У фае Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі пачала працаваць выстава-панарама “Часоў былых і новых повязь”, прысвечаная 500-м угодкам беларускага кнігадрукавання. Стварэнне экспазіцыі, якая будзе працаваць на працягу ўсяго юбілейнага 2017 года, – гэта сумесная справа Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Выстава-панарама “Часоў былых і новых повязь” знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй айчыннага кнігадрукавання ад Скарынінскіх часоў да нашых дзён. Той, хто завітае ў бібліятэку, зможа даведацца, дзе і калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўзнікла самая першая друкарня, у чым была адметнасць кніжнай справы ў Нясвіжы і Заблудаве, чаму славіць люд беларускі асветнікаў сваёй зямлі, якія шчыравалі ў так званым Доме Мамонічаў, дый многае іншае. Відаць, цікава будзе пачуць ад бібліятэкараў пра тое, скуль пайшла традыцыя святкаваць Дзень беларускага пісьменства, у якіх гарадах Беларусі ён ладзіўся, што азначае эмблема цудоўнага свята.
Аздабляе выставу-панараму трыпціх “Вобразы Залатога веку”, выкананы ўдзельнікамі аб’яднанняў “Аўтарская лялька” і “Кераміка”, што дзейнічаюць пры ДУА “Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”. Асобную ўдзячнасць за тое хочацца выказаць педагогам Наталлі Уласюк і Наталлі Сцепанюк. Трыпціх выраблены пад іх кіраўніцтвам Кацярынай Шахалевіч і Лізаветай Пашко, Настассяй Платонавай і Аляксандрай Васілюк, прынамсі, па-майстэрску выкананы лялькі знакамітых беларускіх гуманістаў і асветнікаў Францішка Скарыны, Сімяона Полацкага, Міколы Гусоўскага, што гарманічна ўпісваюцца ў канцэпцыю выставы.
Яе адкрыццё адбылося 16 чэрвеня для дзяцей, якія адпачывалі ў аздараўленчым летніку “Калейдаскоп”, што дзейнічаў пры раённым цэнтры творчасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з раздзеламі выставы-панарамы і прынялі ўдзел у віктарыне “Кніга – каштоўны дар”. Актыўныя ўдзельнікі атрымалі салодкія прызы з “Цуда-дрэва”.
Хочацца нагадаць, выстава-панарама будзе працаваць на працягу ўсяго юбілейнага года, што праходзіць пад прамянеючай зоркай вялікага Скарыны і Яе вялікасці Кнігі. Шчыра запрашаем усіх жадаючых наведаць раённую бібліятэку, каб бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй узнікнення беларускага кнігадруку.
Галіна ДУЛЕВІЧ кіраўнік ДУК “Жабінкаўская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.
На здымках: выхаванцы “Калейдаскопа” – першыя наведвальнікі выставы.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%