Светлая, чыстая Белая Русь

улыбка1в

Дзень Незалежнасці – гэта свабода і роўнасць народа, чыстае неба над галавой, магчымасць жыць і развівацца ў суверэннай, дэмакратычнай краіне. Што значыць гэтая дата і што з’яўляецца галоўнымі сімваламі незалежнасці? Разважаюць жыхары нашага горада.

Ірына Созінава:
– Мой дзядуля Міхаіл Еўсцігнеевіч Новікаў прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, вызваляў Жабінку ад фашысцкіх акупантаў. Ён неаднойчы расказваў нам пра жорсткія баі, гібель сяброў, пакуты народа ў акупацыі. Ці ж магу я пасля гэтага не цаніць свабоду і мірнае жыццё?
Многа для беларускай незалежнасці было зроблена і ў 90-я гады, калі наша краіна толькі рабіла першыя крокі на вялікай палітычнай дарозе. І, як бачыце, Беларусь, як дзяржаву, прызналі, з ёю сталі лічыцца.

Людміла Мялешка:
– Незалежнасць для мяне праяўляецца ва ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, у росквіце краіны, наяўнасці сацыяльных гарантый для насельніцтва. Можна сказаць, што Беларусь поўнасцю адпавядае гэтым крытэрыям.
У нашай сям’і было чацвёра дзяцей, усе выраслі, атрымалі адукацыю, трое з іх маюць вышэйшую, чацвёра ўнукаў бясплатна вучыліся ў ВНУ, спадзяюся, што і чацвёра праўнукаў атрымаюць добрую адукацыю і знойдуць дастойнае месца ў жыцці.
Канечне, каб стаць свабоднай дзяржавай, яе народу давялося прайсці нялёгкі шлях. Да цяперашняга часу крываточаць раны Вялікай Айчыннай вайны. Так, гэта наша гісторыя, якую трэба шанаваць, захоўваць, не забываць.
Назіраючы за сітуацыяй ва Украіне, радуюся, што на беларускай зямлі ціха і спакойна. 3 ліпеня неба ўспыхвае святочным салютам, а не грукатам гармат.

Наталля Навачук:
– Гэтае свята аб’ядноўвае нас, падсумоўвае дасягненні, падштурхоўвае да новых вяршыняў росквіту.
Як прадстаўнік маладога пакалення вельмі цаню тое, што дае нам Радзіма і, у прыватнасці, ДУА “Маціевіцкая базавая школа”, дзе я працую. Калі адчуваеш падтрымку і клопат, хочацца стаць яшчэ лепшай і прыносіць як мага больш карысці людзям і краіне.

Галіна Лысуха:
– Наша краіна выбрала дастойны палітычны курс: захоўвае нейтралітэт, не ўмешваецца ва ўзброеныя канфлікты, больш таго, прапанавала сябе ў якасці міратворцы. Спадзяюся, так будзе і далей. А Дзень Незалежнасці для мяне прыраўноўваецца да свята Перамогі – асаблівай, ні з чым не параўнальнай даты, якая сімвалізуе гонар, годнасць і славу народа.

Сцяпан Аксюцік:
– Я радавы запасу. У 70-я гады праходзіў службу ва Узброеных Сілах СССР, якія месціліся ў Германіі. Пазнаў пах пораху і навучыўся страляць. Таму з упэўненасцю сцвярджаю: “Вайны нам не трэба”. Але калі б цяпер давялося абараняць сваю Радзіму ад ворага – падняўся б на яе абарону, каб захаваць незалежнасць і свабоду краіны. Незалежнасць – гэта не пустыя словы, а падмурак для кожнай дзяржавы. Калі чую пра тое, што адбываецца ва Украіне, адчуваю пастаянны душэўны боль. Хлопцы яшчэ ўчора служылі ў адной часці, працавалі ў суседніх кабінетах, а цяпер падзяліліся на два супрацьлеглыя лагеры. Пайшлі брат на брата. А ці можа быць нешта горшае?!

Ларыса Шчарбакова:
– Краіна Беларусь яшчэ юная, але яе гісторыя каранямі адыходзіць у глыбокую старажытнасць. Нам ёсць чым ганарыцца. Беларускі народ ніколі не выступаў у якасці агрэсара, не забіваў мірнае насельніцтва, не спрабаваў уладарыць ва ўсім свеце.
Цяпер кіраўніцтва краіны таксама выбірае міралюбівую знешнюю палітыку, пры гэтым не прыціскае інтарэсаў Беларусі і яе грамадзян. Гэты падыход абсалютна правільны. А Дзень Незалежнасці – яшчэ адна магчымасць узняць дзяржаўныя сцягі і голасна заявіць пра сябе. Мы павінны адчуваць усю сілу і магутнасць сваёй Радзімы.
Апытанне правяла Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ.

Фота Аляксея Ганчука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.