День православной книги

День православной книги

14-га сакавіка было сонечна і цёпла. У раённую дзіцячую бібліятэку паціху збіраліся не толькі дзеці, а і дарослыя. Іх чакалі бібліятэкары і настаяцель Свята-Пакроўскага храма Сергій Петрусевіч на Дзень праваслаўнай кнігі. Да мерапрыемства была прымеркавана тэматычная кніжная выстава, з якою гасцей пазнаёміла бібліятэкар Наталля Бельская. Яна ж распавяла і пра фонд праваслаўнай літаратуры “Каб душу акрыляў духоўнасці свет”. Сёння гэты фонд налічвае каля 700 асобнікаў кніг, адрасаваных дзецям і бацькам. Тут — цудоўна ілюстраваныя дзіцячыя выданні, тлумачэнні Святога Пісання, жыціі святых, малітвасловы, Біблія, мастацкая літаратура.
Далей Наталля Мікалаеўна засяродзіла ўвагу чытачоў на творчасці пісьменніка Барыса Ганага, які з’яўляецца аўтарам і складальнікам 16 кніг, адрасаваных дзецям і падлеткам. Прываблівае прастата аўтарскага апавядання, тэматычная блізкасць да сучаснасці і, галоўнае, дабрыня зместу. Імя аўтара вядомае не толькі ў нашай краіне, але і ў Расіі, і ва Украіне. Агульны наклад кніг Б.Ганага і яго вучняў, сяброў створанага ім літаратурнага аб’яднання “Духоўнае слова” складае больш за мільён асобнікаў. Пісьменнік з’яўляецца лаўрэатам прэміі Беларусі “За духоўнае адраджэнне” (2006 г.).
Потым бібліятэкар дала слова айцу Сергію. Ён гаварыў пра тое, што чытанне кніг — гэта самае галоўнае ў нашым жыцці, без яго чалавек вырастае непісьменным і некультурным, падкрэсліў асаблівае значэнне духоўнай літаратуры. Калі раней кнігі былі вялікім дэфіцытам, дык цяпер мы можам толькі парадавацца кніжнаму багаццю. Малым і падлеткам бацюшка параіў менш глядзець тэлевізар, гуляць у камп’ютарныя гульні, а больш чытаць, авалодваць ведамі праз друкаванае слова.
Самым прыемным стала ў гэты дзень узнагароджванне актыўных чытачоў праваслаўнай літаратуры дзіцячай бібліятэкі. Наймалодшым — дашкольніку Грышу Капаеву, другакласніцы Ганне Шорах, трэцякласніцам Ганне Андрасюк і Каці Пацяйчук — настаяцель храма ўручыў кніжку “Малітваслоў”. Сёстры-васьмікласніцы Ганна і Насця Сідорка, сямікласніца Вольга Грыцук і дзевяцікласніца Дзіяна Дубіна атрымалі “Біблію. Новы запавет”, а бацькі Т.А.Маслоўская, Л.М.Масальская, В.М.Каржук, А.М.Дубіна — кнігу А.Осіпава “Стать святым, или богатыри не мы?” Кнігі, зразумела, былі падабраны з улікам узросту чытачоў.
Думаецца, што Дзень праваслаўнай кнігі знойдзе пастаянную прапіску не толькі ў дзіцячай бібліятэцы, але і ў многіх бібліятэках раёна.
Г.ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара ЦБС па рабоце з дзецьмі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top