«Огонь души человеческой…»

«Огонь души человеческой…»

Музыка павінна высякаць агонь з душы чалавечай — адно з мудрых выказванняў вялікага нямецкага кампазітара, дырыжора і піяніста Людвіга ван Бетховена. Яно не страчвае сваёй важкасці і ў наш час. Класіка застаецца, жыве і хвалюе, нягледзячы на “мадэрнізацыю” музычнага свету.
Опера, балет, музыка да драматычных спектакляў — жанры, якія не кожны з нас разумее, але ўспрымае душою. А “Месяцовую санату” Бетховена спасцігаюць і любяць, не памылюся, многія. Напісана яна ў 1800-1801 гадах і прысвечана чароўнай Джульеце Гвічардзі, каханай кампазітара. Саната-фантазія выклікае ў слухача адчуванне буры, дзе пакуты і бунт пераплецены ў кругавароце гукаў, і нават фінал не прыносіць заспакаення.
Асобныя часткі гэтага і іншых твораў выконваліся ў мінулы аўторак на сцэне дзіцячай школы мастацтваў з нагоды 250-й гадавіны кампазітара. Педагогі і вучні струннага народнага аддзялення для ўсіх, хто прыйшоў у залу, правялі лекцыю-канцэрт, пад час якой гучалі самыя розныя інструменты. Трыо навучэнцаў у складзе Віталя Семенюка, Уладзіслава Партэя і Данілы Хцея сыгралі п’есу на акардэонах, у руках Юлі Дзяменцьевай “спявала” віяланчэль, Дзіма Лагота чараваў гітараю, Марына Старыкевіч захапляла цымбаламі. На прафесійным узроўні выступіў дуэт педагогаў-цымбалістак Вольгі Іванаўны Супрун і Аксаны Уладзіміраўны Лугаўцовай. Пад мелодыю Бетховена таксама быў выкананы танец дзяўчынак харэаграфічнага аддзялення пад кіраўніцтвам педагога Ірыны Анатольеўны Паўлавай і педагога-акампаніятара Галіны Мікалаеўны Якабук.
Паміж музычнымі нумарамі прысутныя даведаліся пра цікавыя і малавядомыя факты з жыцця кампазітара. Напрыклад, кожны раз, перш чым сесці за стол і пачаць пісаць музыку, ён апускаў галаву ў тазік з ледзяной вадою — да яснаты асвяжаў яе. Быў ён чалавекам высокага ўласнага гонару, нават ганарлівы, і разам з тым сябры лічылі яго даволі добрым, бо кампазітар ніколі не адмаўляў у матэрыяльнай падтрымцы. У 26 гадоў геній пачаў страчваць слых, а напрыканцы жыцця зусім аглох, але працягваў тварыць класічныя шэдэўры, пераўзысці якія не мог ніводзін з яго сучаснікаў, паводле прызнання іх саміх.
А.ГАНЧУК.
На здымках: музыку Бетховена выконвае юная цымбалістка Марына Старыкевіч; танец пад мелодыю вялікага кампазітара.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top