Фота аўтара.
Існуе меркаванне, што не мы выбіраем жыцця дарогі, а яны нас. На настаўніцкі шлях становяцца тыя, хто не ўяўляе сябе без дзяцей, іх дапытлівых вачэй і радасных усмешак. Яны жывуць справамі, марамі і спадзяваннямі выхаванцаў, вучаць іх і разам з імі вучацца самі. Пра свае першыя крокі ў прафесіі расказалі пад час абароны стажорскай практыкі маладыя педагогі Жабінкаўшчыны, якія год таму папоўнілі настаўніцкую сям’ю раёна.
Мерапрыемства адкрыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Тарасевіч. Яна падкрэсліла, што любы чалавек, які пачынае свой прафесійны шлях, адчувае некаторыя цяжкасці. Нельга па першым годзе рабіць нейкія пэўныя высновы і гаварыць, што гэтая дарога была выбрана няправільна, тым больш пасаваць перад выпрабаваннямі. Станаўленне маладых спецыялістаў адбываецца пры падтрымцы адміністрацыі школ і настаўнікаў, якія на працягу ўсяго навучальнага года даюць каштоўныя парады і рэкамендацыі, падтрымліваюць ва ўсім. У раёне таксама працуе і школа маладога педагога. За плячыма ў стажораў год плённай працы, на працягу якога яны знаёміліся з прафесійнымі сакрэтамі і правяралі ўласныя магчымасці. А як гэта адбывалася, прысутныя змаглі ўбачыць пад час творчых справаздач маладых настаўнікаў: біялогіі Ленінскай сярэдняй школы Юліі Руж’ёвай; хіміі Вольгі Валошчык і англійскай і нямецкай моў Настассі Масіевіч другой гарадской адзінаццацігодкі; рускай мовы і літаратуры Кацярыны Шумскай і нямецкай і англійскай моў Алены Пальчук першай гарадской школы; матэматыкі і інфарматыкі Ірыны Ляўчук і гісторыі Настассі Ляўковіч сярэдняй школы № 3; біялогіі і хіміі Маціевіцкай базавай школы Святланы Пойта; педагога-псіхолага Якаўчыцкай адзінаццацігодкі Аляксандра Лешчанкі і выхавальніка ясляў-сада № 3 Юліі Шалонік.
Побач з маладымі спецыялістамі на працягу навучальнага года былі іх настаўнікі, якія для пачынаючых калегаў і кансультанты, і эталоны, і навігатары ў педагагічнай дзейнасці. У іх адрас гучалі словы ўдзячнасці за дапамогу і падтрымку.
Вітала маладую настаўніцкую кагорту Жабінкаўшчыны старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Тамара Барысюк. Тамара Дзмітрыеўна ўзгадала той час, калі сама пачынала і была ў статусе маладога педагога, а таксама абарону сваёй стажорскай практыкі. Для пачынаючых калегаў яна дала слушныя парады: вучня патрэбна не толькі любіць, але і паважаць, бачыць у ім асобу, толькі тады атрымаецца поўны кантакт; пастаянна вучыцца, удасканальвацца прафесійна і ніколі не спыняцца на дасягнутым; набытым вопытам дзяліцца з іншымі настаўнікамі.
Вынікі сустрэчы падвяла Іна Тарасевіч. Іна Уладзіміраўна павіншавала маладых калег з паспяховай абаронай стажорскай практыкі, якая паказала, што настаўніцкі калектыў Жабінкаўшчыны папоўніўся летась творчымі, энергічнымі і ініцыятыўнымі педагогамі, гатовымі да ўдасканалення і самаразвіцця. Яна пажадала ім рухацца па лесвіцы поспеху толькі ўверх і быць прыкладам для сваіх вучняў.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%