо на разгляд у вышэйшы орган улады Беларусі».

«Упэўнены, што гэта будзе наш з вамі агульны праект і ён унясе дастойны ўклад у самыя сучасныя напрамкі развіцця нашага грамадства і эканомікі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Расія зацікаўлена ва ўзаемавыгадных праектах з Беларуссю — Пуцін

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што Беларусь і Расія на трывалым фундаменце дружбы і добрасуседства паступальна развіваюць двухбаковыя адносіны практычна па ўсіх напрамках і рэгіянальныя сувязі з’яўляюцца іх важнейшым складнікам. «Наш прыклад стымулюе работу з калегамі ў рамках СНД, ЕАЭС і АДКБ», — заявіў ён.

Большасць расійскіх рэгіёнаў цесна ўзаемадзейнічаюць з беларускімі, у тым ліку на аснове двухбаковых пагадненняў аб супрацоўніцтве, рэалізуюцца праекты як на міжрэгіянальным узроўні, так і па лініі гандлёва-прамысловых палат, навуковых цэнтраў, асобных прадпрыемстваў. «Лічу, што разам нам удалося выбудаваць эфектыўную структуру кааперацыі, што стварае надзейную базу для нарошчвання дзелавой актыўнасці, прытоку капіталу ў эканомікі абедзвюх дзяржаў», — сказаў Уладзімір Пуцін.

У 2016 годзе аб’ём інвестыцый з Расіі ў Беларусь дасягнуў $4 млрд, пры гэтым асноўную іх долю склалі прамыя замежныя інвестыцыі. Расійскі бізнес укладае ў беларускі транспарт, апрацоўчую прамысловасць. У сваю чаргу Беларусь інвесціравала ў сельскую гаспадарку, рознічны гандаль, фармацэўтыку Расіі. Найбольш актыўна з беларускімі партнёрамі працуюць Масква, Санкт-Пецярбург, Маскоўская, Пскоўская, Смаленская вобласці і іншыя рэгіёны. Набірае абароты ўзаемадзеянне з расійскім Далёкім Усходам. Адзін з прыкладаў — сумеснае стварэнне ў Сахалінскай вобласці сучаснага аграгарадка. «Разлічваем, што колькасць такіх узаемавыгадных праектаў будзе толькі расці», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

«Расія гатова да самага цеснага супрацоўніцтва з партнёрамі з Беларусі для забеспячэння ўстойлівага доўгатэрміновага росту нашых эканомік, гатова разам выбудоўваць прамысловую і тэхналагічную палітыку, развіваць інфраструктуру, садзейнічаць фарміраванню камфортнага дзелавога асяроддзя», — рэзюмаваў Прэзідэнт Расіі.

Мясніковіч прапанаваў ліквідаваць бар’еры на агульным рынку з Расіяй і больш актыўна ствараць СП

Аб гэтым заявіў на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

«Нам усім, сапраўды зацікаўленым у саюзным будаўніцтве, трэба сканцэнтраваць намаганні ў прыярытэтным парадку на ўніфікацыі, гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў, масавым стварэнні сумесных кампаній, адкрыцці саюзных праграм і праектаў з узаемным допускам суб’ектаў нашых краін у гэтыя праграмы, спецыялізацыі і канцэнтрацыі прамысловага, інтэлектуальнага, фінансавага і гандлёвага патэнцыялу ў Саюзнай дзяржаве, — заявіў Міхаіл Мясніковіч. — Поспеху ў гэтай справе будуць садзейнічаць абсалютны давер бакоў, захаванне прынцыпаў маральнасці і ўзаемнай павагі».

Эфектыўнае развіццё расійска-беларускага супрацоўніцтва магчыма пры наяўнасці гарманізаванага заканадаўства дзвюх краін, падкрэсліў спікер. «У гэтым плане шмат зроблена. Разам з тым выклікаюць занепакоенасць факты прыняцця прававых актаў у аднабаковым парадку або парушэнні правапрымяняльнай практыкі, якія часта супярэчаць мэтам будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і ствараюць няроўныя ўмовы для беларускіх суб’ектаў гаспадарання на адзінай беларуска-расійскай прасторы, — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч. — Прыкладаў нядобрасумленнай канкурэнцыі і неабгрунтаванага бюракратызму нямала. Размова не ідзе аб уступках і прэферэнцыях для беларускага боку. Але нарматыўна-прававыя акты, якія прымаюць у Беларусі і Расіі, павінны рэальна забяспечваць стварэнне і функцыянаванне адзінай эканамічнай прасторы і прававых асноў агульнага рынку, роўных правоў грамадзян».

У сваім выступленні Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што аснова эканомікі — гэта буйныя кампаніі. «Для Беларусі важна, каб было больш такіх беларуска-расійскіх прадпрыемстваў», — сказаў ён. На 1 красавіка 2017 года ў Беларусі працавала 2,5 тыс. сумесных арганізацый.

Беларусь выступае за больш актыўнае прымяненне механізма ДПП у рэгіянальным супрацоўніцтве з РФ

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

«У развіцці рэгіянальных эканомік трэба актыўней выкарыстоўваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Аб гэтым гаварыў Прэзідэнт Расіі на Пецярбургскім эканамічным форуме. Добрай падмогай у гэтым плане можа выступаць адпаведны мадэльны закон, прыняты на Парламенцкай асамблеі СНД у бягучым годзе», — заявіў Міхаіл Мясніковіч. У сувязі з гэтым заслугоўвае ўвагі вопыт Растоўскай вобласці па рамонце і ўтрыманні жылога фонду, які вывучаецца ў Беларусі.

Ён таксама прапанаваў у Саюзнай дзяржаве ўвесці ў бюджэтны працэс рэгіянальныя праграмы, калі заказчыкамі выступаюць муніцыпалітэты, абласныя адміністрацыі. «Каб узмацніць ролю рэгіёнаў у Саюзным будаўніцтве, мэтазгодна таксама пашырыць паўнамоцтвы нашай міжпарламенцкай камісіі і зрабіць яе пасяджэнні больш частымі», — дадаў Міхаіл Мясніковіч.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што Беларусь даражыць адносінамі з Расіяй. «Так, маюць месца спрэчкі, дыскусіі. Але чарговы раз трэба падкрэсліць, што Беларусь зрабіла свой стратэгічны выбар. Гэта ўсебаковае партнёрства і дружба з Расіяй, і мы паслядоўна ідзём гэтым курсам», — рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.

Мясніковіч ініцыіраваў інвентарызацыю дакументаў Саюзнай дзяржавы

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі выступіў з ініцыятывай аб правядзенні інвентарызацыі дакументаў Саюзнай дзяржавы.

«Трэба было б правесці інвентарызацыю актаў Саюзнай дзяржавы і нацыянальных дакументаў, прынятых у іх развіццё, — заявіў Міхаіл Мясніковіч. — Трэба дэталёва прааналізаваць, што зроблена за 20 гадоў, чаму не выконваюцца ў поўным аб’ёме рашэнні Саюзнай дзяржавы».

Выканаць гэту работу павінен Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, лічыць старшыня Савета Рэспублікі. На яго думку, парадак дня чарговага Форуму рэгіёнаў мог бы быць прысвечаны прыярытэтам развіцця Саюзнай дзяржавы і ролі рэгіёнаў у іх рэалізацыі.

Беларусь даражыць давернымі адносінамі з расійскімі рэгіёнамі, прыкладаў паспяховай сумеснай работы шмат, падкрэсліў спікер. У краіны трывалыя дзелавыя сувязі з 79 рэгіёнамі Расіі. Вядучыя пазіцыі ва ўзаемным гандлі займаюць Цэнтральная, Уральская, Паўночна-Заходняя федэральныя акругі. Кантакты пашыраюцца і становяцца больш маштабнымі. Сталі сістэмнымі маладзёжныя кантакты, расце колькасць высокатэхналагічных праектаў. «Расійскі капітал ідзе ў Беларусь. У 2016 годзе ў эканоміку Беларусі з Расіі паступіла $3,5 млрд прамых інвестыцый, што на 8 працэнтаў больш у параўнанні з папярэднім годам. Беларускія прамыя інвестыцыі ў Расію ў мінулым годзе дасягнулі $2,1 млрд. У Расіі працуе 210 арганізацый з беларускім капіталам», — праінфармаваў Міхаіл Мясніковіч.

Мацвіенка прапануе стварыць ІТ-кластары ў прыгранічных рэгіёнах Беларусі і Расіі

З такой ініцыятывай яна выступіла 30 чэрвеня ў Маскве, адкрываючы пленарнае пасяджэнне IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

«Улічваючы поспехі беларускіх і расійскіх праграмістаў, ёсць магчымасць падумаць аб стварэнні ў прыгранічных рэгіёнах Беларусі і Расіі ІТ-кластараў», — сказала Валянціна Мацвіенка.

Яна падкрэсліла, што Беларусь і Расія павінны засяродзіцца на пошуку новых эфектыўных кропак росту. Сярод іх — інавацыйныя тэхналогіі і лічбавая эканоміка, якія сталі асноўнымі тэмамі гэтага форуму. «Адным з вынікаў форуму павінны стаць прапановы па стварэнні новых навукаёмістых вытворчасцей», — лічыць Валянціна Мацвіенка.

На думку спікера верхняй палаты расійскага парламента, важным бачыцца правядзенне бакамі ўзгодненай інавацыйнай палітыкі. «Прыярытэтам павінна стаць гарманізацыя нашых заканадаўстваў як у цэлым, так і ў гэтай сферы», — заявіла яна.

Зіноўскі: інавацыйнае супрацоўніцтва — гэта будучае Беларусі і Расіі

Аб гэтым заявіў 30 чэрвеня на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі.

«Навукова-тэхнічнае і інавацыйнае супрацоўніцтва — гэта наша будучае. Створаны сумесна інавацыйны прадукт праб’е любыя бар’еры, і ў ім інтарэс нашых дзвюх дзяржаў», — сказаў міністр. Паводле яго слоў, у саюзных праграмах неабходна ўдзяліць увагу падтрымцы інавацыйнай інфраструктуры.

Уладзімір Зіноўскі нагадаў, што ў ЕАЭС краіны падтрымалі стварэнне 12 інавацыйных тэхналагічных платформ у сферы біятэхналогій, святлодыёдаў, медыцыны і іншых перспектыўных напрамкаў. «Гэта рэальныя пляцоўкі для камерцыялізацыі вынікаў навуковых работ і даследаванняў», — падкрэсліў ён. Таксама ажыццяўляецца падрыхтоўка трох пілотных праектаў у галіне космасу, фармацэўтыкі і аграпрама. Міністр назваў супрацоўніцтва краін у галіне касмічных тэхналогій адным з найбольш перспектыўных напрамкаў.

У сваім дакладзе ён звярнуў таксама ўвагу на тое, што ў бягучым годзе павінна пачаць працаваць створаная сумесна кампанія «СаюзСтанкаІнжынірынг».

Для падтрымкі экспарцёраў прамтавараў рацыянальна падключыць рэсурсы саюзнага бюджэту — Зіноўскі

Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Кіраўнік Мінэканомікі адзначыў важнасць падтрымкі экспарту сумесна вырабленых прамтавараў на рынку трэціх краін. «Па ўзгадненні ўрадаў беларускія і расійскія фінансавыя інстытуты гатовы аб’ядноўваць свае намаганні і дапамагаць экспарцёрам. Бачыцца рацыянальным падключыць сюды і рэсурсы саюзнага бюджэту», — заявіў ён, удакладніўшы пры гэтым, што гэтыя меры ў большай ступені датычацца традыцыйнай прамысловасці.

Уладзімір Зіноўскі таксама адзначыў, што ў цэлым прагнозныя параметры развіцця Беларусі і Расіі істотна зблізіліся. «Галоўны вынік у тым, што эканомікі нашых краін выйшлі з рэцэсіі. Расце ўзаемны экспарт, інфляцыя знаходзіцца на гістарычных мінімумах, — канстатаваў міністр. — Але сёння кіраўнікі дзяржаў ставяць перад краінамі больш амбіцыйныя задачы — вывесці да 2020 года прырост ВУП на сярэднесусветны ўзровень — 3,5-4 працэнты ў год». Гэта дасць магчымасць, напрыклад, эканоміцы Беларусі вырасці да 2020 года на 12-15 працэнтаў. Падобныя задачы і ў Расійскай Федэрацыі.

Для гэтага неабходны як мінімум дзве ўмовы, падкрэсліў Уладзімір Зіноўскі. Першая — стабільныя макрапараметры, галоўныя з якіх — валютны курс і індэкс росту цэн на ўзроўні не больш як 4-5 працэнтаў у год. Другая — фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі як аднаго з ключавых момантаў дагавора ЕАЭС. «Ёсць дамоўленасці па механізмах сумеснага допуску прадукцыі беларускіх і расійскіх вытворцаў да дзяржпраграм, распрацаваны парадак разліку і пацвярджэння выкарыстання пры вытворчасці прамтавараў сыравіны і матэрыялаў, — сказаў міністр. — Неабходна забяспечыць яго больш хуткае зацвярджэнне, пачнём апрабоўваць такі парадак на ўзроўні Саюзнай дзяржавы з найбольш значных галін — аўтамабіляў і сельгасмашынабудавання. Калі пакажам партнёрам па ЕАЭС, як ён рэальна працуе, будзе менш пытанняў па яго прыняцці ў пяцёрцы».

Беларусь і Расія на IV Форуме рэгіёнаў заключылі кантракты на $450 млн

Аб гэтым паведаміў 30 чэрвеня ў Маскве старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

Работа па падпісанні пагадненняў і кантрактаў прадаўжаецца. Усяго па выніках форуму плануецца падпісанне каля 77 пагадненняў рознага ўзроўню — ад раённага да рэспубліканскага і федэральнага. «Кантракты маюць глабальны характар», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. У якасці прыкладу ён прывёў падпісаныя дакументы аб супрацоўніцтве ў галіне шматтанажнай і тонкай хіміі, касмічных тэхналогій.

Як дадала старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка, сёння трэба гаварыць не столькі пра колькасць, колькі пра якасць сумесных праектаў. «Мы выходзім на якасна новы ўзровень партнёрства, і выстаўка пацвярджэнне таго. Шмат высокатэхналагічных праектаў. Тэма, вынесеная на форум, своечасовая, — сказала яна. — Нам трэба рухацца наперад, у нас мноства ідэй, новых праектаў. Упэўнена, што эфект будзе вельмі вялікі».

Беларусь і Расія падпісалі пакет міжурадавых пагадненняў аб рэгіянальным супрацоўніцтве

Пакет міжурадавых пагадненняў аб рэгіянальным супрацоўніцтве Беларусі і Расіі падпісаны на IV Форуме рэгіёнаў у Маскве.

Заключаны пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж урадам Беларусі і ўрадамі Чачэнскай Рэспублікі, Мардовіі, Пскоўскай і Разанскай абласцей. Падпісаны план мерапрыемстваў па актывізацыі супрацоўніцтва Беларусі і Краснаярскай вобласці на 2017-2018 гады, пагадненне паміж Брэсцкім аблвыканкамам і Смаленскай абласной думай Расіі, Брэсцкім раённым Саветам дэпутатаў і Прадстаўнічым сходам Курчатаўскага раёна Курскай вобласці.

Акрамя таго, заключаны дакументы аб супрацоўніцтве паміж Заканадаўчым сходам Арэнбургскай вобласці і Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў, Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў і Маскоўскай гарадской Думай.

На форуме падпісана таксама пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук і дзяржкарпарацыяй «Раскосмас».

Наступны Форум рэгіёнаў пройдзе ў Беларусі

Пяты па ліку Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе на беларускай тэрыторыі. Аб гэтым паведаміў у Маскве старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

Дакладнае месца правядзення будучага форуму пакуль не вызначана. Аднак, як адзначыў Міхаіл Мясніковіч, арганізатары ўлічылі меркаванне рэгіёнаў, што гэта значнае і аўтарытэтнае мерапрыемства павінны прымаць не толькі сталіцы дзвюх краін.

Старшыня Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Мацвіенка дадала, што ўжо «выстраілася чарга з суб’ектаў Федэрацыі на права прыняць у сябе наступныя Форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі».

Дакументы аб развіцці рэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі падпісаны на выстаўцы інавацый

Заключаны пагадненне аб партнёрстве паміж Брэсцкім аблвыканкамам і адміністрацыяй Пензенскай вобласці, пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Віцебскім аблвыканкамам і адміністрацыяй Саратаўскай вобласці, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Віцебскай вобласцю і Стаўрапольскім краем. Акрамя таго, падпісаны план мерапрыемстваў па актывізацыі супрацоўніцтва Беларусі і Бранскай вобласці на 2017-2018 гады і план мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва на 2017-2019 гады паміж Брэсцкай вобласцю і Бранскай вобласцю.

Як адзначыла ў інтэрв’ю журналістам старшыня Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Мацвіенка, паскарэнне беларуска-расійскай кааперацыі дасць магчымасць паспяхова вытрымліваць канкурэнцыю на сусветных рынках. Прыярытным з’яўляецца стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей. «Да выстаўкі вялікую цікавасць праяўляюць кіраўнікі рэгіёнаў Беларусі і Расіі, што сведчыць аб тым, што ўсе сёння разумеюць: трэба не проста нарошчваць аб’ёмы ўзаемнага гандлю, але і пераходзіць да стварэння сумесных прадпрыемстваў, рэалізоўваць новыя вялікія сумесныя праекты, кааперавацца ў галіне высокіх тэхналогій», — сказала яна.

У сваю чаргу старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч дадаў, што ў Беларусі і Расіі добрыя перспектывы супрацоўніцтва ў прамысловасці і сферы інавацый. «Мы канкурэнтаздольныя і можам упэўнена адчуваць сябе на сусветных рынках. Характэрна, что кампаніі нашых краін усё больш інвесціруюць у сумесныя вытворчасці. Гэтыя інвестыцыі вылічаюцца мільярдамі долараў у год. Гэта не проста гандлёвае супрацоўніцтва, гэта інавацыйныя тэхналогіі, якія знаходзяць прымяненне на нашым агульным беларуска-расійскім рынку», — заявіў ён.

Беларускія электробусы плануецца пастаўляць у Маскву

Аб гэтым паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін.

Цікавасць у расійскага боку да беларускага электратранспорту вельмі высокая, падкрэсліў кіраўнік дзяржкамітэта. «Мы паставілі ўжо такі транспарт для доследнай эксплуатацыі, ёсць яго характарыстыкі, цяпер прапрацоўваецца пытанне аб пастаўках у Маскву партыі электробусаў з перспектывай выхаду ў іншыя рэгіёны Расіі», — праінфармаваў Аляксандр Шумілін.

Галоўная перавага электратранспарту ў яго экалагічнасці. «Электробусы не забруджваюць навакольнае асяроддзе. Яны не прывязаны правадамі да маршруту, зараджаюцца на станцыі 5-7 хвілін, а паміж прыпынкамі курсіруюць на электрычным ходзе», — расказаў ён.

Аляксандр Шумілін таксама паведаміў, што да верасня будзе прадстаўлены першы ўзор беларускага электрамабіля. На выстаўцы інавацый у Маскве можна даведацца не толькі пра беларускі электратранспарт, але і новыя матэрыялы да яго — накапляльнік, суперкандэнсатар, уласную зарадную станцыю.

Усяго ў экспазіцыі прымаюць удзел 84 беларускія арганізацыі, якія прадставяць больш за 250 распрацовак.

Наведвальнікі выстаўкі могуць азнаёміцца з распрацоўкамі фіналістаў рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Сярод іх — пальчатка-трэнажор для рэабілітацыі пасля інсульту. Паколькі тэма Форуму рэгіёнаў у бягучым годзе «Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства», асаблівая ўвага ў экспазіцыі ўдзелена наватарскім распрацоўкам і высокатэхналагічнай прадукцыі, а таксама сумесным беларуска-расійскім праектам.

Заяц аб пастаўках прадуктаў харчавання ў РФ: хацелася б, каб нам не стваралі штучных бар’ераў

Беларусь зацікаўлена ў прасоўванні харчовай прадукцыі на рынках расійскіх рэгіёнаў. Аб гэтым заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

Кіраўнік Мінсельгасхарча Беларусі прымае ўдзел у секцыйным пасяджэнні  IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Удзельнікі секцыі абмяркоўваюць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін, магчымасці дыверсіфікацыі ўзаемнага гандлю, а таксама існуючыя бар’еры ў гандлі і спосабы іх устаранення.

Як адзначыў Леанід Заяц, у сваім дакладзе ён звяртае ўвагу на неабходнасць распрацоўкі адзіных прынцыпаў да вызначэння якасці прадуктаў харчавання. «Размова аб астаткавай колькасці ў прадуктах ветпрэпаратаў і антыбіётыкаў, — удакладніў ён. — Аднаму і другому бакам павінна быць зразумела, якімі прынцыпамі і крытэрыямі кіравацца, каб забяспечыць пастаўку прадукцыі на харчовыя рынкі саюзнага рынку».

Адказваючы на пытанне аб перагаворах па зняцці дзеючых абмежаванняў адносна беларускіх перапрацоўчых прадпрыемстваў, міністр нагадаў, што перагаворы на гэту тэму вядуцца з расійскім бокам пастаянна. «Мы хочам, каб прадукцыя з нашых прадпрыемстваў паступала на харчовыя рынкі Расіі без якіх-небудзь абмежаванняў, — падкрэсліў Леанід Заяц. — Наша прадукцыя адпавядае ўсім крытэрыям бяспекі для здароўя чалавека, не выклікае ніякага апасення. Спажыўцы з больш як 60 краін, з якімі мы гандлюем, не лічаць, што беларуская прадукцыя мае ў саставе нейкую астаткавую колькасць ветпрэпаратаў, антыбіётыкаў».

У Мытным кодэксе не прапісана якіх-небудзь абмежаванняў наконт гэтага, дадаў міністр. «Ёсць дапушчальныя нормы, якія выпрацоўваюцца спецыялістамі, санітарнымі ўрачамі і не з’яўляюцца небяспечнымі для здароўя. Мы адсочваем і забяспечваем бяспеку сваёй прадукцыі. У Беларусі функцыянуе шматступеньчатая сістэма кантролю якасці — ад сыравіны да гатовай прадукцыі», — нагадаў ён.

На Форуме рэгіёнаў, што праходзіць у Маскве, плануецца абмеркаваць магчымасць пашырэння беларускай прадукцыі ў Расійскай Федэрацыі. «Будзем дамаўляцца аб новых пастаўках. Нас цікавяць усе расійскія рэгіёны, у тым ліку далёкаўсходнія,  расказаў Леанід Заяц. — Нашу прадукцыю не ўсюды могуць купіць, не заўсёды яны трапляе на паліцы расійскіх магазінаў. Мы хочам папулярызаваць свой тавар».

Беларусь зацікаўлена ва ўзаемавыгадным і эфектыўным супрацоўніцтве з Расіяй у сферы паставак прадуктаў харчавання. «Хацелася б каб не было штучных бар’ераў, якія перашкаджалі б паступленню беларускіх прадуктаў на харчовыя рынкі Расійскай Федэрацыі», — рэзюмаваў міністр.

Мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне друку і інфармацыі падпісаны на Форуме рэгіёнаў

Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч і начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Кастрамской вобласці Ірына Жабко падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне друку і інфармацыі.

Дакумент, які падпісаны ў дні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Маскве, змяшчае палажэнне аб узаемавыгадным супрацоўніцтве ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, кнігавыдання, паліграфіі і распаўсюджвання друкаванай прадукцыі. Прадугледжваецца абмен дэлегацыямі экспертаў і спецыялістаў кніжнай сферы, СМІ і журналістаў, удзел у міжнародных выставачна-кірмашовых мерапрыемствах у сферы кнігавыдання.

IV Форум рэгіёнаў праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі і прысвечаны развіццю рэгіянальных кантактаў краін у сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства.

Як адзначылі ў Міністэрстве інфармацыі, гэта тэма вызначана не выпадкова, таксама з улікам таго, што сёння ачагі сацыяльных канфліктаў перамяшчаюцца з эканамічнай і палітычнай сфер у сферу інтэрнэт-тэхналогій. У гэтых умовах поспех сучаснай дзяржавы залежыць не ад матэрыяльна-тэхнічных магчымасцей, а ад здольнасці арганізаваць узаемадзеянне ўсіх структур сацыяльнай сістэмы, здольных пашыраць новыя ідэі, быць лідарам у праектаванні інавацый.

У сваім выступленні на форуме Лілія Ананіч выказала меркаванне, што грамадская думка ператвараецца ў рэальную палітычную сілу, якую немагчыма ігнараваць, і таму як ніколі раней трэба актыўна распрацоўваць сумесныя праекты, выступаць з новымі цікавымі ініцыятывамі, далучаць да іх рэалізацыі моладзь.

На здымку:  у час пленарнага пасяджэння — старшыня Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Мацвіенка, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*