Анатоль БЕНЗЯРУК.
выклікалі выступленні жабінкаўскіх самадзейных артыстаў – удзельнікаў ІV Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Бабруйск–2017”, што праходзіў 8-10 чэрвеня ў сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі.
ТВОРЧАЕ СПАБОРНІЦТВА ладзілася сярод арганізацый , што ўваходзяць у склад канцэрна “Бел-дзяржхарчпрам”. З усёй Беларусі, каб паказаць свае мастацкія набыткі, на відовішчную імпрэзу, якая праводзілася ў вялікім Палацы шыннікаў, з’ехаліся больш за шэсць соцень творчых і крэатыўных асобаў з 27 прадпрыемстваў краіны.
Жабінкаўскія цукравары, нацэленыя на перамогу, “запальвалі” па-сапраўднаму і надзвычай прывабна глядзеліся ў асяродку такіх жа спеўных, танцавальных і гумарыстычных калегаў. Гонар не толькі роднага прадпремства, але й усяго раёна, годна праслаўляў творчы калектыў клуба ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” у складзе выканаўцаў-вакалістаў і ансамбляў “Раздолле” (пад кіраўніцтвам Аляксандра Чарнушыча) і “Прысмакі”, які ўзначальвае Тамара Дзікая.
Чым жа радавалі жабінкаўцы слухачоў, значная колькасць якіх былі іхнімі канкурэнтамі на сцэнічных падмостках? Рэакцыя залы сведчыла – абывякавых гледачоў не было, настолькі вялікі каскад эмоцый выклікалі нумары, выкананыя артыстамі з Жабінкі.
Першую высокую ноту, задаючы настрой астатнім, узяло “Раздолле”. У сваёй кампазіцыі “Стайня” Аляксандр Чарнушыч з Іллёй Крыўцом, Эдуардам Войцікам, Мікалаем Новікам і Аляксеем Вой-нашам прадэманстравалі, наколькі моцным бывае музычны талент, памножаны на высокае выканаўчае майстэрства.
Яркі пачатак працягваў бездакорны спеў Галіны Міцковіч –
настолькі моцны, што нехта нават палічыў спявачку з Жабінкі не самадзейнай, прафесійнай выканаўцай!
Вельмі многіх кранула песня, падараваная слухачам сямейным дуэтам Андрэем і Аляксеем Войнашамі.
Зала была дастаткова разагрэтая, калі моцным танцавальным акордам стала выступленне “Прысмакаў”. Нават той, хто не быў музычным гурманам, адчуў асалоду ад танца “Вясковыя замалёўкі” ў выкананні выхаванцаў Тамары Дзікой – Уладзіміра Лук’янчыка, Андрэя Мандры і Сяргея Авяр’янава, іх партнёрак: Юліі Петрыенка, Рэгіны Дзяменцьевай і Аліны Вярэніч.
Прыхільна было сустрэта і вакальнае трыа ў складзе Андрэя Галашкі, Мікалая Новіка, Аляксея Войнаша, якім дапамагала ў падрыхтоўцы нумара Галіна Міцковіч.
І нарэшце, запамінальным фінальным акордам прагучала на роднай мове песня “Адзін у полі не воін”. Вялі праграму сапраўднага міні-канцэрта жабінкаўцаў мастацкі кіраўнік клуба Вольга Гардзейчык і намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Андрэй Яраш.
Як толькі сваім моцным спевам жабінкаўцы падвялі рысу пад запамінальным выступленнем, засталося чакаць судзейскага вердыкту. Вельмі прадстаўнічае журы, у складзе якога, між іншымі, былі заўважаны такія эстрадныя зоркі, як Ірына Дарафеева і Саша Нэма, пільна сачыла за кожным удзельнікам. Нарэшце, кіраўнік судзейскай калегіі, начальнік упраўлення прававой і кадравай работы канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Віктар Луцэін абвясціў вынікі.
Па ўзнагароды жабінкаўцы ўзняліся на сцэну на чале з генеральным дырэктарам ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктарам Міронавым. З рук галоўнага суддзі агляду-конкурсу Віктар Рыгоравіч асабіста атрымаў кубак і дыплом пераможцаў “за артыстызм і самае яркае выступленне”, якімі былі ўганараваны яго падначаленыя.
Аднак спяшацца за кулісы было яшчэ рана. Бо да мікрафона падышоў начальнік аддзела па рабоце з кадрамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Грос. Яму выпала прыемная місія – уручыць граматы міністэрства. Між іншымі ўзнагароды “за актыўны ўдзел у правядзенні культурных мерапрыемстваў і значны ўклад у папулярызацыю нацыянальнай культуры” атрымалі ўвесь калектыў мастацкай самадзейнасці ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і асабіста – кіраўнік гурта “Раздолле” Аляксандр Чарнушыч.
Жабінкаўскія самадзейныя артысты выказваюць шчырую падзяку адміністрацыі і прафсаюзу роднага прадпрыемства ў асобах Віктара Міронава і Ірыны Якубук, якія з году ў год нязменна падтрымліваюць і дапамагаюць развівацца талентам, на якія багата жабінкаўская зямля.
На здымку: творчая каманда ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” пасля прыемнага моманту ўганаравання.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%