З жыхаром нашага райцэнтра Аляксандрам Быкавым і яго калекцыяй рэтрааўтамабіляў пазнаёмілася на свяце “Надвячоркам у Малых Сяхновічах”, якое ладзілася ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ў рамках Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”. Бачыла, з якім задавальненнем госці мерапрыемства фатаграфуюцца на фоне машын і з цікавасцю задаюць розныя пытанні іх уладальніку наконт ягонага захаплення. Не стала выключэннем і я. У размове Аляксандр пра многае мне расказаў.
Пачалося ўсё ў 2012-м з чырвонага “Масквіча-407” (1959 год выпуску). Яго Аляксандр убачыў у інтэрнэце і загарэўся набыць. Машына захапіла ягонае сэрца, хацелася хутчэй сесці за руль. Праз два дні чырвоная прыгажуня была ў Жабінцы. Менавіта яна дала пачатак калекцыі рэтрааўтамабіляў Быкава.
Неўзабаве да яе далучыўся сіні “Масквіч-403” (1963 год выпуску), які трапіў у Жабінку з Гродна. Яшчэ праз год у Мінскім раёне Аляксандр набыў белы “Масквіч”, яго дата нараджэння – 1964-ы. Адметна, што на ім ездзіў заслужаны энергетык Беларусі.
Нарэшце, тройку “Масквічоў” разбавіў 965-ы сіні “Запарожац” (1963 год выпуску). Яго Аляксандр таксама прыгнаў з Міншчыны. Апошнюю пятую машыну – “Масквіч-401” – набыў у Жодзіне. Да слова, усе аўтамабілі на хаду, на кожнай можна пакатацца.
З 2014-га Аляксандр Быкаў – сябар брэсцкага клуба аматараў рэтрааўтамабіляў “Адам”. Разам з клубаўцамі ўдзельнічае ў Міжнародных фестывалях рэтрааўтамабіляў: “Леаполіс”, што праходзіць у Львове, “Рэтра-Мінск” і “Брэст Джып Фэст”; у традыцыйных аматарскіх спаборніцтвах “Олдтаймер-ралі”, якія бяруць свой старт у Мінску і праходзяць па тэрыторыі Мінскай вобласці, а таксама ў аўтапрабегу “Берасцейскі тракт”. Што тычыцца апошняга, то яго ўдзельнікі кожны год едуць па новым маршруце і наведваюць розныя цікавыя і вядомыя мясціны Брэсцкай вобласці. Як расказаў Аляксандр, у 2014 годзе “Берасцейскі тракт”, у якім ён прымаў удзел упершыню, пачаў свой шлях ад музея “Бярэсце” і праходзіў праз Брэсцкі раён (вёскі Скокі і Воўчын, дзе наведалі сядзібу Нямцэвічаў і былую рэзідэнцыю Панятоўскіх), Камянецкі раён і завяршыўся ў Белавежскай пушчы.
Маршрут 2016 года, напрыклад, пралягаў праз Пружаны, Ружаны, Івацэвіцкі раён. Сёлетні аўтапрабег пройдзе праз Кобрын і Кобрынскі раён. У планах і Жабінка, наведванне музея меліярацыйнай тэхнікі пад адкрытым небам на базе Жабінкаўскай ПМК-19.
“Берасцейскі тракт” – аўтапрабег, які мае статус міжнароднага, бо акрамя беларускіх прадстаўнікоў у ім удзельнічаюць аматары з Расіі, Украіны і Польшчы.
Да слова, сябры брэсцкага клуба аматараў рэтрааўтамабіляў “Адам” актыўна займаюцца дабрачыннасцю. Яны частыя госці ў Дамачаўскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, Дзівінскім і Кобрынскім дзіцячых дамах, куды наведваюцца з падарункамі, цацкамі ды саладосцямі на розныя святы і не толькі.
Аляксандр прымае ўдзел у выставах рэтрааўтамабіляў, што ладзяцца ў Брэсце на Дзень горада. Летась яго запрашалі ў абласны цэнтр на святкаванне 80-годдзя ўтварэння ДАІ. Ён арганізатар рэтрафестываляў і ў родным горадзе, якія тройчы праходзілі ў нашым райцэнтры на Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Такі ж плануе правесці сёлета і ў дзень святкавання 200-годдзя Жабінкі. На яго будуць запрошаны аматары рэтрааўтамабіляў з Камянца, Кобрына і горада над Бугам. Рэтраэкспазіцыі дапаўняюць звычайна рэчы і прыстасаванні тых часоў: радыёла і пласцінкі да яе, сцяг СССР, значкі, вымпелы і іншае.
Да сёлетняга года ў фестывалях і аўтапрабегах Аляксандр удзельнічаў на чырвоным “Масквічы”, ёсць планы часова замяніць яго на сіні.
Захапленне Аляксандра Быкава разу-меюць і падтрымліваюць у сям’і – жонка Таццяна, а таксама дзеці. Побач з ім на фестывалях дзевяцігадовая дачушка Паліна, якая звычайна ў вобразе школьніцы савецкіх часоў, і сямігадовы сынок Іллюша. Ён апранаецца ў розныя касцюмы. У яго арсенале салдацкія гімнасцёрка і пілотка, вышываная кашуля, а таксама форма піянера, якой найчасцей хлопчык аддае перавагу. Пад час фестываляў Ілля віртуозна ездзіць на дзіцячых педальных машынках савецкага часу, якія ў калекцыі, і дае пакатацца іншым хлопчыкам і дзяўчынкам. Самай малодшай дачушцы Ганначцы ўсяго год і восем месяцаў. Калі ж падрасце, то, я ўпэўнена, і для яе тата прыдумае нейкі вобраз.
У будучым Аляксандр Быкаў хоча папоўніць сваю калекцыю новымі машынамі, а яшчэ ён марыць пра тое, каб у нашым райцэнтры з’явіўся музей рэтрааўтамабіляў. Герой допісу спадзяецца, што музейныя экспанаты дапамогуць наведвальнікам панастальгіраваць па тым часе, калі яны ў дзяцінстве на “Запарожцы” ці “Масквічы” падарожнічалі па дарогах СССР разам з бацькамі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%