Даездзіўся!..

фемида

На паездкі Уладзіміра Ш. п’яным на аўтамабілі “Опель Астра” супрацоўнікі міліцыі ўпершыню звярнулі ўвагу яшчэ восем гадоў таму.
Тады і ўзнікла першая судовая справа. Вадзіцель быў аштрафаваны, згодна з часткай 2 артыкула 317-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, на 150 базавых велічынь, што адпавядала 5,25 мільёна недамінаваных рублёў.
Аднак навука, як аказалася, не пайшла на карысць. Менш як праз тры гады Уладзімір зноў прыцягваўся да судовай адказнасці па тым жа артыкуле. Цяпер ён быў пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі тэрмінам на пяць гадоў і штрафам ужо ў памеры 300 базавых велічынь.
Яшчэ праз тры гады паводле часткі 2 артыкула 317-1 і артыкула 417 Крымінальнага кодэкса суд Жабінкаўскага раёна вынес пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на адзін год і восем месяцаў без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу. Уладзімір Ш. пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі на не адбыты раней назначаны тэрмін у 1 год 11 месяцаў і 13 дзён, а таксама дадаткова на пяць гадоў са штрафам у 150 базавых велічынь, што цяпер складала 27 мільёнаў недамінаваных рублёў.
Калі ў 2017 годзе прыйшлося ў зале суда зноў разбірацца з гэтым грамадзянінам (тыя ж артыкулы, падобнае злачынства), аказалася, што з пакаранняў, судом накладзеных у 2015-м, не адбыты 2 гады 10 месяцаў і 1 дзень, каб ён меў права сядаць за руль аўтамабіля.
…Як адбывалася тая апошняя паездка, расказваў пад час судовага пасяджэння сам вінаваты. Жыве ён у Стрыганцы, працуе на ферме. Знаёмая, ведаючы, што Валодзя не мае правоў, сказала, каб папрасіў жонку завезці яе ў Булькова. Уладзімір паабяцаў пагаварыць, але дома пасварыўся з жонкай. Каб “супакоіцца”, паехаў у магазін, купіў пляшку гарэлкі і са знаёмцам выпіў. Калі вярнуўся, жонкі дома не было. Тады рашыў, што сам адвязе аднавяскоўку ў Булькова.
Адпраўляючыся ў паездку, гора-вадзіцель набыў прадуктаў і яшчэ дзве пляшкі, каб выпіць. Спыніліся паблізу азярца, прыклаліся да бутэлькі і рушылі далей. Ды па дарозе наперадзе ехаў аўтамабіль ДАІ… Праваахоўнікі пасігналілі, каб кіроўца спыніўся. Уладзімір, аднак, не падпарадкаваўся сігналу, бо быў без правоў і п’яны. Метраў праз пяцьдзясят ён заехаў у чужы двор, пакінуў машыну, а сам кінуўся ўцякаць, але быў злоўлены работнікам ДАІ…
Уладзімірава злачынства падпадала адразу пад некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Таму ў адпаведнасці з часткамі 1 і 6 артыкула 73 КК па сукупнасці прыгавораў шляхам частковага далучэння неадбытай часткі пакарання канчаткова назначана Уладзіміру Ш. пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на адзін год і два месяцы з накіраваннем у выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу, з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі на тэрмін у пяць гадоў, і штрафам у памеры 100 базавых велічынь, або 2300 рублёў.
Апроч таго, на аснове часткі 6 артыкула 61 Крымінальнага кодэкса, суд прымяніў спецыяльную канфіскацыю – забраў у даход дзяржавы аўтамамабіль “Опель Астра”, рэгістрацыйны знак 1ЕТ5883. Словам, даездзіўся!..
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.